
Якія фільмы прызнаваліся лепшымі за апошнюю чвэрць стагоддзя? Ці сталі яны культавымі? Колькі разоў іх можна пераглядаць? І чаму з іх можна навучыцца дагэтуль?
PALATNO расказвае пра найлепшыя фільмы, што перамаглі на «Оскары» ў апошнія 25 гадоў.
Змест
- «Прыгажосць па-амерыканску» (American Beauty)
- «Гладыятар» (Gladiator)
- «Гульні розуму» (Beautiful Mind)
- «Чыкага» (Chicago)
- «Уладар пярсцёнкаў: Вяртанне Караля» (The Lord of the Rings: The Return of the King)
- «Малышка за мільён долараў» (Million Dollar Baby)
- «Сутыкненне» (Crash)
- «Адступнікі» (The Departed)
- «Старым тут не месца» (No Country for Old Men)
- «Мільянер з трушчобаў» (Slumdog Millionaire)
- «Уладар буры» (The Hurt Locker)
- «Прамова караля» (The King’s Speech)
- «Артыст» (The Artist)
- «Аперацыя “Арго”» (Argo)
- «12 гадоў рабства» (12 Years a Slave)
- «Бёрдмэн» (Birdman)
- «У цэнтры ўвагі» (Spotlight)
- «Месяцавае святло» (Moonlight)
- «Форма вады» (The Shape of Water)
- «Зялёная кніга» (Green Book)
- «Паразіты» (기생충)
- «Зямля качэўнікаў» (Nomadland)
- «CODA»
- «Усё, усюды і зараз» (Everything Everywhere All At Once)
- «Опенгеймер» (Oppenheimer)
- «Анора» (Anora)
«Прыгажосць па-амерыканску» (American Beauty)
Год: 2000
Жанр: камедыйная драма
Фільм «Прыгажосць па-амерыканску» з’яўляецца рэжысёрскім дэбютам Сэма Мэндэса і на цырымоніі «Оскара» ўзяў пяць статуэтак. У гэтай гісторыі расказваецца пра мужчыну Лэстэра Бернэма (ролю выконвае Кевін Спэйсі), які перажывае крызіс сярэдняга ўзросту і захапляецца сяброўкай сваёй дачкі.
Фільм даследуе тэмы сямейных праблем, асабістай свабоды і прыгажосці ў звычайных рэчах.
«Гладыятар» (Gladiator)
Год: 2001
Жанр: гістарычная драма
Эпічны фільм рэжысёра Рыдлі Скота, які атрымаў доўгачаканы працяг у мінулым годзе, скарыў больш за дваццаць гадоў таму амаль усіх. У першым «Гладыятары» рымскі генерал Максімус (Расэл Кроў) трапляе ў няволю пасля здрады імператара. Ён пазбаўляецца сям’і і статуса, а пасля становіцца гладыятарам і змагаецца, каб адпомсціць і дамагчыся справядлівасці.
Фільм атрымаў пяць прэмій «Оскар» і стаў адным з самых вядомых гістарычных блокбастараў апошніх двух дзясяткаў гадоў.
«Гульні розуму» (Beautiful Mind)
Год: 2002
Жанр: біяграфічная драма
Фільм расказвае пра жыццё геніяльнага матэматыка Джона Нэша (ролю выконвае Расэл Кроў), які дабіваецца вялікіх навуковых дасягненняў, але змагаецца ўвесь час з шызафрэніяй. У кінастужцы паказваецца яго барацьба паміж рэальнасцю і галюцынацыямі, а таксама моц кахання яго жонкі Алісіі (ролю выконвае Джэніфер Конэлі).
«Чыкага» (Chicago)
Год: 2003
Жанр: мюзікл, драма
Мюзікл, у якім расказваецца пра дзвюх жанчын, Роксі Харт (Рэнэ Зельвэгер) і Вэлму Келі (Кэтрын Зэта-Джонс). Яны аказаліся ў турме за забойствы і спрабуюць выкарыстаць сваю вядомасць, каб пазбегнуць пакарання. Іх харызматычны адвакат Білі Флін (Рычард Гір) умела маніпуліруе грамадскай думкай, каб вызваліць сваіх падабаронных.
Фільм атрымаў шэсць статуэтак «Оскар».
