Беларусы часта скардзяцца на тое, што ў іх доме прарвала каналізацыю і ўвесь падвал затоплены бруднай вадой і змесцівам унітазаў.
PALATNO расказвае, чаму прарывае каналізацыю і што рабіць у такіх выпадках.
Змест
Як у Беларусі затапляе падвалы
У 2014 годзе ў адным з шматпавярховых дамоў у пасёлку Лясны пад Мінскам прарвала каналізацыю, а падвал затапіла брудам. Жыхары чакалі на дапамогу два месяцы. У пад’ездзе стаяў смурод, які пранікаў і ў кватэры. У ЖЭС паведамілі, што машына для выпампоўвання ў іх ёсць, але яна ўвесь час занятая на іншых аб’ектах. Там жа сказалі, што трэба чакаць, пакуль усё высахне, а потым супрацоўнікі правядуць дэзінфекцыю.
Пасля шматлікіх скаргаў жыхароў падвал пачысцілі, аднак да канца праблему не вырашылі: там застаўся 20-сантыметровы слой бруднай вады. Кіраўнік камунальнай службы тлумачыў гэта тым, што тэхнічныя магчымасці той помпы, якую яны маюць, не дазваляюць выпампаваць такі аб’ём.
У 2018 годзе ў адным з дамоў на вуліцы Белыя росы ў Гродне работнікі ЖЭС чысцілі каналізацыю, а калі скончылі, забыліся паставіць заглушку, і ўсе сцёкі са стаяка траплялі ў падвал. Прычыну праблемы ліквідавалі, але ў падвале застаўся «духмяны» басейн. Тры тыдні жыхары дома заходзілі туды толькі ў гумовых ботах з надзетымі на іх поліэтыленавымі пакетамі. Людзі былі ўпэўненыя, што цярпець наступствы патопу ім давядзецца дзень ці два, і чакалі прыезду аварыйнай машыны. Але ЖЭС паведаміў: машыны не будзе, яны самі ўсё павычэрпваюць вёдрамі і рыдлёўкамі.
А ў 2021 годзе каналізацыйнымі сцёкамі затапіла падвал дома на вуліцы Арлоўскага ў Ганцавічах. «Дзівосны» пах даставаў нават прахожых. Пласт смярдзючай вадкасці пакрыў усю падлогу, і бульба, дошкі, кардонныя скрынкі і іншыя рэчы, якія знаходзіліся там, намоклі. Жыхары дома паведамілі пра патоп у ЖКГ. Работнікі камунальнай службы некалькі разоў выязджалі на месца здарэння і раілі прасвідраваць у бетоннай падлозе дзіркі, каб спусціць ваду, або вынесці яе ўручную. Людзі прасілі камунальнікаў выпампаваць каналізацыйныя сцёкі, але так і не дачакаліся дапамогі. За пару дзён кватэры на ніжніх паверхах напоўніліся смуродам. Жыхары дома не вытрымалі і самі ўзяліся за ўборку. За два дні яны вёдрамі вычарпалі ўсю вадкасць.
У 2022 годзе ў шматкватэрным двухпавярховіку ў вёсцы Цішоўка пад Магілёвам у падвале прарвала каналізацыйную трубу. Камунальная служба паабяцала ліквідаваць аварыю цягам двух дзён. Але ніхто так і не прыехаў, і падвал залівала экскрэментамі далей.
Па словах жыхароў дома, праблемы з каналізацыяй у іх здараюцца даволі часта. Праз пастаянную вільгаць у будынку прагнілі перакрыцці. Жыхары першага паверха рызыкуюць праваліцца ў падвал.
У горадзе Чэрвень Мінскай вобласці ў 2023 годзе таксама затапіла падвал жылога дома. Пах фекалій хутка распаўсюдзіўся па наваколлі. Людзі сталі тэлефанаваць у службу 115. Тыя перадалі заяўку ў Чэрвеньскую ЖКГ. Камунальнікі прыйшлі да высновы, што каналізацыйная сістэма была закаркаваная смеццем. Чэрвеньскі ўчастак Жодзінскага водаканала выдзеліў спецыяльную машыну «Крот» для гідраўлічнага прамывання складаных засораў. Паводле інфармацыі дырэктара ЖКГ, камунальнікі таксама выпампавалі з падвала ўсю ваду, пакрылі падлогу новым пяском і правялі дэзінфекцыю.
