Некалькі стагоддзяў таму ў Вялікім княстве Літоўскім, як і ў многіх частках Еўропы, людзей судзілі за вядзьмарства. У выпадку ВКЛ такіх судоў адбывалася не так шмат, але яны праходзілі, часцяком з вельмі сумным прысудам для абвінавачаных.
PALATNO расказвае пра пяць судоў на чараўнікамі, што адбыліся ў Вялікім княстве Літоўскім.
Змест
За чараўніцтва ў мінскай вёсцы пастанавілі спаліць
Улетку 1622 года ў невялікай вёсцы Курковічы, якая знаходзілася непадалёк ад Менска, злавілі селяніна падчас дзіўнага рытуала і абвінавацілі ў чараўніцтве.
Напярэдадні Купалля дробны шляхціц Ян Федаровіч абыходзіў палі каля Курковічаў і заўважыў нешта незвычайнае. На яго полі стаяў селянін Барыс Славіковіч, які вырываў жыта разам з каранямі. Федаровіч бачыў, як селянін абрукчваў вырванае жыта вакол кола, а затым закапаў кол на могілках. Пасля Федаровіч літаральна схапіў меркаванага чараўніка за руку і прывёў у Курковічы.
На наступны дзень у Курковічах склікалі копны сход — традыцыйны сялянскі суд. Падчас суда агледзелі месца рытуалу, а сам Славіковіч прызнаў віну. Аднак прысуд вырашылі вынесці на большым сходзе, каб сабраліся людзі з навакольных вёсак.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Выганялі з гораду, палілі на вогнішчы, садзілі ў турмы. Ці палявалі на вядзьмарак у ВКЛ?
Славіковіча перадалі цівуну, каб ён прывёў абвінавачанага на наступны суд. Аднак гэтага не адбылося. Калі сабраўся суд, то ні цівун, ні Славіковіч не прыйшлі. У цівуна патрабавалі аддаць абвінавачанага, але той адмовіўся. Копны суд прынімаў рашэнне па старым сведчанням, па якім Славіковіч прызнаў віну, таму яго абвясцілі чараўніком і прысудзілі яго да смерці праз спальванне.
Справа на гэтым не скончылася, а атрымала працяг і дайшла да Менскага гродскага суда. Прадстаўнікі цівуна сцвярджалі, што копны сход не меў права разглядаць справу аб чараўніцтве, бо паводле Статута ВКЛ такія абвінавачванні павінны былі разбірацца ў іншым судзе.
Менскі ваявода Пётр Тышкевіч прыняў рашэнне на карысць копнага суда. Ён прызнаў прысуд законным і пацвердзіў яго. Цівуну загадалі выставіць Славіковіча на трэці копны суд, дзе ён павінен заслухаць прысуд і быць пакараным. У выпадку, калі гэтага бы не адбылося, Славіковіча дазвалялася злавіць у любым месцы і выканаць прысуд.
Заблытаная справа аб чараўніцтве з Пінска
Вясной 1630 года пінскі войскі і падстараста Мікалай Ельскі падаў позву ў гродскі суд Пінска. Ён сцвярджаў, што яго жонка ўжо некалькі гадоў цяжка хварэе, а прычына хваробы — вядзьмарства. Ельскі нават назваў вінаватую ў чараўніцтве, ёй была жонка вознага Вячоркі Высоцкага.
Галоўнай сведкай у справе стала служанка жонкі войскага. Яна расказала, што жонка вознага, якую яна называла сваёй цёткай, аднойчы сустрэла яе на дарозе. Размова аказалася спакуслівай, бо возная абяцала дапамагчы: вызваліць дзяўчыну са службы і выдаць яе замуж. Узамен яна патрабавала адну паслугу. Праз хлопца Піліпа возная перадала дзяўчыне «чары»: костку, цвік і пясок, што былі ўзяты з могілкі нейкай Маргарыты ў вёсцы Высокае на Піншчыне.
Пасля гэтага служанку нібыта навучылі рытуалу. Спачатку яна павінна была скрабці костку і змяшаць яе з пяском, гэту сумесь трэба было падаваць жонцы войскага ў піве. Калі жанчына ехала ў дарогу, то перад гэтым яе трэба абыйсці супраць сонца і прамовіць заклён: «Яко кость мертва и не ходить, так абы пани была мертва». Возная сказала служанцы, што яе гаспадыня памрэ не адразу, а на чацвёрты год.
