Натхненне

Страчаны скарб: пяць беларускіх святынь, якімі мы маглі б ганарыцца


Страчаны скарб: пяць беларускіх святынь, якімі мы маглі б ганарыцца

Панарамы беларускіх гарадоў калісьці ўпрыгожвалі высокія вежы і манументальныя фасады, якіх цяпер няма. Па розных прычынах мы страцілі вельмі шмат каштоўных аб’ектаў у мінулым стагоддзі: некаторыя зруйнвалі падчас войнаў, іншыя разабралі пры савецкай уладзе для пашырэння плошчаў ці будаўніцтва новых кварталаў. Убачыць гэтыя святыні — унікальныя ўзоры барока і драўлянага дойлідства — сёння можна толькі ў архівах, на малюнках ці палотнах мастакоў. 

PALATNO расказвае пра пяць зруйнаваных і страчаных святынь Беларусі.

Касцёл дамініканцаў у Стоўбцах

Гэты храм быў не проста культавым будынкам, а сямейнай крыптай Сапегаў. Касцёл пабудавалі ў XVII стагоддзі, і ён з’яўляецца выдатным прадстаўніком беларускага сармацкага барока. Масіўныя сцены і высокія вежы вызначалі панараму горада, а знутры знаходзіліся каштоўныя роспісы і ляпныя алтары.

Разам з гэтым касцёлам беларусы страцілі выдатны самабытны ўзор беларускага барока ў архітэктуры і манументальна-дэкаратыўным мастацтве.

Касцёл згарэў падчас баёў 1944 года, яго фасад і вежы стаялі яшчэ доўга. У сярэдзіне 1950-х гадоў руіны канчаткова разабралі, каб вызваліць месца для школы, якая стаіць там і сёння.

Ільінская царква ў Віцебску

Царква, якая захавалася на карцінах Марка Шагала, але не захавалася да нашых дзён, насамрэч была выдатным помнікам архітэктуры. Ільінская святыня, пабудаваная яшчэ ў XVIII стагоддзі, увасабляла віцебскую школу драўлянага дойлідства, а пяціярусная кампазіцыя стварала эфект неймавернай узнёсласці.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

А хто, акрамя Шагала? Топ-5 беларускіх мастакоў з Віцебшчыны

 

Як звязаны Брэд Піт, беларускі аператар з прэміямі Сталіна і неануарны кінадэтэктыў 90-х?

 

Загадкавае забойства настаўніка Шагала ў віцебскім пад’ездзе: смерць Юдаля Пэна


Ільінская царква ў Віцебску.
Ільінская царква ў Віцебску.

Царква стаяла на Задзвінні і была галоўным героем гарадскіх пейзажаў. Яе называлі драўлянай каралевай, бо ў кожнай дэталі адчувалася надзвычайная вытанчанасць, прыгажосць і дасканаласць.

Будынак царквы згарэў у 1941 годзе падчас баёў Другой сусветнай вайны. На сёння ў Беларусі практычна не засталося ўзораў драўлянага дойлідства такога маштабу.

Касцёл святога Стэфана і калегіум езуітаў у Полацку

Полацк мог бы выглядаць зусім інакш, калі б не падзеі 1964 года. Касцёл святога Стэфана лічыўся самым маштабным будынкам горада. Разам з калегіумам ён ствараў цэлы навучальны гарадок у самым цэнтры, а яго высокія вежы былі бачныя за шмат кіламетраў.

Будынак перажыў Напалеона і дзве сусветныя вайны, але не змог уратавацца ад савецкай улады. Яшчэ да пачатку 1960-х гадоў сцены касцёла і калегіума былі цэлыя, але замест рэстаўрацыі мясцовыя ўлады вырашылі ўзарваць храм. Для знішчэння такога будынку спатрэбілася некалькі выбухаў.

Касцёл святога Стэфана і калегіум езуітаў
Касцёл святога Стэфана і калегіум езуітаў.

Цяпер на гэтым месцы стаіць тыповая дзевяціпавярховая панэлька — мясцовыя называюць яе «домам з вушамі».

Богаяўленскі сабор у Магілёве

Праваслаўная святыня была пабудавана з выразным уплывам каталіцкай Контррэфармацыі ў XVII стагоддзі. У Богаяўленскім саборы еўрапейскі барочны стыль страціў каталіцкую строгасць і набыў рысы мясцовай мастацкай школы.

Унутры сабор быў упрыгожаны роспісамі, якія лічыліся аднымі з самых каштоўных у Беларусі. Будынак нядрэнна захаваўся пасля вайны, і магілёўцы верылі, што сабор адновяць.

Богаяўленскі сабор перад знішчэннем.
Богаяўленскі сабор перад знішчэннем.

У 1952 годзе мясцовыя ўлады вырашылі, што храму няма месца ў цэнтры савецкага горада. Сабор падарвалі разам з ратушай.

Сёння фундаменты святыні схаваныя пад асфальтам сучаснай плошчы.

Касцёл езуітаў у Пінску

Касцёл і калегіум езуітаў у Пінску быў найбуйнейшым храмам краіны. Ён быў вышынёй з 10-павярховы дом, з мурамі таўшчынёй да трох метраў. Яго каласальная канструкцыя на беразе Піны ўмяшчала багаты інтэр’ер з фрэскамі і драўлянымі алтарамі, над якімі працавалі вядомыя майстры барочнай эпохі.

Пінскі храм, пінскі касцёл, пінскі калегіум езаітаў
Пінскі храм.

Гісторыя яго знішчэння — адна з самых трагічных. У 1953 годзе Пінск перастаў быць абласным цэнтрам, таму мясцовыя ўлады вырашылі вычысціць цэнтральную плошчу. Касцёл быў настолькі моцнай пабудовай, што яго не змаглі падарваць з першага разу. Калі яго знішчылі, то панарама горада на беразе Піны страціла свой маштаб назаўсёды.

* * *

Гэта толькі малая частка таго, што знікла з мапаў беларускіх гарадоў у мінулым стагоддзі. Разам з імі беларусы страцілі найвыдатнейшыя помнікі архітэктуры. Яны фарміравалі прастор вакол сябе, рабілі гарады пазнавальнымі і не падобнымі адзін да аднаго.