«Уладар пярсцёнкаў: Вяртанне Караля» (The Lord of the Rings: The Return of the King)
Год: 2004
Жанр: фэнтэзі, прыгоды
Апошні фільм у кінатрылогіі Пітэра Джэксана перамог у 11 намінацыях «Оскара», у тым ліку як і «Найлепшы фільм». У трэцім фільме трылогіі Фрода Бэгінс і Сэм даходзяць да Мордара, каб знішчыць Пярсцёнак. У той час Арагорн узначальвае войскі ў апошняй бітве супраць арміі Саўрона.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Шэсць кніг з незвычайнымі фэнтэзійнымі сусветамі
Забяры свой спіс літаратуры на лета
Пяць фільмаў і пяць серыялаў, калі вы сумуеце па «Гульні тронаў»
«Малышка за мільён долараў» (Million Dollar Baby)
Год: 2005
Жанр: спартыўная драма
Фільм «Малышка на мільён долараў» змог быць знятым толькі дзякуючы Клінту Іствуду, які шмат гадоў прапаноўваў студыям гэту стужку. Іствуд не толькі стаў рэжысёрам фільма, але выканаў адну з галоўных роляў, трэнера Фрэнкі Дана. У фільме расказваецца пра Мэгі Фіцджэральд (ролю выконвае Хілары Суонк), якая хоча стаць прафесійнай баксёркай. Яна звяртаецца да Фрэнкі Дана, але ён спачатку адмаўляецца з ёй працаваць, аднак з часам становіцца яе настаўнікам.
«Сутыкненне» (Crash)
Год: 2006
Жанр: крымінальная драма
У фільме «Сутыкненне» восем сюжэтных ліній, гісторыі ўсіх персанажаў аказваюцца пераплеценыя, каб паказаць, што выпадковасці могуць змяняць жыццё. У ім даследуюцца розныя тэмы, аднак першаснай з’яўляецца дыскрымінацыя.
Фільм атрымаў тры прэміі «Оскар» і выклікаў шмат дыскусій з-за эмацыянальнай і вострасацыяльнай тэматыкі.
«Адступнікі» (The Departed)
Год: 2007
Жанр: крымінальны трылер
Трылер Марціна Скарсэзэ заснаваны на ганкгонгскай кінастужцы Infernal Affairs. У фільме Скарсэзэ расказвае пра супрацьстаянне паміж паліцыяй Бостана і ірландскай мафіяй. Малады афіцэр Білі Кастыган (Леанарда Ды Капрыё) працуе пад прыкрыццём у злачыннай арганізацыі, а ўнутры паліцыі працуе крот мафіі Колін Саліван (Мэт Дэйман). Жыцці Кастыгана і Салівана пераплятаюцца, калі кожны з іх спрабуе выкрыць другога.
«Адступнікі» атрымалі чатыры статуэткі «Оскар».
«Старым тут не месца» (No Country for Old Men)
Год: 2008
Жанр: неа-вэстэрн
У фільме братоў Коэн расказваецца пра падзеі ў Тэхасе, калі Люэлін Мос (ролю выконвае Джош Бролін) выпадкова знаходзіць чамадан з грашыма пасля няўдалай нарказдзелкі. За ім пачынае паляванне кілер Антон Чыгур (Хаўер Бардэм), які дзейнічае без літасці і кіруецца ўласным кодэксам маралі.
Фільм атрымаў чатыры прэміі «Оскар», а персанажа Антона Чыгура ў выкананні Бардэма прызналі адным з самых рэалістычных псіхапатаў у гісторыі кінематографа.
«Мільянер з трушчобаў» (Slumdog Millionaire)
Год: 2009
Жанр: драма
Фільм быў зняты па рамане Q&A ад Вікаса Сварупа. Галоўны герой, Джамаль Малік (ролю выконвае Дэв Патэл) з Мумбаі ўдзельнічае ў тэлешоу «Хто хоча стаць мільянерам?». Нечакана для ўсіх, Малік даходзіць да фіналу шоу. Паліцыя падазрае яго ў махлярстве, а падчас допыту ён расказвае, як кожнае пытанне з шоу было звязана з падзеямі яго складанага жыцця.
Фільм атрымаў восем прэмій «Оскар» і стаў сусветным хітом з-за свайго складанага, эмацыянальнага і дынамічнага стылю.
«Уладар буры» (The Hurt Locker)
Год: 2010
Жанр: трылер
Ваенны трылер Кэтрын Бігелоў паказвае працу амерыканскага атрада сапёраў па абясшкоджванні выбуховых прылад у Іраку. Галоўны герой — сяржант Уільям Джэймс (Джэрэмі Рэнер) любіць рызыкаваць і не баіцца праблем, але яго метады выклікаюць напружанасць у камандзе.
