
Як зразумець сучасных падлеткаў? Пра што яны думаюць і што іх хвалюе? У гэтым нам дапамогуць серыялы і фільмы, некаторыя з іх ужо сталі культавымі, а пра некаторыя вы зусім не чулі.
PALATNO урываецца ў кінематаграфічныя падлеткавыя сусветы.
Змест
«Эйфарыя» (Euphoria)
Год: 2019-…
У галоўнай гераіні Ру (у выкананні Зендэі) ёсць наркатычная залежнасць, з якой яна спрабуе знайсці сваё месца ў свеце, поўным жорсткасці. У серыяле расказваецца пра жыццё сучасных падлеткаў без цэнзуры і ружовых акуляраў.
Навошта глядзець?
- рэалістычна адлюстроўвае праблемы сучасных падлеткаў: залежнасць, псіхалагічныя траўмы, сексуальнасць;
- візуальны стыль сапраўды ўражвае, а кожны эпізод выглядае як мастацкі фільм;
- акцёры выкладваюцца на 100%, а Зендэя атрымала «Эмі» за ролю Ру.
«Адзін з нас хлусіць» (One of Us Is Lying)
Год: 2021-2022
Настаўнік карае пяцёх падлеткаў за тое, што яны маюць у школе мабільныя тэлефоны. Яны павінны заставацца пасля ўрокаў, каб адбываць пакаранне. Адзін з падлеткаў раптоўна памірае, астатніх чатырох падазраюць у яго забойстве. Кожны з падлеткаў хавае таямніцу, але хто з іх сапраўды вінаваты?
Навошта глядзець?
- для аматараў такіх серыялаў, як «Хто забіў Сару?» і «Рывердэйл»;
- напружаны сюжэт з нечаканымі паваротамі.
«Трапятанне сэрца» (Heartstopper)
Год: 2022-…
Гэта цёплая і кранальная гісторыя пра сяброўства, першае каханне і пошук сябе. Галоўныя героі — два хлопцы, Нік і Чарлі, якія сустракаюцца ў школе і паступова разумеюць, што паміж імі ўзнікаюць узаемныя пачуцці.
Навошта глядзець?
- пазітыўны і натхняльны серыял;
- далікатна падымае тэмы прыняцця сябе, першых пачуццяў;
- візуальна прыгожы і заснаваны на вядомым графічным рамане Эліс Осман.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Дарослыя таксама глядзяць мульцікі: лепшыя і дзёрзкія анімацыйныя шоу
Твітар, кантэнт па-беларуску і як пачаць працаваць праграмістам у 17
Музыка, псіхалагічны стан і вучоба ў замежжы. Пра што гавораць падлеткі?
«Лета, калі я стала прыгожай» (The Summer I Turned Pretty)
Год: 2022-…
Кожнае лета Бэлі праводзіць у доміку на моры разам з сям’ёй і сябрамі дзяцінства. Аднак у гэтым годзе ўсё змяняецца — яна вырастае, уцягваецца ў любоўны трохкутнік.
Навошта глядзець?
- ідэальны летні вайб (мы ведаем, вы чакаеце лета!);
- падыходзіць для тых, хто любіць лёгкія рамантычныя гісторыі.
«План помсты» (Do Revenge)
Год: 2022
Дзве дзяўчынкі — папулярная Дрэя і ціхая Элеанор — аб’ядноўваюцца, каб адпомсціць тым, хто іх зняважыў.
Навошта глядзець?
- модны, саркастычны і вельмі стылёвы;
- захапляльны сюжэт з добрымі акцёрамі — Маяй Хоўк і Камілай Мендэс.
Бонус
Калі вы ўсё яшчэ незадаволеныя нашай падборкай, то сярод кінастужак пра падлеткаў трэба прыгадаць:
- «Уэнсдэй» (Wednesday) — гатычны серыял пра Уэнсдэй Адамс. Калі вы ведаеце і любіце гісторыю пра сямейку Адамс, то гэты серыял на 100% для вас.
- «Цалую, Кіці» (XO, Kitty) — спін-оф серыі фільмаў «Усім хлопцам…», якія таксама варта паглядзець.
- «Сексуальная адукацыя» (Sex Education) — смешны і адначасова глыбокі серыял пра падлеткаў у Вялікабрытаніі.