Вялікабрытанія ў пачатку мінулага стагоддзя выглядала багатай і ўпэўненай дзяржавай. У Лондане ўжо было электрычнае святло, будавалася метро, з’яўляліся модныя кварталы з рэстаранамі і тэатрамі. За заможным фасадам англійскай сталіцы расквіталі беднасць і крымінал, а ўлады ўсё часцей шукалі вінаватых сярод замежнікаў.
PALATNO расказвае пра чатыры справы ўраджэнцаў беларускіх зямель, якія разглядалі брытанскія суды сто гадоў таму.
Змест
- Як жылося ў эдвардыянскай Англіі
- Як арганізаваць бардэль у Буэнас-Айрэсе. Гісторыя мінскага і варшаўскага яўрэяў
- Афера з сібірскім золатам. Гісторыя махляра, які вучыўся аферам у Мінску
- Як пазбавіцца ад праблемнага будынка. Гісторыя пра сына мінскага рабіна, якога абвінавацілі ў падпале сінагогі
- Навагодняе забойства лендлорда. Гісторыя забойцы, якія прыдумаў сабе радзіму на Віцебшчыне
Як жылося ў эдвардыянскай Англіі
У 1901 годзе памерла каралева Вікторыя, з ёй жа і скончылася віктарыянская эпоха. У пачатку мінулага стагоддзя Вялікабрытанія ўсё яшчэ на піку ўплыву, але ўнутры дзяржавы расце сацыяльная напруга, наперадзе чакаюцца палітычныя крызісы. На чале магутнай імперыі — Эдуард VII.
Пры Эдуардзе VII у Вялікабрытаніі ўпершыню ўвядуць пенсіі для вялікай колькасці бедных пажылых людзей. Адбудзецца яшчэ адна эпахальная з’ява: будзе прыняты закон, дзякуючы якому створаць сетку бірж працы. Раней існавалі муніцыпальныя бюро ў асобных гарадах, былі і прыватныя агенцтвы па найме (часцей за ўсё, махлярскія), але той закон быў першай спробай уключыць дзяржаву як пасярэдніка паміж працадаўцам і рабочым. Нягледзячы на сур’ёзныя спробы англійскіх чыноўнікаў стварыць сацыяльную дзяржаву, Вялікабрытанія моцна пакутвала ад разрыву паміж багатымі і беднымі.
Пачатак мінулага стагоддзя гэта яшчэ наплыў мігрантаў з Усходняй Еўропы. Частка, вядома, накіроўвалася далей у Злучаныя Штаты Амерыкі, але частка заставалася жыць у Англіі. Тады ж пачынаюцца спробы з боку дзяржавы абмежаваць уезд непажаданых замежнікаў. У 1905 годзе ўвядуць Aliens Act, які сістэмна абмежаваў уезд замежнікаў у Вялікабрытанію: у краіну маглі не пусціць без грошай, псіхічнахворых, людзей з крымінальным мінулым і тых, хто мог стаць цяжарам для дзяржавы.
Прэса стала машынай, якая стварае героеў і монстраў. Судовыя працэсы ў Вялікабрытаніі ўжо на той момант сталі публічным тэатрам. Пасля гучных злачынстваў улада ўсё мацней імкнецца падтрымаць парадак.
Як арганізаваць бардэль у Буэнас-Айрэсе. Гісторыя мінскага і варшаўскага яўрэяў
Праз два гады пасля прыняцця Aliens Act у судзе Олд-Бэйлі, які займаўся крымінальнымі справамі ў Англіі і Уэльсе, адбыўся суд над цесляром Луісам Голдам і краўцом Гары Коэнам. 24-гадовы Гары Коэн паходзіў з Варшавы, а 27-гадовы Луіс Голд нарадзіўся ў Мінску. У судовых дакументах Голда і Коэна апісалі як «russian jews», хоць адзін нарадзіўся ў Мінску, а другі — у польскай сталіцы. Мужчын абвінавачвалі ў выкраданні, разбоі, арганізацыі бардэлю, згвалтаванні.
