Плачуць багі і ведзьмы. Як продкі беларусаў уяўлялі дождж?

дождж беларусь, прыродныя з'явы беларусь, беларуская міфалогія, беларуская вёска

Што для вас дождж? Прыродная з’ява, якая часам перашкаджае планам, сімвал восені? Для продкаў беларусаў дождж быў падарункам багоў, знакам перамогі над хаосам, слязамі нябеснай багіні. Уяўленні нашых продкаў пра дождж захавалі старажытныя індаеўрапейскія міфы, хрысціянскія традыцыі і лакальныя абрады, дзе магічнае злівалася з паўсядзённым. 

PALATNO расказвае пра дождж.

Перамога грамавержца над хаосам, слёзы багіні неба

У індаеўрапейскім міфе дождж нараджаецца пасля бітвы Бога Навальніцы са Змеем. Гэта касмічная перамога адкрывае шлях жыццятворнай вадзе. У старажытнаіндыйскіх рытуалах цар, які ўвасабляў грамавержца, забіваў праціўніка і так выклікаў дождж для ўраджаю.

У беларускім фальклоры такога бога пазней замяніў святы Ілля. Менавіта яму народ прыпісваў здольнасць пасылаць дажджы. Некаторыя павер’і захавалі больш архаічныя рысы. Напрыклад, лічылася, што для выкліку дажджу трэба забіць жабу ці любую іншую жывёлу, звязаную з Грымотнікам.

Больш раннія ўяўленні гавораць і пра жаночую прыроду дажджу. У тым жа індыйскім фальклоры дождж называецца «нябесным малаком»: аблокі і жаночыя грудзі ў санскрыце ўвогуле называліся адным словам. У некаторых рэгіёнах дождж мог успрымацца як слёзы багіні неба.

Дождж — гэта няшчасце?

З дажджом часта звязвалі няшчасці. Паводле ўяўленняў беларусаў, дажджом кіравалі заложныя нябожчыкі: тапельцы, самагубцы, душы «нячыстых».

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Якімі былі народныя ўяўленні беларусаў пра самагубства?

Да таго ж, людзі верылі, што дажджавыя кроплі могуць быць слёзамі святых, сірот або вадой, што цячэ з іх адзення.

 

Калі сонца свяціла разам з дажджом, то ў розных мясцовасцях гэта называлі сляпым, сонечным, цыганскім, свіным ці заячым дажджом. У Мінскай губерні казалі, што ў такі момант можа плакаць ведзьма.

А як можна выклікаць дождж?

Абрады выкліку дажджу вядомы ўсім народам свету. Беларуская традыцыя мае свае адметнасці. На Палессі гэта былі складаныя рытуалы з абходамі вёскі ці палёў, тканнем спецыяльных ручнікоў і ўсталяваннем крыжоў ля калодзежаў.

Магічныя дзеянні маглі ўключаць забойства вужоў ці жаб, разбурэнне мурашнікаў, разбіванне гаршкоў або нават выліванне баршчу ў калодзеж.

Вярнуцца ўгару