Больш за пяць стагоддзяў таму дачка аднаго з маскоўскіх князёў і жонка вялікага князя ВКЛ павінна была стаць мастом паміж дзвюма дзяржавамі, але ўрэшце і сама стала закладніцай вялікай палітыкі. Жыццё Алены Іванаўны прайшло паміж дзвюма дзяржавамі, палітычнымі сусветамі і рэлігійнымі традыцыямі. Яе смерць застаецца загадкай, якую гісторыкі дагэтуль не разгадалі.
PALATNO расказвае пра Алену Іванаўну.
Дачка, якая была выхавана стаць палітычным інструментам
Алена Іванаўна вырасла пры двары Івана III у атмасферы глыбокай прыхільнасці да праваслаўнай царквы. Дзяўчына цікавілася навукай і мастацтвам, чытала рэлігійную літаратуру, атрымала адукацыю. Для бацькі, маскоўскага князя, шлюб дачкі быў не звычайнай справай, а інструментам вялікай палітыкі.
Для Алены Іванаўны планавалі некалькі шлюбных праектаў, аднак выбар спыніўся на шлюбе з Аляксандрам з роду Ягелонаў. На той момант ён быў вялікім князем літоўскім і прадстаўніком адной з самых магутных дынастый Еўропы. Іван III планаваў, што саюз яго дачкі з Аляксандрам зможа змяніць сітуацыю на вялікалітоўскіх землях і ўмацаваць там пазіцыі Маскоўскай дзяржавы. У сваю чаргу, Аляксандр і яго брат, польскі кароль Ян Альбрэхт, спадзяваліся хаця б часова стрымаць Маскву.
Перамовы пра шлюб Алены і Аляксандра пачаліся пасля падпісання мірнай дамовы паміж ВКЛ і Масквой у 1494 годзе. Супраць шлюбу выступіла маці Аляксандра, але нават яна мусіла адступіць перад воляй папы рымскага, які ўхваліў шлюб. Узімку 1494 года ў Маскве адбыліся заручыны, на якіх не было Аляксандра: яго замяніў адзін з прадстаўнікоў вялікалітоўскага пасольства.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Свідрыгайла супраць Жыгімонта. Як у Вялікім княстве Літоўскім адбылася першая грамадзянская вайна

Узімку 1495 года Алена выехала з Масквы ў ВКЛ. Бацька паклапаціўся пра багаты пасаг і падрабязныя загады. У спецыяльных лістах ён распісаў, як яго дачка павінна паводзіць сябе пры чужым двары і нават якое адзенне патрабавалася насіць.
Аляксандр сустрэў жонку ля Вільні. Вянчанне адбылося ў Віленскім кафедральным саборы, шлюб бралі паводле каталіцкага і праваслаўнага абрадаў.
Жонка караля, якая так і не стала каралевай
У Алены і Аляксандра склаліся добрыя адносіны, хоць жонка вялікага князя адмаўлялася пераходзіць у каталіцтва, што хутка расчаравала каталіцкае атачэнне двара.
Алена не толькі не адраклася ад праваслаўя, але і актыўна падтрымлівала праваслаўную царкву ў ВКЛ. Менавіта гэта было планам Івана III. Праўда, супраць волі бацькі Алена Іванаўна ўсё ж такі выступіла.
Ад 1497 года адносіны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай пачалі пагаршацца. Іван III быў незадаволены тым, што Алена дзейнічае самастойна, а яшчэ больш яго раздражняла, што праваслаўная царква не атрымлівае тых жа бенефітаў, што і каталіцкая на тэрыторыі ВКЛ. Усё больш агрэсіўная палітыка Маскоўскай дзяржавы размясціла Алену паміж двух агнёў: непаразуменні з бацькам дайшлі да таго, што ён пагражаў ёй пракляццем, калі тая не стане выконваць яго волю.

Асабліва цяжкім становішча князёўны было падчас вайны Маскоўскай дзяржавы і ВКЛ у 1500-1503 гадах. У 1503 годзе Алена звярнулася з лістом да бацькі, у якім папракала яго за парушэнне міру і шматлікія разбурэнні. Пасля падпісання міру сувязь з бацькам была часткова адноўлена.
У 1501 годзе Алену настойліва прымушалі перайсці ў каталіцкую веру, бо менавіта ў тым годзе Аляксандра каранавалі. Алена адмовілася: яна не каранавалася і не прысутнічала на каранацыі мужа. Толькі ў 1505 годзе папа рымскі афіцыйна блаславіў шлюб Аляксандра з праваслаўнай жонкай.
Яе смерць ахутаная таямніцай
У 1506 годзе Аляксандр памёр. У шлюбе ў іх не нарадзілася дзяцей. Трон і апека над Аленай перайшлі да Жыгімонта.
Прыкладна ў той жа час брат Алены, Васіль III, заняў пасаду маскоўскага князя пасля смерці іх бацькі. Ён хацеў працягваць палітыку бацькі і выкарыстаць становішча сястры ў сваіх інтарэсах. З яе падтрымкай ён спадзяваўся атрымаць пасаду вялікага князя ВКЛ, а мясцовай знаці даць значныя прывілеі.
Цікава, што Алена наадварот выканала волю памерлага мужа і падтрымала Жыгімонта, а не свайго брата.
Яшчэ ў пачатку XVI стагоддзя Аляксандр перадаў у валоданне жонцы вялікія землі ў Віленскім і Трокскім ваяводствах, ля Менска і Гродна, на памежжы з Маскоўскай дзяржавай. Пазней Жыгімонт падарыў Алене Іванаўне Бельск, Сураж і Бранск. Яна займалася сваімі ўладаннямі, кіравала маёнткамі. Паспела заснаваць у Браславе жаночы манастыр.

Князёўна памерла ў 1513 годзе, яе пахавалі ў Вільні. Смерць Алены Іванаўны дагэтуль застаецца ахутанай таямніцай. Існуюць дзве асноўныя версіі, якія з часам аб’ядналі ў адну:
Паводле першай версіі, Алена была атручаная пасля таго, як віленскі ваявода Мікалай Радзівіл западозрыў, што княгіня збіраецца вярнуцца на радзіму і далучыць усе свае землі да Маскоўскай дзяржавы. Паводле другой версіі, Алена знаходзілася ў зняволенні і памерла за кратамі ў Троках.
Хутчэй за ўсё, Алена сапраўды хацела пакінуць ВКЛ і вярнуцца на радзіму. Аднак на той час адносіны Масквы і ВКЛ былі дрэнныя, таму Жыгімонт наўрад ці даў бы дазвол на ад’езд князёўны. Алену арыштавалі разам з яе маёмасцю, якую яна планавала вывезці, у Браславе. Дарэчы, гэта стала прычынай для чарговай вайны паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ.