Голда і Коэна арыштавалі ў Ліверпулі пасля скаргі адной з жанчын, якую яны падманам змусілі прыехаць у гэты англійскі горад, каб яе пераправіць да мужа ў Нью-Ёрк. На самой справе, яе, як і іншых дзяўчат, хацелі адправіць на працу ў бардэль у Буэнас-Айрэсе.
Высветлілася, што Голд і Коэн раней выкралі непаўнагадовую дзяўчыну Джэйн Голдблум, каб у далейшым мець з ёй інтымныя зносіны і эксплуатаваць яе ў якасці прастытуткі. Пасля выкрадання дзяўчыны мужчыны планавалі арганізаваць для яе выезд у бардэль па-за межамі Брытанскай імперыі, у Буэнас-Айрэс. Падобная гісторыя адбылася яшчэ з адной жанчынай, Сарай Левін.
Сярод даказаных злачынстваў, што здзейснілі Голд і Коэн, быў разбойны напад. Яны абрабавалі мужчыну: скралі ў яго адзенне і 11 фунтаў. Гэта былі прыстойныя грошы на той час, прыкладна тры месячныя заробкі.
Па ўсіх абвінавачваннях мужчын прызналі вінаватымі. Голду прысудзілі 15 месяцаў катаржнай працы, Коэну — 12 месяцаў катаржнай працы. Пасля адбыцця пакарання суд пастанавіў дэпартаваць абодвух з Вялікабрытаніі.
Афера з сібірскім золатам. Гісторыя махляра, які вучыўся аферам у Мінску
У 1903 годзе брытанскія паліцэйскія правялі аперацыю, дзякуючы якой змаглі злавіць двух махляроў. Іх звалі Давід Вэйнстоўн і Розэн Соўлман.
Схема Вэйнстоўна і Соўлмана працавала як класічнае ашуканства. Яны разам прыдумалі гісторыю пра расійскага афіцэра, які працаваў у сібірскіх шахтах і краў золата, а затым адпраўляў яго ў Вялікабрытанію. У доказ сваёй гісторыі махляры дэманстравалі ахвяры самародак. Ахвяра верыла ў гэта, ёй прадавалі нібыта драбністыя часцінкі золата, якія былі латунным пілаваннем.
Пра ашуканскую схему Вэйнстоўна і Соўлмана даведаўся паліцэйскі інфарматар. Далей паліцыя распрацавала аперацыю і падаслала да мужчын пакупніка, які быў сяржантам паліцыі пад прыкрыццём. Вэйнстоўна і Соўлмана затрымалі пры другой сустрэчы з сяржантам, калі яны прынеслі тавар на продаж.
Падчас аднаго з першых допытаў у аддзяленні паліцыі Розэн Соўлман расказаў пра тое, як навучыўся гэтай аферы: «Ну, вы ўзялі мяне толькі за спробу, бо грошай я яшчэ не атрымаў. Я ўпершыню навучыўся гэтаму ў Мінску».
Абодвух прызналі вінаватымі: Вэйнстоўну далі 12 месяцаў катаржнай працы, Соўлману — 18 месяцаў катаржнай працы.
Як пазбавіцца ад праблемнага будынка. Гісторыя пра сына мінскага рабіна, якога абвінавацілі ў падпале сінагогі
Улетку 1910 года ў Брытанскай імперыі змяніўся манарх. Так, за дзесяць гадоў у Аб’яднаным каралеўстве з’явілася ўжо трэцяя каралеўская асоба на прэстоле. Сын каралевы Вікторыі, кароль Эдуард памёр у маі 1910 года. Летам новым англійскім каралём стаў Георг V.
Тым жа летам у судзе Олд-Бэйлі разглядалі справу аб падпале сінагогі і ілжэсведчаннях. У справе аб падпале сінагогі падазравалі двух мужчын, Джозэфа Джозэфсана і нейкага Голдштэйна. Тая справа супраць мужчын развалілася, але ў судзе працягнуўся разгляд аб ілжэсведчаннях аднаго са сведак Сэма Хіршфільда.