Фільм паказвае, як вайна ўплывае на салдат і як яны з часам пачынаюць ад яе залежыць. «Уладар буры» ўзяў шэсць прэмій «Оскар», а Бігелоў стала першай жанчынай-рэжысёркай, якая ўзяла «Оскар» у намінацыі «Найлепшая рэжысура».
«Прамова караля» (The King’s Speech)
Год: 2011
Жанр: гістарычная драма
Гістарычная драма рэжысёра Тома Хупера заснавана на рэальных падзеях і расказвае пра англійскага караля Георга VI (ролю выконвае Колін Фёрт). Кароль пакутуе на заіканне і вымушаны пераадольваць страх перад публічнымі выступамі. З дапамогай лагапеда Лайанэля Лога (Джэфры Раш) ён спрабуе навучыцца гаварыць, каб натхніць нацыю ў перадваенны час.
У фільма чатыры прэміі «Оскар».
«Артыст» (The Artist)
Год: 2012
Жанр: камедыйная драма
Французскі фільм «Артыст» быў зняты ў стылі нямога кіно. Гэта гісторыя пра пераход у Галівуд ад нямога да гукавога кіно ў 1920-1930-я гады. Галоўны герой, Жорж Валянтын, з’яўляецца знакамітым акцёрам, які баіцца, што з прыходам гукавога кіно яго кар’ера можа скончыцца. У той жа час маладая актрыса Пэпі Мілер набывае славу ў новай эры кінаіндустрыі.
Карціна атрымала пяць прэмій «Оскар» і стала адным з рэдкіх нямых фільмаў, якія заваявалі перамогу ў намінацыі «Найлепшы фільм».
«Аперацыя “Арго”» (Argo)
Год: 2013
Жанр: трылер
Гістарычны трылер, які здымаў Бэн Афлек і адначасова выконваў галоўную ролю, заснаваны на рэальных падзеях іранскага крызісу з закладнікамі ў 1979 годзе. Галоўным героем фільма стаў агент ЦРУ, які распрацаваў смелы план па выратаванні шасці амерыканскіх дыпламатаў з Ірану. Каб вывезці іх з краіны, дзе адбывалася рэвалюцыя, ён стварае прыкрыццё — нібыта ў Іране здымаюць навукова-фантастычны фільм.
«12 гадоў рабства» (12 Years a Slave)
Год: 2014
Жанр: гістарычная драма
Яшчэ адна гістарычная драма, якая ўзяла перамогу ў намінацыі «Найлепшы фільм» на «Оскары», з’яўляецца фільмам «12 гадоў рабства». Фільм расказвае гісторыю свабоднага афраамерыканца Саламона, якога выкралі і прадалі ў рабства ў сярэдзіне XIX стагоддзя. На працягу 12 гадоў ён праходзіць праз жорсткасць і прыніжэнні, спрабуючы не згубіць надзею на свабоду.
«Бёрдмэн» (Birdman)
Год: 2015
Жанр: чорная камедыя, драма
У чорнай камедыі рэжысёр Алехандра Іньярыту расказвае пра былога акцёра, які быў вядомы роляй супергероя ў даўнія часы, а цяпер спрабуе аднавіць кар’еру на тэатральнай сцэне Брадвея. Адметнай рысай фільма стала рэжысура Іньярыту — фільм выглядае так, што зняты, як адзіны бесперапынны кадр. Стужка атрымала чатыры статуэткі «Оскар».
«У цэнтры ўвагі» (Spotlight)
Год: 2016
Жанр: біяграфічная драма
У фільме «У цэнтры ўвагі» расказваецца гісторыя, заснаваная на рэальных падзеях. Група журналістаў з газеты «Бостан Глоўб» у 2002 годзе раскрываюць маштабны скандал з сексуальнымі злачынствамі каталіцкіх святараў і тым, як гэтыя злачынствы спрабуе замаўчаць царква.
«Месяцавае святло» (Moonlight)
Год: 2017
Жанр: драма
Фільм заснаваны на п’есе і расказвае пра жыццё афраамерыканца: яго паказваюць праз тры жыццёвыя этапы — дзяцінства, юнацтва і сталы ўзрост. Галоўны герой сутыкаецца з беднасцю, гвалтам, шукае сябе і спрабуе зразумець ідэнтычнасць і сексуальнасць.
