Гедымін і жалезны воўк. Чаму Вільня з’явілася на тым месцы, дзе яна пабудавана

жалезны воўк, легенда пра заснаванне вільні, вільня і жалезны воўк

У беларуска-літоўскіх летапісах запісана цікавая легенда пра вялікага князя Гедыміна. Ён вяртаўся з палявання, лёг спаць і пабачыў дзіўны сон: на гары стаяў гіганцкі воўк, а ўнутры яго быццам равуць сотні сапраўдных ваўкоў. Святар Ліздзейка патлумачаў князю: «Горад будзе тут, і яго слава разнясецца па ўсім свеце».

PALATNO расказвае пра жалезнага ваўка, які стаў легендай у беларусаў і літоўцаў.

Легенду з жалезным ваўком звязваюць з Гедымінам

Першыя згадкі пра жалезнага ваўка з’явіліся ў беларускіх і літоўскіх летапісах XVI стагоддзя. Паводле аднаго з паданняў, запісаных у летапісах, князю Гедыміну прысніўся сон, у якім ён убачыў гэтага металічнага звера. Святар Ліздзейка патлумачыў вялікаму князю, што сон быў не простым. Сам воўк азначае горад, які будзе пабудаваны на месцы, дзе Гедыміну прысніўся сон, а яго роў — гэта слава, якая разыдзецца па ўсім свеце пра гэты горад.

Вялікі князь Гедымін сапраўды лічыцца заснавальнікам Вільні, якая была важным палітычным і эканамічным цэнтрам Вялікага княства Літоўскага.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Залаты пачатак ВКЛ. Як княжыў вялікі князь Гедымін

Навукоўцы спрачаюцца наконт вобраза жалезнага ваўка: ці быў гэта сапраўдны народным сімвал, ці літаратурным вынаходніцтвам. Вядома адно, што ў XIX стагоддзі жалезны воўк фігураваў у беларускіх казках, а значыць гэты вобраз доўгі час быў у народнай традыцыі.

Хрысціянская традыцыя

Археалагічныя раскопкі пацвярджаюць, што яшчэ да Гедыміна на тэрыторыі, дзе знаходзіцца Вільня, жылі крывічы. Магчыма, гэта было яшчэ ў часы Усяслава Чарадзея, які, паводле «Слова пра паход Ігаравы», умеў ператварацца ў ваўка. Вобраз ваўка ва ўсіх еўрапейскіх народаў асацыяваўся з правадыром, воінам, родапачынальнікам.

У XVI стагоддзі гербам Вільні быў не воўк, а святы Хрыстафор з маленькім Хрыстом у руках. У розных легендах святога часта малявалі сабакагаловым, што вельмі блізка да вобразу ваўка. Да таго ж Хрыстафор загінуў у малаазійскай вобласці Лікія (ад грэцкага «воўк»).

Вярнуцца ўгару