Восенню 1841 года дарогі з Магілёўшчыны ва Украіну былі падобнымі да жывой ракі: сотні беларускіх сялян уцякалі сем’ямі па лепшае жыццё ў новыя для іх мясціны. Царскія ўлады палічылі гэта бунтам, за што пазней былі пакараны дзясяткі сялян. Чаму сяляне вырашаліся ўцякаць? І чаму сотні беларускіх сем’яў так і не знайшлі ўлады Расійскай імперыі.
PALATNO расказвае пра самыя масавыя ўцёкі беларускіх сялян.
Змест
Як чуткі адправілі ў дарогу сотні людзей
Гісторыя аднаго з найвялікшых уцёкаў беларускіх сялян пачалася з чутак. Па вёсках хадзілі размовы, што цар нібыта выдаў маніфет, паводле якога прыгонныя сяляне могуць перасяліцца на поўдзень Расійскай імперыі — Херсонскую, Екацярынаслаўскую губерні, Бесарабскую вобласць. Там яны нібыта маглі атрымаць свабоду, зямлю і дапамогу ад дзяржавы.
Падрабязнасці гучалі амаль казачна: казалі, што на новым месцы кожнай душы дадуць пару валоў, дом, зямлю, грошы на гаспадарку і вызваляць ад павіннасцяў на 25 гадоў. Людзі пераказвалі адно аднаму пачутае, дадавалі новыя дэталі, пераконвалі суседзяў, — і для многіх чутка стала рэальнасцю.
Найбольш моцна сялянскі рух ахапіў маёнткавае ўладанне «Гомель», якое належала князю Паскевічу. Адтуль уцёкі пачаліся ў канцы жніўня 1841 года. Сяляне былі настолькі ўзрушаныя, што мясцовае кіраўніцтва ўжо не магло ўгаварыць іх застацца. Спачатку ўлада спадзявалася спыніць усё сваімі сіламі: паведамлялі губернатарам суседніх губерній, загадвалі лавіць уцекачоў і вяртаць іх назад.
Аднак сялянскі рух не спыняўся, а перакінуўся на новыя маёнткі і землі. Да верасня ўцяклі сотні сялян розных памешчыкаў. Усяго хваля закранула больш за 35 вёсак Беліцкага павета.
У свядомасці сялян існавала амаль магічная мяжа. Яны верылі, што трэба дабрацца да слупоў каля Дабранкі, якія абазначалі мяжу паміж Магілёўскай і Чарнігаўскай губернямі, — калі яны дойдуць датуль, то прыгонная залежнасць скончыцца.
Фальшывыя пашпарты і народная сетка дапамогі
Сялянскія ўцёкі не былі хаатычнымі, як магло падацца на першы погляд. У іх была свая арганізацыя, свае праваднікі, свае «дакументы» і свае людзі на маршруце.
Некаторыя сяляне мелі фальшывыя пашпарты або «білеты». За іх плацілі грашыма, харчамі і нават свойскай жывёлай. У адным выпадку ўцекачы казалі, што аддалі за такія паперы 1 рубель 75 капеек срэбрам і добра адкормленага кабана. Пазней следчыя знайшлі людзей, якія выдавалі гэтыя фальшывыя дакументы. У іх знаходзілі рукапісныя дакументы і нават пячаткі да іх.
Уцекачам дапамагалі і па дарозе. У Дабранцы, што ў Чарнігаўскай губерні, мясцовыя жыхары давалі ім прытулак, кармілі, раілі па пытаннях абыходу караулаў і паліцыі. Дапамога ішла з іншых вёсак таксама. Агулам усё выглядала як ціхая народная салідарнасць.
Паводле звестак, сабраных уладамі, у 1841 годзе з Беліцкага павета ўцяклі 1 178 чалавек, большасць — 700 чалавек — уцяклі з маёнтка «Гомель».
Да пачатку кастрычніка 1841 года ў свае вёскі вярнулі 858 чалавек. Аднак каля 200 сем’яў так і не вярнуліся дадому, іх далейшы лёс застаўся невядомым.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Былі вольнымі — сталі прыгоннымі. Як у Быхаве сяляне бунтавалі супраць Сапегаў і прыгонніцтва
Кішчыцкі расстрэл. Як беларускія сяляне змагаліся за луг з расійскім афіцэрам
Імперыя адказвае сілай
Калі расійская ўлада зразумела маштаб падзей, у рух прыйшла ўся бюракратычная і паліцэйская машына. Пра ўцёкі паведамлялі генерал-губернатару, у дэпартамент паліцыі, у Міністэрства ўнутраных спраў. На дарогах стаялі караулы, у вёсках праводзілі ператрусы. Губернатарам суседніх беларускіх і ўкраінскіх губерняў рассылалі загады лавіць сялян і вяртаць іх назад.
У Чарнігаўскай губерні затрымлівалі цэлыя сем’і. У Гарадніцкім павеце за два тыдні схапілі больш за 500 чалавек. Каля 200 з іх адмовіліся вяртацца добраахвотна, але іх усё роўна адправілі дадому пад ваенным канвоем.
Асабліва жорсткай была практыка прыніжэння. Адзін з земскіх спраўнікаў загадаў тым, хто ўпарціўся, галіць палову галавы.
У кастрычніку 1841 года ў Гомелі стварылі ваенна-судную камісію. Яе задача была вярнуць сялян, знайсці вінаватых у бунце і пакараць усіх вінаватых. Следства цягнулася больш за дзесяць месяцаў. Дапыталі дзясяткі людзей, шукалі сувязь паміж беларускімі сялянамі і жыхарамі ўкраінскіх губерній.
У жніўні 1842 года ваенна-судная камісія вынесла прысуды. Некаторых пазбавілі саслоўных правоў, адправілі на катаргу, пакаралі шпіцрутэнамі, аддалі ў арыштанскія роты і пад паліцэйскі нагляд.
