Пасля сенсацыйных адкрыццяў пра Асавец і міфы вакол ранення Уладзіслава Страмінскага, PALATNO зазірне ў наступны, ці не самы змрочны, раздзел яго ваеннага лёсу. Сярод непралазных балот і халодных рэк Налібоцкай пушчы будучы авангардыст правёў восем месяцаў, якія назаўжды змянілі яго бачанне свету. Даследуем на падставе архіўных знаходак Івоны Лубы і Эвы Паўліны Вавэр, што насамрэч адбывалася на берагах Іслачы ў 1915-1916 гадах і чаму сямейная легенда сціснула гэтыя падзеі ў адзін імгненны выбух.
Космас памежжа і дэканструкцыя міфа пра Пяршаі
Доўгі час біяграфія аднаго з найважнейшых авангардыстаў XX стагоддзя, стваральніка ўнізму (мастацкага кірунку, які патрабуе абсалютнага адзінства палатна) і тэорыі бачання Уладзіслава Страмінскага існавала ў каноне, створаным успамінамі яго дачкі Нікі Страмінскай. Яе кніга «Любоў, мастацтва і нянавісць» стала асновай для дзясяткаў мастацтвазнаўчых прац, навуковыхх артыкулаў і нават апошняга кінашэдэўра Анджэя Вайды «Любоў, мастацтва і нянавісць».
Рэальная гісторыя мастака аказалася значна больш складанай і супярэчлівай. У 2017 годзе польскія даследчыцы Івона Луба і Эва Паўліна Вавэр апублікавалі фундаментальную працу, у якой паспрабавалі праверыць сямейную памяць праз прызму расійскіх ваенных архіваў. Вынікі гэтага расследавання літаральна перапісалі палову жыцця творцы.
Адной з галоўных загадак заставалася раненне мастака і яго сувязь з беларускім мястэчкам пяршаі на сённяшняй Валожыншчыне. Паводле сямейнай легенды, якую Ніка Страмінская зафіксавала са слоў бацькі, у маі 1915 года ў акопе каля Пяршаеў Навагрудскага ваяводства здарыўся выпадковы выбух гранаты. Менавіта гэта трагедыя, як піша Ніка, прывяла да неадкладнай ампутацыі рукі, нагі і страты вока. Гэты момант падаваўся як непераадольная мяжа, кая падзяліла жыццё Страмінскага на «да» і «пасля». Архіўныя дакументы выявілі зусім іншае. Ні ў ваенных загадах, ні ў часопісах баявых дзеянняў сапёрнай роты, ні ў асабістай справе Страмінскага назва Пяршаі наогул не згадваецца ў сувязі з падзеямі мая 1915 года. Больш за тое, у гэты перыяд падпаручнік быў цалкам здаровы, актыўны і працягваў службу.
Як пазваюць дакументы, у маі 1915 года Уладзіслаў Страмінскі знаходзіўся ў Асавецкай крэпасці і займаўся распрацоўкай уласнага ваенна-тэхнічнага вынаходніцтва — мінамётнага апарата. Прыладу паспяхова выпрабавалі і ўсталявалі на Сасненскай пазіцыі. Больш за тое, у жніўні 1915 года мастак прыняў непасрэдны ўдзел у «Атацы мерцвякоў», калі пасля гібелі камандзіра ўзначаліў кантраатаку сапёраў і выбіў нямецкія войскі, за што быў узнагароджаны ордэнам Святога Георгія IV ступені.
Чаму ж тады ўзнік міф пра Пяршаі і май 1915 года? Даследчыцы біяграфіі Страмінскага прыходзяць да высновы, што Ніка міжволі змяшала ў адзін эпізод падзеі розных гадоў. Акопны побыт каля Пяршаеў адносіцца да пазнейшага перыяду — з восені 1915 па май 1916 года, калі лінія фронту стабілізавалася ў Налібоцкай пушчы.
Трагладыты. Штодзённасць 39-й роты
У верасні 1915 года, пасля эвакуацыі Асавецкай крэпасці і адступлення расійскай арміі, 2-я Асавецкая сапёрная кампанія прыбыла ў Налібоцкую пушчу. Пазней кампанію перафарматавалі ў 39-ю Самастойную палявую сапёрную роту. Падпаручнік Страмінскі і яго салдаты апынуліся ў месцы, дзе рака Іслач упадае ў Заходнюю Бярэзіну. Менавіта тут на наступныя восем месяцаў суровай восені, зімы і вясны яны літаральна «ўгрызліся» ў зямлю, каб стварыць непралазную лінію абароны.
