Егіптаманія: як 200 гадоў таму муміі сталі хітом англійскіх вечарынак

егіптаманія, выстаўкі мумій, муміі і старажытны егіпет, віктарыянская эпоха

Уявіце, што вы вярнуліся з падарожжа і сустрэліся з сябрамі на вечарыне. Вы не паказваеце фотаздымкі вашай паездкі, а замест гэтага на вашам стале ляжыць мумія: вы разгортваеце бінты і расказваеце сябрам жахлівыя гісторыі пра егіпецкую культуру. Прыкладна так выглядала тыповая вечарына падчас Віктарыянскай эпохі. Але мумій выкарыстоўвалі і па-іншаму.

PALATNO расказвае, як у Віктарыянскі час любілі мумій.

Дзіўная Віктарыянская эпоха

Віктарыянскай эпохай называюць час, калі на троне Вялікабрытаніі была каралева Вікторыя. Гэта быў час індустрыялізацыі, навуковых адкрыццяў, каланіяльнай экспансіі і глыбокай зацікаўленасці ў маралі, духоўнасці і экзотыцы. У XIX стагоддзі еўрапейская культура перажывала бум цікавасці да Усхода, асабліва — да Егіпту.

Для людзей Віктарыянскай эпохі смерць не была табуіраванай тэмай. Смерць была часткай штодзённасці і культуры. Віктарыянцы фатаграфаліся з памерлымі сваякамі, любілі праводзіць вечарыны з медыумамі. У такой атмасферы муміі ўспрымаліся як натуральная частка жыцця, хоць і даволі экзатычная.

Цікавасць да Егіпту ўзрасла пасля Напалеонаўскай экспедыцыі ў 1798 годзе. Экспедыцыя Напалеона адчыніла дзверы для заможных еўрапейцаў у Егіпет, куды яны маглі падарожнічаць і адкуль маглі прывозіць усходнія цікавосткі. Ужо ў наступныя дзесяцігоддзі пачалося сапраўднае масавае захапленне егіпецкай культурай. Моднымі трэндамі стаў егіпецкі акцэнт у архітэктуры, модзе, дызайне і, вядома, калекцыянаванні мумій.

Вечарынкі-распакоўкі мумій

Лічыцца, што першым публічным мерапрыемствам, дзе распакавалі мумію, адбылося ў 1821 годзе. Тады археолаг Джавані Белзоні распакаваў мумію ў цэнтры Лондана перад шматтысячным натоўпам. Такія грандыёзныя шоу праводзіліся многімі, былі вельмі папулярнымі. Разгорнутую мумію дэманстравалі ўсім ахвотным.

У пазнейшыя часы такія мерапрыемствы сталі больш, так бы мовіць, утульнымі і праводзіліся ў гасцінных багатых людзей.

Заможныя людзі ў Вялікабрытаніі і Францыі ладзілі спецыяльныя вечарынкі, на якіх распакоўвалі муміі. Гэта адбывалася так: на вечарыну запрашалі дактароў ці археолагаў, якія распакоўвалі прывезеную з Егіпта мумію. Калі цяпер мы можам палічыць гэта жахлівым мерапрыемствам і блюзнерствам, але тады гэта ўспрымалася як адукацыйная імпрэза.

егіптаманія, выстаўкі мумій, муміі і старажытны егіпет, віктарыянская эпоха
Агляд муміі. Карціна Поля Дамініка Філіпота, каля 1891 года.

Было яшчэ адно эксклюзіўнае мерапрыемства, звязанае з распакоўкамі мумій. Іх праводзілі навуковыя таварыствы, на якіх клікалі эліту брытанскага грамадства: арыстакратаў, біскупаў, дактароў і іншых. Такія распакоўкі лічыліся навуковым мерапрыемствам, падчас якога звычайна зачытвалася лекцыя, рабілі ілюстрацыі паэтапнага разгортвання муміі. Затым маглі выдавацца асобныя навуковыя выданні, а парэшткі мумій перадаваліся ў музеі. Адным з самых знакамітых «распакоўшчыкаў-навукоўцаў» таго часу лічыцца Томас Пэцігру, які выдаў кнігу «Гісторыя егіпецкіх мумій, апісанне культу і бальзамавання свяшчэнных жывёл егіпцянамі» ў 1834 годзе.

Знайсці мумію было лёгка. У Егіпце іх прадавалі рабаўнікі, якія атрымлівалі ад еўрапейцаў шмат грошай за экзотыку. Дарэчы, ніякіх праблем з мытнай ці памежнай службамі: вывезці мумію ў Еўропу ўвогуле не было праблемай. Часам цэлую мумію было цяжка атрымаць, таму ў якасці сувеніраў выкарыстоўвалі часткі цела: часцей — рукі ці ногі.

Вечарыны з распакоўкай мумій скончыліся ў XX стагоддзі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Тлумачым на драніках філасофію Старажытнай Грэцыі

 

Слова на літару F. Як з’явілася самае непрыстойнае слова ў англійскай мове?

 

«Перайсці Рубікон» — што значыць гэта фраза?


Мумій выкарыстоўвалі аптэкары і мастакі

Муміі былі не толькі хітамі вечарынак эліты ці музейнымі экспанатамі. У еўрапейскіх аптэках каля 200 гадоў таму можна было купіць парашок, атрыманы з муміфікаваных цел. Лічылася, што парашок можна выкарыстоўваць як абязбольваныя сродкі пры болях і пераломах, хтосьці рэкамендаваў яго ўжываць пры чуме (!).

фарба з муміі, егіптаманія, гісторыя старажытнага егіпта, віктарыянская эпоха
Фарба з муміі. Фота: ArtUK

У пазнейшыя дзесяцігоддзі муміі сталі выкарыстоўваць у мастацтве. З мумій рабілі карычневую фарбу mummy brown.

Існавалі сведчанні, што бінты, якімі былі абгорнутыя егіпецкія муміі, экспартаваліся як папяровыя тавары ў Злучаныя Штаты падчас Грамадзянскай вайны. Гэту паперу з мумій выкарыстоўвалі працаўнікі крам як абгорткі для тавараў.

Вярнуцца ўгару