У судзе служанку папярэдне катавалі, каб яна расказала пра ўсе акалічнасці справы. Дзяўчына нават паказала прадметы, якія ёй нібыта перадала возная.
На баку абвінавачвання выступілі іншыя сведкі. Суд знайшоў двух чалавек, якія сцвярджалі, што бачылі, як жонка вознага брала пясок на могілках. Яшчэ аднаго сведку — селяніна Піліпа, які перадаў «чары», — знайсці так і не змаглі. Піліп нібы ўцёк неўзабаве пасля меркаванай перадачы «чароўных» прадметаў служанцы.
Возны Вячорка Высоцкі не здаваўся і абараняў жонку. Ён сцвярджаў, што ў судзе кажуць паклёп, а на яго жонку ніхто ніколі не думаў як на чараўніцу. Высоцкі заявіў, што служанка залежыць ад сваёй гаспадыні і можа казаць тое, што ад яе патрабуюць. Возны прапанаваў даць прысягу з іншымі людзьмі, каб засведчыць, што яны не маюць да чараўніцтва ніякага дачынення. Ён нават сказаў падчас суда, што калі войскі Ельскі прызнае, што яго жонка сапраўды зачаравана і памрэ ад гэтых чар, то і яго жонка гатова прыняць любое пакаранне.
Суд апынуўся ў складанай сітуацыі і адклаў справу, пакуль не будуць знойдзены дадатковыя сведчанні і не правераны паказанні, а таксама не будзе знойдзены Піліп.
Судзілі за тое, што не адвяла смяротную хваробу
У 1670 годзе на Брэстчыне памёр шляхціц Філон Бухавецкі. Яго брат, Эпімах Бухавецкі, быў перакананы, што смерць не была натуральнай. На яго думку, Філон памёр ад «чараў». Падазрэнне шляхціца ўпала на сялянку Мархліну Харчыху, якая належала да маёнтка Астрамеча і была падданай Катажыны Касцюшкоўскай. Касцюшкоўская, у сваю чаргу, была жонкай Адама Бухавецкага.
Для высвятлення абставін справы ў маёнтак Астрамеча прыехаў суддзя Грыгорый Ласкоўскі. У маёнтку сабралася вялікая колькасць людзей, і перад грамадой пачалі абмяркоўваць магчымыя прычыны смерці Філона. Многія сцвярджалі, што Харчыха даўно займаецца вядзьмарствам.
Асаблівую ўвагу ў суддзі выклікалі словы мужа падазраванай. Ён заявіў, што пані Катажына прасіла яго жонку, каб тая не адводзіла ад хворага смяротнай хваробы.
Эпімах Бухавецкі быў перакананы ў вінаватасці сялянкі, таму прасіў, каб яе дапыталі з катаваннем. Аднак узнікла перашкода, бо Мархліна Харчыха была ўвогуле падданай іншага прадстаўніка Бухавецкіх — Гераніма Бухавецкага. Той адмовіўся выдаваць сялянку на катаванні без належнага судовага разбору. Геранім заявіў, што гатовы аддаць Харчыху любому суду, але не дазволіць караць яе без законнай працэдуры.
Эпімах не адмовіўся ад сваіх абвінавачванняў і ўнёс заклад у тысячу злотых, каб суд распачаў працэс. Грыгорый Ласкоўскі запісаў усё пачутае і далучыў у гродскія кнігі Брэсцкага суда. Менавіта гэтаму допісу абвінавачванні ў чараўніцтве дайшлі да нашага часу, але сам дакумент не паведамляе пра канчатковае рашэнне суда.
Як суд над чараўніцай сарвалі бойкай шляхціцаў
Улетку 1684 года ў ваколіцах вёскі Навошычы на Піншчыне адбыўся копны сход, які хутка ператварыўся ў гучны канфлікт з абвінавачваннямі ў вядзьмарстве і скончыўся бойкай.
На Купалле на полі каля Навошычаў скарбнік Андрэй Букраба сабраў мужыкоў з некалькіх навакольных вёсак. На полі скарбніка здарылася нешта дзіўнае: жыта было нібыта закручана і сапсавана, а людзі сказалі, што яно было зачараванае. У той час падобныя з’явы рэдка тлмучаылі натуральнымі прычынамі, таму калі ўраджай гінуў без відавочнай прычыны, то вінаватымі называлі чараўнікоў. Разам з гэтым з палёў скарбніка знікла сена.