Для Страмінскага гэты перыяд стаў сур’ёзным выпрабаваннем на сталасць. У кастрычніку 1915 года, ва ўзросце 22 гадоў, ён прыняў камандаванне ротай з 240 салдат. Гэты факт зноў разбурае міф пра тое, што ён ужо тады быў інвалідам. Малады афіцэр кіраваў складанымі інжынернымі работамі ў экстрэмальных умовах: сапёры будавалі дарогі праз непраходныя балоты і лясы, узводзілі бліндажы і зямлянкі, стваралі складаныя сеткі драцяных загарод, маскіравалі акопы і пракладалі хады зносін на пазіцыях некалькіх палкоў — Лівінскага, Зямлянскага і Эпіфанскага.
Акопнае жыццё ў Налібоцкай пушчы было сапраўдным пеклам: вільгаць, пастаянны холад, бруд і вострая нястача элементарных рэчаў былі штодзённасцю. У студзені 1916 года камандаванне папярэджвала пра пагрозу эпідэміі сыпнога тыфу ў раёне вёскі Палачаны і Маладзечна, што патрабавала жорсткіх санітарных мер, але салдаты ў акопах былі бяссілыя перад гэтай навалай.
Яшчэ адным пастаянным спадарожнікам вайны быў голад. З-за хаосу ў сістэме забеспячэння і скарачэння мясных рацыёнаў напалову афіцэры і салдаты літаральна выжывалі. У архіўным загадзе №31 ад 12 лютага 1916 года зафіксаваны выключны факт: «Два рублі 12 капеек атрыманы ад падпаручніка Страмінскага за выдачу 10 порцый мясных кансерваў». Малады камандзір быў вымушаны дакупляць харчаванне за ўласныя грошы, каб выратавацца ад знясілення. У гэтых жа дакументах фіксуецца купля аўса і сена для коней, якія зімой з 1915 на 1916 год паміралі ад голаду на пазіцыях.
Умовы былі настолькі нечалавечымі, што вядомы французскі паэт-салдат Гіём Апалінэр і іспанская карэспандэнтка Соф’я Казанова-Лутаслаўская незалежна адзін ад аднаго называлі тагачасныя акопы «сядзібамі трагладытаў». Салдаты жылі ніжэй за ўзровень зямлі, у гразі, суседнічаючы з полчышчамі пацукоў, якія прагрызалі торбы з сухарамі і бегалі па тварах людзей ноччу.
Сувязь паміж налібоцкім балотам і тэорыяй унізму
Ці ёсць сувязь паміж налібоцкім балотам і тэорыяй унізму? На першы погляд — ніякай. У Налібоцкай пушчы нараджалася тое асаблівае аптычнае і прасторавае бачанне, якое пазней стала асновай творчасці мастака. Ваенны інжынер Страмінскі штодня працаваў з прасторай як з матэрыялам: ён праектаваў лініі акопаў, будаваў бліндажы і назіральныя пункты, размяшчаў кулямётныя гнёзды і нацягваў кіламетры калючага дроту. Гэта, мабыць, прывучыла яго мысліць не асобнымі карцінамі, а сістэмамі, унутранай логікай і структурай.
Псіхалагічная траўма вайны, дзе свет руйнаваўся за лічаныя хвіліны, спарадзіла ў Страмінскага вострую патрэбу ў парадку. Чалавек, які перажыў хаос і поўнае разбурэнне ранейшых арыенціраў, у сваёй творчасці пачаў шукаць ідэальнае, стваральнае адзінства, у якім няма месца выпадковасці. Так узнік унізм — канцэпцыя жывапісу, у якой ліквідуюцца ўсе унутраныя супрацьрэчнасці паміж фонам і фігурай, а само палатно ператвараецца ў непадзельны, цалкам арганізаваны арганізм.
