«Уральскі хлопец закахаўся ў беларускую песню». Расказваем гісторыю легендарнага Уладзіміра Мулявіна

уладзімір мулявін, песняры

Вершы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і Якуба Коласа загучалі ў розных краінах свету дзякуючы «Песнярам» і іх заснавальніку Уладзіміру Мулявіну. Ён міксаваў рок з беларускім фальклорам і стварыў унікальны музычны стыль, які стаў папулярным. Шмат хто і цяпер упэўнены, што Мулявін быў карэнным беларусам. Але гэта не так — легендарны пясняр нарадзіўся у Расіі, але так палюбіў Беларусь, яе мову і музыку, што сваёй творчасцю ўзнёс іх на п’едэстал.

PALATNO расказвае пра чалавека, які адкрыў свету беларускую песню і сам стаў сапраўдным сімвалам беларускасці.

Пакланенне перад заходняй музыкай

Уладзімір Мулявін нарадзіўся 12 студзеня 1941 года ў расійскім Свярдлоўску (цяпер — Екацярынбург) у сям’і завадскога рабочага Георгія Мулявіна і швачкі Акуліны Палычавай. Хлопчык быў яшчэ зусім маленькім, калі яго бацька сышоў да іншай жанчыны, а маці засталася адна з трыма дзецьмі — у Мулявіна былі яшчэ брат Валера і сястра Наташа. Брат Акуліны, Піліп Палычаў, каб аблегчыць сястры жыццё, узяў Валодзю да сябе ў Магнітагорск. У Піліпа з жонкай не было дзяцей, а жылі яны па тых часах нябедна: мелі сваю абутковую майстэрню. Пазней у сваіх лістах Мулявін будзе называць бацькам менавіта свайго дзядзьку, бо той яго вельмі любіў, дапамог выхаваць, прывіў цягу да музыкі і навучыў іграць на музычных інструментах. Ужо ў 12 гадоў Уладзімір асвоіў балалайку і гітару і пачаў гэтым зарабляць: выступаў у цягніках, пераходах і на вуліцах.

Свой творчы шлях Мулявін пачаў у Доме культуры імя Сталіна. Там хлопец іграў у струнным аркестры, якім кіраваў былы палітвязень Аляксандр Наўроцкі. Гэта быў першы чалавек, які разгледзеў талент маладога музыкі, ён займаўся са сваім вучнем па сем гадзін у дзень.

уладзімір мулявін, песняры
Малады Уладзімір Мулявін.

У 1956 годзе Мулявін паступіў у Свярдлоўскае музычнае вучылішча на аддзяленне струнных інструментаў. Падчас вучобы ён стварыў гурт і граў з ім джаз. Калі кіраўніцтва вучылішча даведалася пра гэта, Уладзіміра і ўсіх удзельнікаў яго ансамбля адлічылі з фармулёўкай: «Пакланенне перад заходняй музыкай». Пасля гэтага гурт пачаў самастойна гастраляваць па Свярдлоўскай вобласці.

«Мы будзем жыць толькі тут»

У 1958 годзе Мулявіна ўзялі на працу ў Цюменскае абласное канцэртна-эстраднае бюро. Праз год на гастролях Уладзімір сустрэў Лідзію Кармальскую, артыстку жанру мастацкага свісту і сваю першую жонку (усяго іх у яго будзе тры).

У 1962 годзе маладыя ўпершыню прыехалі з канцэртамі ў Мінск. Так Мулявін расказваў пра сваё першае ўражанне:

«Я ўбачыў на вакзале літары «м» і «і» і падумаў: што гэта за літара такая з кропкай? Беларусь тады для нас была Расіяй. Але мы, вядома, ведалі паэзію Коласа і Купалы ў перакладзе — там, у сябе ў Свярдлоўску».

А жонку музыкі здзівіла тое, што ў сталіцы Беларусі ўсе прылаўкі былі поўныя — у адрозненне ад іншых савецкіх рэспублік. Кармальская гаварыла мужу: «Напэўна, у гэтую краму камісія прыехала з праверкай». Але ва ўсіх магазінах было тое самае — прадавалі па некалькі гатункаў каўбасы, сыроў, было з чаго выбраць. Артыстка сказала: «Валодзя, мы будзем жыць толькі тут». Так Мулявін застаўся ў Мінску.

«Валодзя, ды табе спяваць трэба!»

