Яго параўноўвалі з Паганіні, прарочылі вялікую музычную кар’еру, але з-за слабога здароўя і сур’ёзнай хваробы ён не змог цалкам рэалізаваць свой патэнцыял. Ён нарадзіўся ў Шклове, быў яўрэем і традыцыйным народным музыкантам, але яго выкананне Вебера і Расіні скарала еўрапейскія сцэны і манаршыя двары. А яшчэ ён прыдумаў, але хутчэй удасканаліў, ксілафон.
PALATNO расказвае пра Міхаіла Гузікава.
Змест
У Шклове прыдумаў ксілафон, які зрабіў яго знакамітым
Міхаіл (Іехіэл Міхл) Гузікаў нарадзіўся ў Шклове ў 1806 (па іншых дадзеных — у 1809-м) годзе ў яўрэйскай сям’і музыкантаў. Яго бацька быў клезмерам — яўрэйскім народным музыкантам, па яго слядах пайшоў і Міхаіл разам з братамі. Калі хлопцу было ўсяго дзесяць гадоў, ён ужо добра граў на флейце і выступаў разам з сям’ёй па розных мястэчках.
Даволі рана Гузікаў захварэў на сухоты. Хвароба замінала яму працаваць музыкантам: ён больш не мог граць на флейце з-за здароўя. Так Міхаіл пачаў шукаць для сябе іншыя спосабы самавыяўлення. Пазней яму трапіў інструмент, які мог прывезці дадому бацька з вандровак: гэта былі брусочкі — інструмент з сасновых брусочкаў, пакладзеных паралельна на двух жмутках саломы. Гузікаў удасканаліў гэты інструмент, а пасля прыдумаў яму новую назву — гармонік з дрэва і саломы, што мы цяпер называем ксілафонам.
Дзякуючы гармоніку з дрэва і саломы, які збіраўся перад гледачамі на сцэне, Гузікаў стаў вельмі знакамітым музыкантам. Спачатку ён выступаў разам з роднымі на радзіме, дзе граў розныя творы: ад яўрэйскіх народных і беларускіх песень да Паганіні, Вебера і Расіні. Хутчэй за ўсё, у Міхаіла былі ўласныя творы, але яны не захаваліся да нашага дня.
У 1825 годзе Міхаіл Гузікаў ажаніўся, у яго нарадзілася двое дзяцей.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Скідвае дыктатуру, б’е па нагах, правакуе землятрусы… Факты пра музыку, якія вы не ведалі
Кім быў кампазітар Алоўнікаў, які падарыў пазыўныя Беларускаму радыё

Гастролі ў Расійскай імперыі, Аўстрыі, Францыі і Германіі
Вядомасць на радзіме падаравала Гузікаву гастролі ў Маскве і Кіеве. У 1833 годзе Гузікаў граў на кірмашы ў Кіеве. Там яго заўважыў польскі скрыпач Караль Ліпіньскі, які быў абсалютна ўражаны талентам яўрэйскага хлопца з беларускага мястэчка. Ліпіньскі і французскі паэт Альфонс дэ Ламартын спрыялі далейшай кар’еры Гузікава.
Пасля значнага поспеху ў Кіеве Міхаіл адправіўся на гастролі ў Адэсу, Нікалаеў, Львоў, Кракаў, Прагу і далей па Заходняй Еўропе. У Вене музыканта запрасілі граць канцэрт для аўстрыйскага імператарскага двара. Вядома, што Гузікава слухалі ў розных еўрапейскіх гарадах кампазітары Фелікс Мендэльсон і Франц Ліст. Музычны крытык Шлезінгер параўнаў Гузікава з Паганіні ў адной са сваіх прац.
Ад 1835 года пачаў вялікі гастрольны тур па Еўропе, які стаў апошнім у яго жыцці. На той момант Гузікаў быў цяжка хворы. Летам 1837 года ён захварэў, але быў вымушаны даць канцэрт у Германіі.
Апошні канцэрт Міхаіл адыграў у 1837 годзе ў нямецкім Ахене. Згода са сведчаннямі сучаснікаў, Гузікаў памёр на сцэне ў руках з інструментам, які прынёс яму вядомасць.
Міхаіл Гузікаў памёр 21 кастрычніка 1837 года. Яму быў 31 год.
Месца пахавання музыканта невядома.