Жанчыны ў Беларусі заўсёды былі адной з самых неабароненых і ўразлівых сацыяльных груп. Цяпер на фоне зацягнутага палітычнага крызісу дыскрымінацыя па гендарнай прыкмеце толькі ўзмацняецца. Менавіта таму жаночая ўзаемадапамога і салідарнасць важныя як ніколі. Пагаварылі пра новы праект для беларусак з яго заснавальніцай Алінай Харысавай і менеджаркай, якія разам курыруюць працу ініцыятывы.
Навошта стварылі праект
Па статыстыцы, менш за 1% пацярпелых ад гвалту беларусак звяртаюцца па дапамогу. А за апошнія некалькі гадоў у Беларусі ліквідавалі практычна ўсе некамерцыйныя арганізацыі, якія дапамагаюць жанчынам. Праект «Яна/Ёй» створаны для барацьбы з дыскрымінацыяй і гвалтам у адносінах да жанчын з Беларусі. Ён аказвае псіхалагічную і юрыдычную падтрымку ў складаных жыццёвых сітуацыях. Неправамернае звальненне, сексуальнае дамаганне, дамашні ці партнёрскі гвалт — няпоўны спіс праблем, з якімі можна звярнуцца да спецыялістаў праекта. Ініцыятыву запусцілі нядаўна, у снежні 2022 года, і ў асноўным яна накіраваная на беларусак у любой кропцы свету, дзе б яны ні знаходзіліся. Таксама вялікі акцэнт робіцца на беларускую дыяспару ў Польшчы з-за вялікай колькасці эмігрантак, якія маюць патрэбу ў маральнай падтрымцы.
Менеджарка праекта прызнаецца, што ад 14 гадоў марыла працаваць у фемінісцкім праекце і дапамагаць жанчынам:
— Для мяне гэта вельмі важна і каштоўна, гэта пераклікаецца з маім жыццёвым досведам, і я бачу ў гэтым сэнс жыцця, які дае мне энергію і рэсурсы дапамагаць іншым жанчынам. Гэта такі кайф, такое хваляванне кожны раз, калі прыходзіць нейкая заяўка. Вельмі хочацца беражліва дапамагчы.
Дзяўчына дадае: «Мы назвалі бот у Telegram жаночым імем «Я́на», каб гэта было як з сяброўкай, да якой можна звярнуцца па дапамогу і напісаць. А мая каляжанка прыдумала саму назву праекта «Яна/Ёй», і гэта вельмі класна пераклікаецца з ботам».
Усе эксперты і валанцёры — жанчыны. Ініцыятыву задумалі менавіта як дапамогу беларускам ад беларусак. Калектыў праекта пакуль не вельмі вялікі — у яго ўваходзяць дзве куратаркі, дзве псіхалагіні, юрыстка і валанцёрка-капірайтарка. Але плануецца папаўняць каманду для працы ў сацыяльных сетках. Спецыялістак шукаюць праз «сарафаннае радыё» — агульныя кантакты ці знаёмых. Апрацоўваюцца абсалютна ўсе заяўкі, якія паступаюць, і робіцца гэта як мага хутчэй. У большасці выпадкаў звяртаюцца адзінокія жанчыны з дзецьмі па пытаннях жылля і апекі. Псіхолагі праводзяць крызісныя кансультацыі і крызісную кароткатэрміновую тэрапію ў цяжкіх эмацыянальных станах і выпадках. Юрыстка, якая спецыялізуецца на польскім і беларускім праве, кансультуе жанчын і вядзе справы да іх завяршэння. Заяўкі ад беларусак з іншых краін, акрамя Беларусі і Польшчы, перанакіроўваюць юрысткам, якія могуць гэтым заняцца. У планах ёсць складаць ананімныя справаздачы з інфармацыяй, колькі было заявак, на якія тэмы і колькі паспяховых кейсаў прайшлі.
Якія актыўнасці ёсць у праекта
Ужо былі арганізаваны першыя сустрэчы ў рамках праекта — воркшопы «ТРЫМАЕМСЯ». Куратаркі расказваюць:
— Нядаўна мы праводзілі мерапрыемства ў Варшаве. Там былі тры эксперткі: з фем-квір-актывісткай Настай Базар размаўлялі пра мацярынства ў эміграцыі і як наогул з гэтым быць, якія могуць быць падводныя камяні і што можа дапамагчы. Псіхалагіня і лагатэрапеўтка Надзея Гарадзецкая расказвала, як і дзе знаходзіць у сабе сілы спраўляцца са стрэсавымі сітуацыямі. Яшчэ адна спікерка, фітнес-нутрыцыёлаг і пілатэс-трэнер, расказвала пра адносіны з целам і як іх, гэтыя адносіны, палепшыць. Тэмы вельмі пераклікаюцца і ўсе яны так ці інакш звязаныя са стрэсам. На сустрэчах было каля 50 удзельніц, і вельмі цешыць тое, што атрымалася сабраць такую рознаўзроставую аўдыторыю, з розных сацыяльных пластоў. Важна было зразумець, што мы не адны, і адчуць сябе ў грамадстве, дзе сяброўка дапамагае сяброўцы.
Дзяўчыны дзеляцца планамі па развіцці праекта: «Можна падпісвацца і сачыць за анонсамі — будзе шмат класнага. Мы думаем аб тым, каб спрабаваць праводзіць такія сустрэчы ў розных гарадах. Таксама адным з напрамкаў нашай працы мы бачым стварэнне жаночай супольнасці і плануем зрабіць вялікі чат, каб там маглі дапамагаць адна адной, абменьвацца нейкімі карыснымі кантактамі, спасылкамі. Яшчэ збіраемся рабіць прамыя эфіры і ўжо абмяркоўваем з адной псіхалагіняй тэмы, якія прапанавалі нашы ўдзельніцы. Для нас важна, каб да эфіраў маглі далучацца і жанчыны, якія знаходзяцца ў Беларусі».
Куратаркі праекта кажуць, што хацелі б дапамагчы як мага большай колькасці жанчын:
— Пакуль вельмі цяжка дагрукацца да мэтавай аўдыторыі. Трэба зарэкамендаваць сябе як месца, якому жанчыны могуць давяраць і звяртацца па дапамогу, і гэта, напэўна, самы вялікі зараз выклік. Мы правялі мерапрыемства — падпісалася больш людзей, практычна адразу з’явіліся новыя заяўкі. Мы спрабуем пашырыць аўдыторыю і шмат думаем пра тое, як не адштурхнуць жанчын ад праекта.
У будучыні плануецца стварыць пляцоўку і адкрыць рахунак, каб можна было данаціць. А цяпер самае карыснае, што можна зрабіць, — гэта падпісацца на сацыяльныя сеткі праекта і расказаць пра яго маці, сваячкам, сяброўкам і знаёмым, каб, калі ўзнікне нейкая сітуацыя, яны маглі ведаць, куды звярнуцца. «А мы з радасцю абшукаем усё на свеце, распытаем калег і каляжанак і пастараемся прыкласці ўсе намаганні, каб дапамагчы вырашыць сітуацыю», — запэўніваюць дзяўчыны.
Звярнуцца па дапамогу можна, запоўніўшы форму на сайце, альбо напісаўшы ў Direct або Telegram-бот. Дадзеныя заявак нідзе не публікуюцца і не перадаюцца трэцім асобам, гарантуецца поўная канфідэнцыяльнасць і бяспека. Валанцёркі могуць далучыцца да праекта, проста напісаўшы ў адной з сацсетак.