Букраба падазраваў, што вінаватыя сяляне шляхціца Габрыэля Вішнеўскага з суседняга маёнтка.
Крыху пазней высветлілася, што палі яшчэ аднаго шляхціца Пятра Вішнеўскага таксама пацярпелі ад чараўніцтва. І менавіта ён назваў вінаватую — Урсулу Тышкоўку, якая была служанкай у Габрыэля Вішнеўскага. Пётр Вішнеўскі сцвярджаў, што асабіста бачыў, як жанчына рабіла падазроныя рэчы ў палях.
На суд, які павінен быў адбыцца ў сярэдзіне лета 1684 года, Габрыэль Вішнеўскі не прывёў сваю служанку. Замест гэтага ён прыехаў з узброенай аховай. Яго ахова лаялася і разганяла людзей, а прысутных білі шабляхі, каб сарваць сход. Хутка суд ператварыўся ў хаос, а Габрыэль Вішнеўскі адмаўляўся выдаваць Урсулу Тышкоўку.
Нягледзячы на гэта, копны суд прыняў рашэнне. Падазраваную жанчыну пастанавілі аддаць кату, каб той на працягу гадзіны паспрабаваў «выбіць» з яе сведчанні, а калі яна прызнаецца — яе павінны былі спаліць. У выпадку, калі жанчына не прызнаецца ў чараўніцтве, то абвінаваўца мусіў заплаціць штраф за паклёп.
Выканаць пастанову копнага суда так і не змаглі. Супраціў Вішнеўскага і гвалт падчас сходу фактычна сарвалі далейшае разбіральніцтва, таму справу перадалі ў вышэйшы суд. У ім канфлікт паміж шляхціцамі і абвінавачванні ў чараўніцтве павінны былі атрымаць далейшы разгляд.
Цікава, што менавіта з гэтай мясцовасці больш праз дзесяць гадоў пачнецца яшчэ адна буйная справа аб чараўніцтве.
Вельмі дзіўныя рэчы на Піншчыне
Позняй восенню 1699 года ў ваколіцах Навошычаў зноў сабралі копны суд. Зноў адным з галоўных абвінаваўцаў быў скарбнік Андрэй Букраба. Ён сцвярджаў, што ў навакольных вёсках ужо шмат гадоў дзейнічаюць людзі, што адступіліся ад Бога, і займаюцца вядзьмарствам.
Букраба назваў вядзьмарамі сялян шляхціца Францішка Дубавецкага: Кірылу Адамовіча і яго сына Фёдара, Грышку Штапука, Палашку Сейгінаву.
- Галоўным і самым небяспечным чараўніком назвалі Кірылу Адамовіча. Суседзі расказалі, што ён праводзіць таямнічыя абрады, робіць лекі, а часам выводзіць коней апоўначы на могілкі. Мясцовая насельніцтва было ўпэўнена, што менавіта Кірыла Адамовіч зачараваў шляхціца Габрыэля Вішнеўскага, пасля чаго той неўзабаве памёр.
- Сына Кірыла, Фёдара, абвінавачвалі ў тым, што той дзіўна круціў зерне, што для людзей выглядала як відавочная прыкмета вядзьмара.
- Палашку Сейгінаву абвінавачваў селянін Чарко, які сцвярджаў, што дзяўчына зачаравала яго карову. Пасля «чараў» карова стала дзікай, перастала даваць малако і ўрэшце здохла.
Шляхціц Францішак Дубавецкі катэгарычна адмаўляў абвінавачванні, што тычыліся яго сялян. Ён сцвярджаў, што ў яго маёнтку ніхто не займаецца вядзьмарствам, а ўсе расказаныя гісторыя з’яўляюцца чуткамі. Дубавецкі прапанаваў суду, каб сяляне пацвердзілі невінаватасць прысягай з іншымі людзьмі.
Суд пастанавіў, што трое падазраваных — Кірыла Адамовіч, яго сын, Палашка Сейгінава — павінны былі даць паказанні пад катаваннямі. Калі б яны прызналіся ў вядзьмарстве, то іх чакала смяротнае пакаранне. Грышку Штапуку дазволілі даць прысягу, бо супраць яго доказаў было менш.





