
Цяпер арэлі для беларусаў — гэта забава і вясёлы напамін пра дзяцінства. Аднак калі капнуць глыбей у гісторыю і культурную спадчыну нашага народа, то мы знойдзем такое: некалі арэлі былі часткай сапраўднага рытуалу.
PALATNO раскрывае таямніцу арэляў.
Арэлі раней былі паўсюль
У сённяшні час мы можам гадамі чакаць устаноўкі дзіцячых пляцовак і арэляў на іх. Аднак шмат гадоў да гэтага продкі беларусаў маглі павесіць арэлі проста за бэльку ў хаце або на галлі дрэў. Гушкацца на арэлях пачыналі яшчэ з Масленкі, а масава — з Саракоў.
Галоўнай ідэяй гушкання на арэлях было разагнацца як мага вышэй. На Шуміліншчыне верылі ў тое, чым вышэй паляціш, то тым даўжэй вырасце лён. Цікава, што нашы продкі верылі і ў тое, што чалавек, які будзе своеасаблівым чэмпіёнам па вышыні, то яго ўвогуле абыходзяць камары.
Вясна была адным з самых улюбёных часоў для гушкання на арэлях. Асабліва нашы продкі любілі гушкацца на арэлях на Вялікдзень.
Каханне і арэлі
Навукоўцы лічылі, што гушканне на арэлях у старажытнасці імітавала палавы акт. На адной са старажытнагрэцкіх выяў жанчыну гойдае на арэлях сатыр, а ў сучаснай Грэцыі прынята ставіць арэлі ля дома маладых мужа і жонкі.
Беларускія даследчыкі лічаць, што гушканне — гэта не толькі пра забаву, а пра аграрную магію і нават касмічны сэнс. Вышэй падняўся — нібыта дакрануўся да неба, а як вярнуўся ўніз — злучыў зямное і нябеснае. У Калінкавіцкім раёне казалі: «Хто сорак раз на дошкі падскочыць, дак замуж выдет».
Але ўсё ж такі арэлі часта былі пра ўзаемаадносіны, пра сімволіку кахання і нават… пра будучае вяселле.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Як беларускія нячысцікі зіму зімавалі
Будзьце асцярожныя: гэтых беларускіх нячысцікаў вы можаце сустрэць летам
Нячысцікі, якія любяць алкаголікаў ці валодаюць скарбамі. Расказваем пра іх
Цёмны бок гушкання на арэлях, пра які вы не ведалі
У гушкання на арэлях заўжды быў «цёмны бок». На галлі дрэў, казалі, любяць калыхацца русалкі. Русалкі гушкаліся на арэлях, пляскалі ў далоні і клікалі людзей.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Начніца, Аржавень і Валасень. Падборка беларускіх міфічных істот
Дарэчы, пустыя арэлі гойдаць увогуле табу: лічылася, што там ужо сядзіць чорт, якому толькі і трэба, каб яго пакалыхалі.
У больш шырокім сэнсе калыханне на арэлях сімвалічна ўзнаўляла акт стварэння Сусвету. Так арэлі ўключаліся ў метафарычны шэраг калыска-арэлі-труна.