Веды

Ад Гутэнберга да Эйнштэйна: пяць нямецкіх навукоўцаў, якія змянілі свет


Ад Гутэнберга да Эйнштэйна: пяць нямецкіх навукоўцаў, якія змянілі свет

Германія дала чалавецтву вялікую колькасць мысліцеляў, даследчыкаў і вынаходнікаў. Іх адкрыцці сталі падмуркам сучасных навук. PALATNO расказвае пра пяцёрку выдатных нямецкіх навукоўцаў, чыя спадчына па-ранейшаму вызначае ход сусветнага прагрэсу.

Альберт Энштэйн. Чалавек, які адкрыў новае разуменне Сусвету

Альберт Эйнштэйн нарадзіўся ў 1879 годзе ў нямецкім Ульме. Вучыўся ў Цюрыхскім політэхнічным універсітэце. На пачатку кар’еры працаваў у Патэнтным бюро ў Берне, дзе напісаў свае прарыўныя навуковыя артыкулы. 1905 год лічыцца «цудоўным годам Эйнштэйна», бо менавіта тады ён апублікаваў адразу чатыры рэвалюцыйныя артыкулы. У 1914-1933 гады жыў у Берліне, узначальваў Прускую акадэмію навук. Пасля прыходу Гітлера і нацыстаў да ўлады эміграваў у Злучаныя Штаты Амерыкі. У ЗША ён стаў прафесарам Прынстанскага ўніверсітэта. Памёр у 1955 годзе.

Альберт Энтштэйн з’яўляецца адным з найвялікшых фізікаў усіх часоў. Яго тэорыя адноснасці перавярнула ўяўленні пра прастору і час. Да Эйнштэйна навукоўцы лічылі гэтыя ўяўленні абсалютнымі, нязменнымі структурамі. Альберт жа паказаў, што час можа расцягвацца, а прастора — скрыўляцца пад уздзеяннем масы.

У 1921 годзе ён атрымаў Нобелеўскую прэмію, але не за тэорыю адноснасці, а за тлумачэнне фотаяўлення, якое паклала аснову для квантавай тэорыі святла. І вядома, формула E=mc² стала сімвалам новай эры ў фізіцы.

Дзякуючы Эйнштэйну і яго навуковым адкрыццям у чалавецтва ёсць GPS, ядзерная энергетыка, сучасная фізіка.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Якаў Громер: матэматык з Брэста, які дапамог Эйнштэйну адкрыць тэорыю адноснасці

Роберт Кох. Бацька сучасная мікрабіялогіі

Роберт Кох нарадзіўся ў 1843 годзе ў Клаўстаў-Целерфельдзе. Скончыў Гётынгенскі ўніверсітэт, працаваў сельскім доктарам. Падчас працы ў нямецкай глыбінцы пачаў даследаванні ў галіне мікрабіялогіі. У 1880-я гады адкрыў узбуджальнікаў сібірскай язвы, сухотаў і халеры. Пазней працаваў у Імперскім інстытуце інфекцыйных хвароб у Берліне (яго пасля назавуць у гонар навукоўца). Часта ўдзельнічаў у розных экспедыцыях, некалькі разоў перанёс трапічныя хваробы. Памёр у 1910 годзе.

Кох лічыцца сапраўдным наватарам у медыцыне. Ён даказаў, што канкрэтныя мікраарганізмы выклікаюць пэўныя хваробы, што стала пачаткам сучаснай інфекцыйнай дыягностыкі.

У 1882 годзе адкрыў Mycobacterium tuberculosis — бацылу сухотаў, што забівала мільёны людзей. Працаваў як палявы даследчык і бываў з экспедыцыямі ў Афрыцы і Азіі, дзе вывучаў эпідэміі халеры, малярыі і чумы. Менавіта Кох даказаў, што інфекцыі можна перамагаць метадамі дакладнай навукі, а не толькі ізаляцыяй і карантынам.

Дзякуючы Коху ў сучасным свеце мы маем вакцыяналогію, тэрапію антыбіётыкамі, клінічную мікрабіялогію і эпідэміялогію.

Макс Планк. Заснавальнік квантавай тэорыі

Макс Планк нарадзіўся ў 1858 годзе ў Кіле. Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім універсітэтах. У 1890-я гады стаў прафесарам Берлінскага ўніверсітэта. У 1900 годзе прадставіў квантавую тэорыю, якая павярнула навуку ў бок мікрафізікі. Падчас Першай і Другой сусветных войнаў выступаў у абарону акадэмічнай свабоды, падчас нацысцкага рэжыму быў забіты яго сын, які ўдзельнічаў у руху Супраціву. У 1918 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію па фізіцы. Яго імем названа найбуйнейшая навуковая арганізацыя Германіі — Таварыства Макса Планка. Памёр у 1947 годзе.

Макс Планк быў тым навукоўцам, які ўвёў паняцце кванта, тым самым ён паклаў пачатак новай фізічнай рэвалюцыі. Яго выказванне пра тое, што энергія выпраменьваецца порцыямі, стала асновай квантавай механіі.

Квантавая тэорыя Планка выкарыстоўваецца ў лазерах і аптычнай тэхніцы, медыцынскай дыягностыцы, камп’ютарных працэсарах і квантавых камп’ютарах.

Ёган Гутэнберг. Вынаходнік, які зрабіў веды даступнымі для ўсіх

Ёган Гутэнберг нарадзіўся прыкладна ў 1400 годзе ў Майнцу. Жыў і працаваў у Майнцу і Страсбургу як ювелір. Там жа пачаў эксперыментаваць з металічнымі літарамі, што ў выніку прывяло да распрацоўцы тэхналогіі друку з рухомымі тыпамі. Дасягненне Гутэнберга было не толькі ў тым, што ён вынайшаў друкарскі станок, а распрацаваў тэхналагічны працэс: металічныя літары, фарбу, шрыфт і прэс.

Паміж 1450 і 1455 гадамі надрукаваў знакамітую «Біблію Гутэнберга». У апошнія гады жыцця жыў даволі сціпла, хоць яго вынаходніцтва карэнным чынам змяніла гісторыю чалавецтва і зрабіла яго адным з самых уплывовых людзей.

Друкарства зрабіла магчымымі Рэфармацыю, навуковую рэвалюцыю XVII стагоддзя, бо дзякуючы Гутэнбергу ідэі сталі распаўсюджвацца хутка.

Карл Фрыдрых Гаўс. «Каралеўскі матэматык»

Карл Фрыдрых Гаўс нарадзіўся ў 1777 годзе ў Браўншвейгу ў даволі беднай сям’і, але ўжо ў дзяцінстве было зразумела, што ў хлопца ёсць незвычайныя матэматычныя здольнасці. Гаўса падтрымаў герцаг Браўншвейгскі, таму ён трапіў у Гётынгенскі ўніверсітэт.

У 21 год выдаў працу пра даследаванні ў арыфметыцы, якая адкрыла яму шлях у навуковы свет. Яшчэ навуковец стварыў метад найменшых квадратаў, то бок заклаў аснову сучаснай статыстычнай апрацоўкі даных. Таксама ён займаўся геадэзіяй і ствараў мапы, вымераў магнітнае поле Зямлі. Гаўс узначальваў абсерваторыю ў Гётынгене, займаўся матэматыкай, астраноміяй, фізікай.

Гаўса часта называюць «прынцам матэматыкаў», і гэта не дарэмна. Яго адкрыцці ў розных галінах сталі фундаментам сучаснай навукі.