«Форма вады» (The Shape of Water)
Год: 2018
Жанр: чорнае фэнтэзі
Фільм Гільерма дэль Тора расказвае пра падзеі 1960-х гадоў падчас халоднай вайны. Галоўная гераіня ў выкананні Салі Хокінс з’яўляецца нямой, працуе ў сакрэтнай лабараторыі, і выпадкова адкрывае існаванне таямнічай амфібіі. Гэта стварэнне ўтрымліваюць у жорсткіх умовах. Паміж імі нараджаецца каханне, таму гераіня спрабуе выратаваць амфібію ад небяспекі.
«Зялёная кніга» (Green Book)
Год: 2019
Жанр: біяграфічная драма
Сюжэт фільма заснаваны на рэальных падзеях і расказвае пра падарожжа па паўднёвых штатах Амерыкі ў 1960-я гады таленавітага афраамерыканскага піяніста і яго белага кіроўцы-ахоўніка.
Фільм даследуе тэмы расізму, сяброўства і культурных стэрэатыпаў. У «Зялёнай кнізе» паказваецца, як два вельмі розныя чалавекі паступова могуць стаць блізкімі сябрамі. Карціна атрымала тры прэміі «Оскар».
«Паразіты» (기생충)
Год: 2020
Жанр: чорная камедыя
Фільм з Паўднёвай Карэі стаў першым неангламоўным фільмам, які атрымаў «Оскар» у намінацыі «Найлепшы фільм». Гэта кінастужка з’яўляецца сацыяльнай сатырай і расказвае пра бедную сям’ю Кімаў, якія паступова пранікаюць у дом і жыццё заможнай сям’і Пакаў. Кімы падманам уладкоўваюцца на працу да сям’і Пакаў, але іх махінацыі прыводзяць да нечаканых і драматычных наступстваў.
«Зямля качэўнікаў» (Nomadland)
Год: 2021
Жанр: драма
Галоўная гераіня фільма пасля эканамічнага крызісу і страты працы вырашае жыць у фургоне і вандраваць па Злучаных Штатах.
Фільм узяў тры прэміі «Оскар». Дарэчы, рэжысёрка Хлоя Чжао стала другой жанчынай у гісторыі, якая атрымала ўзнагароду за «Найлепшую рэжысуру». А актрыса Фрэнсіс Макдорманд узяла трэці «Оскар» за сваю гульню.
«CODA»
Год: 2022
Жанр: камедыя, драма
У фільме расказваецца гісторыя сям’і глухіх, у якой адзінай, хто чуе, з’яўляецца галоўная гераіня. Дзяўчынка дапамагае бацькам у рыбалоўным бізнесе, але ў той жа час адкрывае талент спявачкі і марыць паступіць у музычную школу.
Фільм стаў першай кінастужкай ад стрымінгавага сервісу (Apple TV), які атрымаў «Оскар».
«Усё, усюды і зараз» (Everything Everywhere All At Once)
Год: 2023
Жанр: абсурдысцкая камедыя, драма
У фільме расказваецца пра звычайную амерыканку кітайскага паходжання, у якой ва ўласнасці ёсць пральня. Нечакана яна даведваецца, што можа перамяшчацца паміж паралельнымі сусветамі і валодаць рознымі здольнасцямі. Яна павінна прыняць сябе і сваю сям’ю, каб выратаваць рэальнасць.
Актрыса Мішэль Ё стала першай азіяцкай актрысай, якая атрымала «Оскар» за «Найлепшую жаночую ролю».
«Опенгеймер» (Oppenheimer)
Год: 2024
Жанр: біяграфічная драма
У біяграфічнай драме Крыстафера Нолана расказваецца гісторыя жыцця фізіка і «бацькі атамнай бомбы» Роберта Опенгеймера (ролю выконвае Кіліян Мёрфі). У фільме расказваецца пра час, калі Опенгеймер узначальваў Манхэтанскі праект, кіраваў распрацоўкай ядзернай зброі падчас Другой сусветнай вайны.
Фільм Нолана атрымаў сем прэмій «Оскар».
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Барыс Кіт — беларускі Опенгеймер?
«Я — смерць, разбуральнік свету». Навошта быў патрэбны «Манхэтанскі праект»
«Анора» (Anora)
Год: 2025
Жанр: драма
Па сюжэце фільма, які ўзяў «Оскар» некалькі тыдняў таму, маладая секс-работніца Анора выходзіць замуж за сына расійскага алігарха. Пасля вяселля заможныя бацькі робяць усё магчымае, каб ануляваць гэты шлюб.