Візуальная мова вайны таксама непасрэдна паўплывала на форму. Падчас хімічных атак салдаты былі вымушаны пастаянна насіць маскі-супрацьгазы. Як пісаў пазней мастацтвазнаўца Модрыс Экстэйнс, у гэтых масках людзі гублялі чалавечы выгляд: «з доўгімі рыламі і вялікімі шклянымі вачыма яны ператвараліся ў постаці, больш падобныя да персанажаў з карцін Пікаса ці Брака, чым да традыцыйных салдат».
Каляровая гама яго першых абстрактных твораў, у прыватнасці знакамітай «Кампазіцыі сінтэтычнай 1» (1923), дзіўным чынам дублюе каляровую палітру акопаў Налібоцкай пушчы і Падляшша, якую апісваў у сваіх лістах брытанскі мастак-салдат Пол Нэш: чорны дождж, жоўты бруд, зялёна-белая вайна ў варонках ад снарадаў і апаленыя, аслізлыя ствалы дрэў.
Сляды траўматычнага досведу засталіся і ў яго літаратурных спробах. У захаваным фрагменце рамана Страмінскі пісаў:
«У віхуры вялікай вайны… ён выправіўся на фронт, і неўзабаве выпадковы проціваакопны (створаны спецыяльна для разбурэння акопаў і траншэй) снарад адарваў яму кавалак галавы. Яго халодная, як жоўты шафран, рука тырчэла з шэрай вады смерці — трымаючы сваімі трыма апошнімі пальцамі замерзлую груду зямлі на гэтых заснежаных пустках».
Загадкавая эвакуацыя «па хваробе» і канец франтавога шляху
Вясной 1916 года інтэнсіўнасць інжынерных работ толькі ўзрастала. 39-я сапёрная рота працавала на пазіцыях каля вёсак Замасцяны, Завоі і Ганчары. Салдаты пракладалі дзясяткі кіламетраў траншэй, умацоўвалі іх сценкі бляхай, высякалі гектары лясоў і будавалі бетонныя доты. Страмінскі пастаянна знаходзіўся на перадавой, але сілы яго арганізма, які быў падарваны суровымі зімовымі ўмовамі, наступствамі ранейшага ранення ў плячо і атручэння хлорам пад Асоўцам, былі на зыходзе.
24 мая (11 мая па старым стылі) 1916 года стаў апошнім днём знаходжання падпаручніка Страмінскага на фронце. У часопісе баявых дзеянняў роты і ў яго асабістай справе з’явіўся лаканічны запіс: эвакуяваны ў шпіталь 57-й пяхотнай дывізіі «на лячэнне» (па хваробе). Ніякіх згадак пра выбух гранаты або страту рук ці ног у гэты дзень няма. Гэта дазваляе даследчыкам сфармуляваць новую медыцынскую гіпотэзу: страта канечнасцяў Страмінскага не была вынікам аднаразовай баявой траўмы. Верагодна, гэта быў працяглы і пакутлівы працэс.
Хутчэй за ўсё, у маскоўскіх шпіталях (куды Страмінскі трапіў пасля эвакуацыі з фронту) з-за агульнага знясілення арганізма і ўскладненняў пасля газавай атакі або застарэлай раны пляча пачаўся працэс гангрэны ці іншага цяжкага запалення. Менавіта дактары ў тыле былі вымушаны зрабіць ампутацыю рукі і нагі, каб выратаваць жыццё маладога афіцэра. Гэта версія робіць яго трагедыцю яшчэ больш глыбокай: гэта была не імгненная траўма ў баі, а доўгая барацьба за жыццё, якая разгортвалася ў шпітальных палатах на працягу 1916-1917 гадоў.
Налібоцкая пушча стала фіналам Страмінскага-афіцэра, але адначасова паслуэыла калыскай для Страмінскага-мастака. Менавіта тут, у брудных траншэях над Іслаччу, ён прайшоў праз поўнае разбурэнне старога свету і пачаў будаваць свой уласны — свет ідэальных прапорцый, геаметрычнага парадку і абсалютнага бачання.
Служба Страмінскага на беларускіх землях завяршылася. Наперадзе была рэвалюцыйная Масква, лёсавызначальная сустрэча з Кацярынай Кобра і нараджэнне авангарднага саюза, які назаўжды зменіць гісторыю сусветнага мастацтва.







