
А вы ведалі, што ў розных рэгіёнах Беларусі зусім па-рознаму могуць вымаўляць адны і тыя ж словы, націскі змяняюцца, але сэнс слоў застаецца ранейшым. У гэтым артыкуле мы разгледзім пяць слоў — тоўсты, малы, просты, весела, холадна.
PALATNO разбіраецца ў націсках.
Тоўсты
Самай распаўсюджанай формай з’яўляецца слова тоўсты. У ім націск падае на перш склад. Такой формай карыстаюцца па ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Цікава, што на поўначы Беларусі і на ўсходзе нашай краіны распаўсюдзілася форма таўсты з націскам на апошні склад. Кропкава такую форму маглі выкарыстоўваць на Гродзеншчыне і Палессі, але гэта былі рэдкія выпадкі.
Малы
Слова малы з націскам на другі склад распаўсюджанае па ўсёй Беларусі, ім карыстаюцца паўсюль.
Варыяцыю малы з націскам на першы склад выкарыстоўваюць на ўсходзе Віцебскай вобласці і на Магілёўшчыне.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Як словы «сіні» і «зялёны» з’явіліся ў мове, у якой іх ніколі не было
Юбка, саян, андарак. Як па-рознаму называлі спадніцу беларусы
Зіма блізка. Як сказаць па-беларуску пра холад дзесяткамі спосабамі
Просты
У гэтай гісторыі адбываецца бітва паміж словам просты (націск на першы склад) і прасты (націск на другі склад). Першы варыянт самы распаўсюджаны, яго фіксавалі на ўсёй беларускай тэрыторыі.
Варыянт са словам прасты выкарыстоўваецца на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і частцы Гомельшчыны. Часткова такі варыянт можна было пачуць (і можна дагэтуль) у некаторых раёнах Мінскай вобласці.
Весела
Найбольш распаўсюджанай формай з’яўляецца форма весела (націск на першы склад).
Яшчэ адной рэгіянальнай цікавосткай ёсць слова вясёла (націск на другі склад. Гэту форму выкарыстоўвалі на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і ля Брэста.
На Брэстчыне і Гродзеншчыне выкарыстоўвалася форма весяло (націск на апошні склад), але толькі ля Брэста была іншая варыяцыя — весэла (націск на другі склад).
Холадна
У Віцебскай, Магілёўскай і ва ўсходняй частцы Міншчыны карысталіся словам халодна з націскам на другі склад.
У цэнтральнай Беларусі дамінавала форма холадна з націскам на першы склад.
У Гродзенскай і Брэсцкай абласцях карысталіся словам халадно з націскам на апошні склад.