
Ён мог стаць выдатным юрыстам, але стаў паўстанцкім мастаком. Замест працы ў Санкт-Пецярбурзе правёў большую частку жыцця на катаржных работах у Забакаллі. Гэта Юзаф Беркман, чые працы не такія вядомыя ў Беларусі, але больш за сто гадоў таму яго творы можна было пабачыць на выставах у Расійскай імперыі.
PALATNO расказвае пра жыццё і творчасць Юзафа Беркмана.
Жыццё, змаганнне і катарга
Юзаф Беркман нарадзіўся ў Валожыне ў 1838 годзе. Беркман паходзіў з сям’і доктара. Сям’я Беркмана мела шведскія карані, яго продкі пераехалі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай у часы кіравання Жыгімонта III.
Атрымаў адукацыю ў Вільні, дзе скончыў гімназію. Затым пераехаў у Маскву і вывучаў там медыцыну, але не пайшоў па медыцынскім шляху бацькі і праз паўгода кінуў навучанне. Пасля Масквы пераехаў у Санкт-Пецярбург: там вучыўся на матэматычна-прыродазнаўчым факультэце, але ў той жа час наведваў заняткі ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў.
У 1861 годзе Юзафа арыштавалі за ўдзел у маніфестацыі. У той час праходзіла паніхіда па ахвярах варшаўскіх расстрэлаў. Тры месяцы ён быў за кратамі ў Петрапаўлаўскай, а потым Кранштацкай крэпасці. Адразу пасля вызвалення з’ехаў у Вільню.
Падчас віленскага перыяду Беркман уліваецца ў рэвалюцыйную дзейнасць. У Вільні зблізіўся з братамі Далеўскімі і ўдзельнічаў у распаўсюдзе рэвалюцыйных адозваў. Аднак у хуткім часе вярнуўся ў Пецярбург, каб працягнуць навучанне на юрыдычным факультэце.
Перад пачаткам Паўстання Кастуся Каліноўскага вярнуўся на радзіму. Беркман удзельнічаў у паўстанні, быў удзельнікам атрада Зыгмунта Мінейкі, які дзейнічаў на Ашмяншчыне. У кастрычніку 1863 годзе Беркмана цяжка паранілі ля Рудзішак, пасля чаго трапіў у палон. Хуткі суд прызначыў яму чатыры гады катаргі.

На катаргу яго адправілі ў Забайкалле. У Нерачынску працаваў на сярэбраных капальнях. Спрабаваў уцячы, але падчас уцёкаў яго схапілі і дадалі яшчэ чатыры гады катаргі. Аднак сам Беркман сцвярджаў, што яму павялічылі тэрмін праз удзел у бунце ссыльных паўстаўнцаў, а не з-за ўцёкаў.
У 1866 годзе Беркмана вызвалілі ад пакарання па маніфесце імператара. З таго часу да 1877 года жыў у Іркуцку, потым — у Ніжнім Ноўгарадзе. У 1880-м пераехаў у Лібаву (Ліепая, цяперашняя Латвія), а ў 1884 годзе пераехаў у Варшаву. У Варшаве Беркман працаваў на чыгунцы рахункаводам. У 1894 годзе на тры гады пераехаў у Мюнхен, дзе намагаўся ўдасканаліць свае мастацкія навыкі.
У 1900 годзе Беркман вярнуўся ў Варшаву, некаторы час жыў у Вільне. Памёр у 1919 годзе ў Варшаве.
Творчасць Беркмана
Галоўнай тэмай творчасці Юзафа Беркмана стала паўстанне і жыццё паўстанцаў у ссылцы. Большасць работ Беркмана дагэтуль захоўваецца ў Іркуцкім абласным мастацкім музеі.
У час першай катаргі Беркман зрабіў шмат замалёвак ссыльных паўстанцаў. На сёння іх захавалася нязначная колькасць: дзесяць замалёвак знаходзяцца на захаванні ў Музеі войска польскага ў Варшаве.
У Іркуцку, ужо пасля вызвалення ад катаржных работ, Беркман працягваў займацца мастацтвам. Там жа разам са Станіславам Вронскім Беркман арганізаваў мастацкую майстэрню. Кожны з мастакоў займаўся ў сваім напрамку: Вронскі — пейжазамі, Беркман — анімалістыкай.
Разам з гэтым вядома, што Беркман не толькі займаўся жывапісам, але захапляўся і фатаграфіяй. Беркман спецыяльна зрабіў здымкі для польскага навукоўца Дыбоўскага, які вывучаў флору і фаўну Байкала. Пазней здымкі Беркмана ўвайшлі ў мемуары Дыбоўскага.
Беркман удзельнічаў у выставах на працягу ўсёй сваёй творчасці. Адной з апошніх выстаў стала Львоўская ў 1913 годзе — там жа ў Львове захоўваліся некаторыя творы мастака.
* Выява Юзафа Беркмана створаная з дапамогай штучнага інтэлекту, на фоне — карціна Беркмана.