Гэта далёка не ўсе гісторыі, якія мы знайшлі ў беларускіх медыя. Такія сітуацыі штогод здараюцца дзясяткамі і нават сотнямі.
«Калі моцна прарывае, смярдзіць у пад’ездзе і падвале»
PALATNO запыталася ў беларусаў з розных рэгіёнаў краіны, ці сутыкаліся яны з прарывам каналізацыі і як вырашалі гэтую праблему.
Святлана (імя зменена — PALATNO) жыве ў адным з беларускіх гарадоў у доме, якому ўжо 50 гадоў, і падвал у ім затапляе часта: раз ці два на месяц, а бывае, што і раз на тыдзень.
Па яе словах, колісь трубы ўсталёўвалі больш вузкія. Яны не прызначаны для таго, каб у іх трапляла туалетная папера. А ў новых дамах трубы ўжо больш шырокія. Святлана кажа, што звычайна жыхары дома паперу ва ўнітаз не кідаюць. Праблема ўзнікае, як толькі засяляюцца кватаранты — як правіла, моладзь.
— Мабыць, яны не ведаюць і кідаюць паперу ва ўнітаз. Таму труба забіваецца, і яе прарывае. І тады ў падвале экскрэментаў па костачку. Іх накрываюць усялякімі кардонкамі і дошкамі. Потым мы выклікаем сантэхніка з ЖЭС, ён прыходзіць, чысціць трубы — на нейкі час хапае. Калі моцна прарывае, смярдзіць у пад’ездзе і падвале. Затапляе, як правіла, падвальныя калідоры. Туды, дзе ляжаць рэчы жыхароў дома, вада амаль не даходзіць. А грошы на капітальны рамонт з нас бяруць кожны месяц.
Святлана дадае, што такое здараецца не толькі ў яе пад’ездзе. Чаму не мяняюць трубы, яна не ведае. Святланіна знаёмая, якая жыве на іншай вуліцы, хадзіла па нейкіх інстанцыях і дамаглася, каб трубы памянялі.
Беларуска Марыя (імя зменена — PALATNO) з Віцебшчыны кажа, што падвал у яе доме таксама перыядычна затапляе. Яшчэ Марыя расказала гісторыю з дзяцінства, калі ў яе двары мянялі трубы:
— Там нешта відавочна пайшло не так, таму што, калі каналізацыю прарвала, увесь раён быў у лайне — літаральна канавы лайна, каля якіх пастаянна тусаваліся дзеці. Не разумею, чаму бацькі не забаранялі нам гэтага — там проста патануць можна было. І дзеці дадумаліся рабіць плыты, каб па гэтых канавах катацца. Дакладна не памятаю, але хтосьці, здаецца, падаў у гэтае лайно па самыя вушы. Суровае такое дзяцінства было. Думаю, тады шмат у каго з беларускіх дзяцей такое адбывалася.
У Андрэя (імя зменена — PALATNO) таксама прарывала каналізацыю ў падвале дома. Але было таварыства ўласнікаў, таму ўсе праблемы вырашаў яго старшыня.
— Тут усё проста: вельмі старая каналізацыйная сістэма. Грошы, каб змяніць яе цалкам, не выдзяляюцца, а палова з таго, што выдзяляецца, ідзе ў кішэні. І выходзіць, што яны толькі рамантуюць. Гэтым трубам ужо больш за 50-70 гадоў. Дзе новыя раёны, там ок.
Сяргей (імя зменена — PALATNO) кажа, што, калі ён жыў у Беларусі, то раз на паўгода ці год у яго доме «плаваў падвал». Але яго сям’я свайго падвальнага памяшкання не мела, таму «з гэтым змагаліся іншыя людзі».
— На маю думку, самая распаўсюджаная прычына, чаму так адбываецца, — гэта змыванне ва ўнітаз памперсаў і пракладак.