Сэма Хіршфільда абвінавачвалі ў тым, што ён наўмысна хлусіў у паказаннях, каб у папярэдняй справе аб падпале сінагогі былі асуджаныя Джозэфсан і Голдштэйн. Высветлілася, што Сэм Хіршфільд быў работнікам Джозэфсана, які перыядычна вымагаў у працадаўцы грошы, а пасля вырашыў схлусіць на судзе за тое, што ён так і не даў яму грошы.
Джозэфсан адмаўляў усе абвінавачванні ў падпале, і, як паказаў суд, яго так і не прызналі вінаватым па той справе. Паказанні Хіршфільда былі амаль асноўным доказам віны Джозэфсана і Голдштэйна ў падпале, таму ён хацеў усяляк ачысціць сваё імя і пастаянна казаў, што паходзіў з вельмі рэлігійнай сям’і, а падпал сінагогі лічыць цяжкім злачынствам.. Таксама Джозэфсан падчас працэсу расказаў, што паходзіць з Мінскай губерні, там жа застаўся яго бацька-рабін.
Справа пра ілжэсведчанні Хіршфільда скончылася правалам. Суд пастанавіў апраўдаць яго.
Навагодняе забойства лендлорда. Гісторыя забойцы, якія прыдумаў сабе радзіму на Віцебшчыне
Раніцай 1 студзеня 1911 года кантэбль знаходзіць цела ў парку на поўдні Лондана. Побач з целам шмат крыві, а цела, хутчэй за ўсё, прыцягнулі спецыяльна. На трупе ляжыць чорная хустка, якая закрывае твар.
Пазней доктар засведчыць, што мужчына атрымаў восем удараў па галаве і тры ўдары нажом, якія нанеслі ўжо пасля смерці. На твары некалькі парэзаў, якія таксама нанеслі пасля смерці. Забітага звалі Леон Беран, яму было 48 гадоў. Беран быў дастаткова заможным чалавекам: у яго было некалькі дамоў, ён жыў на даходы з арэнды. За гэта ён нават атрымаў мянушку Лендлорд.
Леон Беран любіў вячэраць у рэстаране Snelwar’s. Там з ім пазнаёміўся 29-гадовы Сціні Морысан. Яны доўгі час блізка камунікавалі. 31 снежня 1910 года Беран і Морысан разам былі ўвечары ў рэстаране, а пасля сышлі. Пасля гэтага Берана ніхто не бачыў жывым.
Морысана арыштавалі ўвогуле не за забойства. Ён быў былым асуджаным і не паведаміў паліцыі, што змяніў адрас. Фармальна гэта стала прычынай арышту, аднак паліцэйскія ўжо на той момант падазравалі яго ў справе аб забойстве Берана.
Некалькі сведак падчас працэсу сцвярджалі, што Морысан стаў незвычайна па-сяброўску ставіцца да Берана ў апошнія тыдні яго жыцця. У вечар перад забойствам ахвяры Морысан пакінуў аднаму з афіцыянтаў цяжкі пакет і сказаў, што там флейта. Пазней Морысан забраў гэты пакет і сышоў з Беранам.
На судзе алібі Морысана не пацвердзілася, а астатнія сведкі — напрыклад, таксісты — сцвярджалі, што вазілі абвінавачваемага і ахвяру.
Сціні Морысан сфальсіфікаваў сваю біяграфію. Ён расказваў, што нарадзіўся на Віцебшчыне. А сведкі падчас судовага працэсу называлі яго то рускім, то палякам, то яўрэем. На самой справе ён нарадзіўся ў Аўстраліі, а ў маленстве з сям’ёй пераехаў на тэрыторыю Расійскай імперыі і, верагодна, жыў на беларускіх землях. Фальсіфікацыя біяграфія патрэбна была яму для таго, каб з’ехаць пасля першага турэмнага тэрміна з Вялікабрытаніі, аб чым ён сам і заявіў. Аднак ён усё роўна заставаўся ў Лондане.
Суд прыгаварыў Морысана да смяротнай кары. У апошнім слове падсудны спрабаваў абіцца, што, маўляў, не забіваў нікога і што ў яго былі грошы. Але гэта нічога ўжо не змяніла.
