
Калі першая палова 2025-га задала тэмп, то другая ўжо гатовая яго перавысіць. У гэтым артыкуле мы раскажам пра вялікія кінапраекты і галоўныя серыяльныя навінкі году, а таксама — пра самыя чаканыя спартыўныя падзеі, канцэртныя туры і рэлізы відэагульняў.
Змест
Кіно: вяртанне гігантаў, яркія прэм’еры і мюзікл
Гэты год у кінематографе раскручваецца, як маятнік: ад супергеройскіх перазагрузак да артхаўсных даследаванняў чалавечай псіхікі.
Гэтым летам чакаецца выхад спартыўнай драмы пад назвай F1 ад Джозэфа Касінскі. У ім галоўныя ролі згулялі Брэд Піт і Дэмсан Ідрыс, а таксама яшчэ шэраг выбітных кінаакцёраў. Фільм часткова здымаўся падчас рэальных гран-пры «Формулы 1».
У ліпені чакаецца прэм’ера «Фантастычнай чацвёркі» (Fantastic Four) — гэта рэстарт адной з самых вядомых франшызы Marvel, якая ўжо не раз спрабавала вярнуцца на вялікі экран, але без поспеху. Цяпер стаўкі асабліва высокія, бо гэта першы вялікі фільм кінематаграфічнага сусвету Marvel пасля крызісных і фінансава няўдалых стужак. Marvel спадзяецца на гучны адказ пасля няўдач, а сам фільм «Фантастычная чацвёрка» называюць увогуле пілотным праектам новай эры супергеройскага кіно. Над стужкай працуе рэжысёр Мэт Шэкман, які вядомы працай над праектам «ВандаВіжн». У галоўных ролях згуляюць зоркі Пэдра Паскаль, Ванэса Кірбі, Джозэф Квін і Эбан Мос-Бакрак.
У верасні выйдзе амбіцыйны і дарагі праект Пола Андэрсана пад назвай «Бітва за бітвай» (One Battle After Another). Натхненнем для стужкі стаў постмадэрнісцкі раман Томаса Пінчона «Вайнленд». У фільме зняліся Леанарда Ды Капрыё, Шон Пэн, Бенісіа дэль Тора і іншыя галівудскія акцёры. Рэжысёр Пол Андэрсан лічыць фільм самым маштабным у кар’еры. У цэнтры сюжэта — былы рэвалюцыянер, які мусіць зноў вярнуцца да барацьбы.
Самай загадкавай прэм’ерай гэтай восені будзе «Бугонія» (Bugonia) ад Ёргаса Ланцімаса. Пасля поспеху «Небаракаў» (Poor Things) рэжысёр вяртаецца з рэінтэрпрэтацыяй культавага фільма «Госці з Галактыкі» (Visitors from the Galaxy). У галоўнай ролі зноў будзе Эма Стоўн, якая нядаўна атрымала «Оскар». Стужка ад Ланцімаса будзе адной з галоўных фестывальных сенсацый другой паловы года, а сам фільм апісваецца як «трывожны, смешны і надзвычай абсурдны».
У лістападзе выйдзе працяг мюзікла «Злая» (Wicked: For Good). Гэта другая частка адаптацыі культавага брадвейскага мюзікла, у якім галоўныя ролі выканалі Сінтыя Эрыва і Арыяна Грандэ. Першы фільм выйшаў у 2024 годзе, атрымаў поспех і некалькі намінацый на «Оскар».
Серыялы: што чакаецца ў другой палове года?
У другой палове 2025 года чакаецца выхад вельмі чаканых серыялаў.
Улетку на Netflix выйдзе фінал «Гульні ў кальмара» (Squid Game). Рэліз адбудзецца 27 чэрвеня, таму не прапусціце! Карэйская сацыяльная антыўтопія стала глабальным феноменам некалькі гадоў таму. Працяг пасля першага сезона чакалі больш за тры гады, а развязку гісторыі — яшчэ больш.
Таксама летам і таксама на Netflix выйдзе другі сезон серыяла «Уэнсдэй» (Wednesday) з Джэнай Артэгай у галоўнай ролі. Гэты сезон будзе менш «школьным» і яшчэ больш містычным. Да акцёрскага складу дакладна далучыцца акцёр Стывен Бушэмі і нават Лэдзі Гага.