Чаму прарывае каналізацыю
Больш за 90% выпадкаў засмечвання труб адбываецца ў выніку няправільнай эксплуатацыі каналізацыі самімі жыхарамі. Людзі змываюць ва ўнітаз памперсы і сурвэткі, прадметы асабістай гігіены, харчовыя адходы, газеты, анучы і г. д. Агульны стаяк манціруецца з каналізацыйных труб дыяметрам 100-110 міліметраў. Гэта аптымальны памер для дамоў да пяці паверхаў. Такая труба (з улікам таго, што яна не ўсюды ідзе вертыкальна, а мае гарызантальныя ўчасткі, ухілы, загіны) зусім не разлічана на тое, што ў яе трапіць нешта старонняе.
Акрамя таго, прычынай засмечвання (але гэта не болей за 10% ад усіх выпадкаў) могуць быць і тэхнічныя няспраўнасці інжынерных сістэм.
Якія яшчэ могуць быць прычыны засору?
- У працэсе будаўніцтва былі ўжыты каналізацыйныя трубы няправільнага дыяметра. Гэта значыць, што сістэму зманціравалі з труб меншага дыяметра, чым гэта было прадугледжана па праекце;
- звычайны знос труб у выніку працяглай эксплуатацыі;
- гарызантальныя ўчасткі каналізацыйнай магістралі былі пракладзены з парушэннем тэхналогіі;
- падчас ўстаноўкі ўнітаза растворам звузілі сцёк, у выніку чаго праход сцёкавых вод абцяжарыўся. А гэта, у сваю чаргу, спрыяе сістэматычнаму засмечванню каналізацыі.
Што нельга кідаць ва ўнітаз
Вось што не павінна апынуцца ў вашым унітазе:
- Папяровыя ручнікі. Яны больш шчыльныя за туалетную паперу і горш раствараюцца ў вадзе. Рызыка засораў павялічваецца, калі змываць шмат лісткоў за раз.
- Лейкапластыр. Ён не раствараецца ў вадзе і можа выклікаць засор.
- Валасы з грабянца. Зблытаныя валасы могуць далучыцца да іншых прадметаў, і тады засору не абмінуць.
- Напаўняльнік для кацінага туалета. Ніякі від напаўняльніка кідаць ва ўнітаз нельга. Яго часціцы могуць зліпнуцца ў камяк, які затрымаецца ў трубе.
- Сродкі асабістай гігіены. Такія прадметы, калі трапляюць у вадкасць, набухаюць, павялічваюцца ў памерах і могуць перашкаджаць патоку вады.
- Падгузнікі.
- Ватныя дыскі. Яны не раствараюцца ў вадзе.
- Ватныя палачкі.
- Ежа. Некаторыя прадукты харчавання пакідаюць пасля сябе разводы і бруд ва ўнітазе і могуць выклікаць засор.
- Дробнае смецце. Калі вы не маеце жадання выклікаць сантэхніка, то невялікія паперкі, этыкеткі, пыл і каменьчыкі павінны адпраўляцца ў вядро для смецця, а не ва ўнітаз.
- Цыгарэты.
Нельга змываць у каналізацыю дзіцячыя цацкі, анучы, прадметы адзення, будаўнічае смецце, дробных жывёл, рэптылій, рыб, тэлефоны і іншыя прылады, шалупінне ад бульбы, тлушч з патэльні, заварку, пясок, гіпс, металічную стружку, валакно, грунт, кіслоты, шчолачы, нерастваральныя тлушчы, мазут, растваральнікі, бензін, газу і г. д.
Што рабіць, калі ў падвале фекаліі?
Па законе, прыбіраць наступствы патопу мусяць супрацоўнікі ЖЭС. Гэта прадугледжана санітарнымі нормамі, правіламі і гігіенічнымі нарматывамі («Гігіенічныя патрабаванні да парадку, абсталявання і ўтрымання жылых дамоў»).
Згодна з дакументам, у падвальных памяшканнях не дапускаецца наяўнасць вады, смецця, бруду. Калі ж адбылася аварыя на каналізацыйных сетках, то яе павінны ліквідаваць цягам сутак: прыбраць ваду з падвала, правесці дэзінфекцыю і праветрыць.
Калі работнікі ЖЭС адмаўляюцца прыбіраць наступствы аварыі ў падвальным памяшканні, жыхары маюць права звярнуцца з пісьмовым зваротам у занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Загалоўнае фота: gkhsp.kz