PALATNO расказвае пра воўчыя гербы беларускіх мясцін.
Лагішынскі воўк з капытамі каня
У гербе Лагішына размешчаны незвычайны воўк, бо ў яго замест звычайных воўчых лапаў капыты каня. Цікава, што дагэтуль гісторыкі не могуць патлумачыць, чаму менавіта з такой цікавосткай з’явіўся лагішынскі воўк з конскімі капытамі. У каралеўскім прывілеі Уладзіслава IV дакладна сказана, што на гербе мястэчка — воўк. Адкуль і чаму ў ваўка з’явіліся конскія капыты гістарычная навука вытлумачыць не можа.
Разам з гэтым нельга сказаць, што лагішынскі воўк — міфічная істота. Міфічныя істоты неаднаразова былі выяўлены на беларускіх гербах, напрыклад: у Старых Дарогах і Гальшанах быў кентаўр, у Красным Сяле на гербе змешчаны грыфон, а ў Слуцку — пегас.
Часцяком на гербах паказвалі напаўміфічных істот ці жывёл з элементы іншых жывёл. Існаваў герб шляхецкага роду Антаневічаў з падобным гібрыдам: у ім спалучаліся галава і пярэднія ногі вяпрука з задняй часткай мядзвежага тулава.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: У Віцебска было магдэбургскае права менш за 30 гадоў. Чаму горад яго пазбавілі?
Старажытны ваўкавыскі воўк
Упершыню гербавая пячатка Ваўкавыска з выявай галавы ваўка з’явілася каля 1540-х гадоў, калі горад быў часткай Вялікага княства Літоўскага. Беларускія навукоўцы змаглі адшукаць ваўкавыскую пячатку з выява ваўка на дакументах, якія датуюцца 1633 годам. На дакументах таго часу воўчая галава была размешчана направа і ўверх. Такім чынам, Ваўкавыск з’яўляецца самым старажытным беларускім горадам, у якога на гербе выяўлены воўк.
У часы Расійскай імперыі ваўкавыскі герб быў зменены. Па-першае, у верхняй частцы знаходзіўся гродзенскі герб, а ў ніжняй быў воўк цалкам, а не яго галава.
У савецкі час герб Ваўкавыска быў таксама іншым, але ўсё роўна змяшчаў фігуру ваўка. Гісторыкі не лічаць яго гербам, а толькі гербападобным знакам, бо ён змяшчаў непрымальныя для беларускай геральдыкі элементы: назву населенага пункта, дату заснавання горада і т.п.
У сучаснай Беларусі герб горада стварылі на аснове герба 1845 года.