Культурным серыяльным фіналам года стане выхад «Дзіўных рэчаў» (Stranger Things) на Netflix. Гэта будзе пяты і апошні сезон легендарнай сагі. Цікава, што ён будзе выходзіць у тры этапы: 26 лістапада, 25 і 31 снежня. Шоу пра падлеткаў з Хоўкінса па-ранейшаму трымаецца на сумесі настальгіі і містычнай напружанасці. Чакаецца, што ў серыяле з’явяцца новыя акцёры, але не хвалюйцеся: старыя героі таксама з’явяцца на экранах.
Музыка: вяртанне грандыёзных тураў
У другой палове 2025 года артысты вяртаюцца часам са скандаламі, часам — з асабістым болем. Яны прапануюць не проста новыя кампазіцыі, а штосьці, што можна назваць эмацыйным дыягназам свайго часу.
Білі Айліш у цяпершнім туры больш дарослая і адкрытая, чым калі-небудзь раней. Hit Me Hard and Soft стаў працягам аднайменнага альбома, які музыкальныя крытыкі назвалі самым цэласным і інтымным у кар’еры спявачкі.
Разалія, якая за апошнія гады трансфармавалася з іспанскай сенсацыі ў сусветную зорку поп-авангарду, рыхтуе новы альбом. Праект абвязкова дасць новае гучанне фламенка.
Сабрына Карпетнер з’яўляецца новым гульцом у поп-музыцы. Пасля вірусных хітоў Espresso і Please Please Please яна рыхтуе поўнафарматны сольны альбом, які выйдзе напрыканцы лета. Першы сінгл з альбома пад назвай Manchild ужо ўзначаліў BillBoard Hot 100.
Спорт: чаго чакаць ад галоўных турніраў?
Гэты год у спорце абяцае стаць сцэнай для шматлікіх спаборніцтваў. Адной з галоўных падзей года стане World Athletics Championship, які пройдзе ў верасні ў Токіа. Токіа ў 2021 прымаў Алімпіяду, але з-за каронавірусных абмежаванняў колькасць гледачоў была мінімальнай. Цяпер жа ўсё будзе інакш: трыбуны будуць поўныя, а атмасфера гарачая.
Велізарная падзея для ўсяго афрыканскага кантынента: у верасні ў Руандзе адбудзецца Чэмпіянат свету па шасэйным веласпорце. Гэта ўпершыню, калі такі турнір праводзіцца ў Афрыцы.
Яшчэ адна значная падзея гэтага года — жаночы Кубак свету па рэгбі, які ўпершыню пройдзе ў Англіі ў жніўні-верасні.
У снежні 2025-га ў Марока пройдзе Кубак афрыканскіх нацый. Фаварытамі лічацца Сенегал, Алжыр, Марока і Егіпет, але афрыканскі футбол заўсёды здзіўляе.
Відэагульні: вяртанне старых легенд і галоўны перанос дзесяцігоддзя
У свеце відэагульняў 2025-ы атрымаецца з канцэнтрацыяй гучных рэлізаў.
Працяг аўтарскага хіта Хідэа Кадзімы Death Stranding 2: On the Beach зноў прапануе гульцам спалучэнне філасофскага кіберпанку, візуальнай вытанчанасці і эксперыментаў. Да сваіх роляў вярнуліся Норман Рыдус і Лея Сэйду, таксама ў гульні будзе Эль Фанінг.
Адзін з галоўных праектаў сезона — Mafia: The Old Country. Гульня з’яўляецца прыквелам да знакамітай серыі гульняў пра італьянскую мафію. Гэтым разам распрацоўшчыкі перанеслі падзеі гульні ў Сіцылію 1920-х гадоў.
Самым гучным рэлізам 2025 года павінна была стаць GTA VI. Аднак напрыканцы мая распрацоўшчыкі заявілі, што пераносяць выхад гульні на май 2026 года. Афіцыйна кампанія Rockstar патлумачыла гэта жаданнем дапрацаваць усе элементы гульні. GTA VI абяцае вяртанне ў знаёмы для фанатаў серыі Вайс-Сіці, упершыню ў сюжэтнай галіне можна будзе пагуляць за жаночага персанажа. Лічыцца, што шостая частка сусветнавядомай серыі стане новым рубяжом у гульнявой індустрыі.
Асаблівую ўвагу заслугоўваюць яшчэ два праекты, якія выйдуць гэтай восенню. Гэта самурайскі экшн Ghost of Yōtei і Borderlands 4.
Аўтар Валерыя Крылова