У 1963 годзе Беларуская філармонія запрасіла Мулявіна на працу. Будучы «пясняр» закахаўся ў беларускую народную музыку за яе меладычнасць і шматгалоссе. Больш за ўсё артыста натхняла творчасць Янкі Купалы, а томік вершаў паэта заўсёды быў у яго пад рукой. Музыка вучыў беларускую мову спецыяльна для таго, каб лепш разумець народныя напевы Беларусі.

Праз два гады Мулявіна прызвалі ў войска, дзе ён пазнаёміўся з музыкамі Валерыем Яшкіным, Леанідам Тышко, Уладзіславам Місевічам і Аляксандрам Дзямешкам. Падчас службы сябры стварылі вакальны квартэт і выступалі як ансамбль Беларускай вайсковай акругі. Уладзіслаў Місевіч успамінаў:

«Служылі мы ў розных ротах, але месца для рэпетыцый ва ўсіх было адно — Дом афіцэраў у Мінску. Там мы танцавалі, ігралі розную музыку… Слухалі цішком «Голас Амерыкі», джазавыя кампазіцыі. Ужо тады Валодзя быў выдатным аранжыроўшчыкам!».

Пасля дэмабілізацыі Уладзімір спачатку выступаў як гітарыст, але на адным з канцэртаў выпадкова стаў падпяваць у мікрафон народнай артыстцы Беларусі Нэлі Багуслаўскай. Тая, пачуўшы яго прыгожы голас, заявіла: «Валодзя, ды табе спяваць трэба!».

У 1968 годзе разам з армейскімі сябрамі Мулявін стварыў гурт «Лявоны», які граў пры папулярным танцавальным калектыве «Лявоніха». Артысты нават абялілі валасы перакісам вадароду, бо раз беларусы, значыць — белыя. У гэты перыяд у гурта з’явіліся першыя ўласныя кампазіцыі: перапрацоўкі беларускіх народных песень, якія сталі асновай рэпертуару. Мулявін шмат ездзіў па глухіх палескіх вёсках, дзе збіраў матэрыял. Потым рабіў для яго арыгінальную аранжыроўку. Ён першы пачаў сумяшчаць фальклор з біт-музыкай і джаз-рокам, каб творы гучалі сучасна, але не гублялі сваю душу.

уладзімір мулявін, песняры
Залаты склад «Песняроў».

«Нават у самых глухіх вёсках мы да ночы рэпетавалі ў пустых залах мясцовых дамоў культуры. Валодзя ўжо заразіўся любоўю да беларускага фальклору і пачаў рабіць яго сучасныя апрацоўкі. Мы горача жадалі быць падобнымі на бітлоў. А набраўшыся нахабства, сталі патрабаваць статус ВІА!», — расказваў Місевіч.

У тым жа годзе артысты сталі задумвацца пра змену назвы ансамбля на больш сур’ёзную, бо Лявон быў камедыйным персанажам беларускага фальклору, жартаўніком і скамарошным героем. Былі розныя варыянты — «Палескія зубры», «Маладыя галасы», «Арлы», але нічога не падабалася. Тады Леанід Тышко ў бібліятэцы ў ранніх вершах Янкі Купалы знайшоў слова «пясняр», якое ўсе аднагалосна ўхвалілі.

«Мы дабіліся поспеху таму, што ні да каго не былі падобныя»

Ансамбль пачаў набіраць папулярнасць і ў 1970 годзе, ужо пад новай назвай, адправіўся на чацвёрты Усесаюзны конкурс артыстаў эстрады ў Маскве. Кіраўніцтва Мінскай філармоніі не вельмі хацела адпускаць туды гурт. У той час для артыстаў эстрады былі строгія правілы: ніякіх доўгіх валасоў, вусоў і барод і толькі аднатонныя касцюмы. «Песняры» са сваімі «патлатымі» галовамі, вусішчамі і каляровымі строямі гэтым стандартам зусім не адпавядалі. Але Мулявіну ўдалося данесці да начальства, што такі выгляд — гэта і ёсць традыцыйны вобраз беларуса. На конкурсе гурт зрабіў сапраўдны фурор. Публіка была ўражана гучаннем забытай (а для многіх і зусім невядомай) народнай беларускай песні. Цудоўны вакал і сучасная аранжыроўка зрабілі «Песняроў» сапраўднымі рок-зоркамі.

Уладзімір Мулявін разважаў пра поспех гурта:

«Трэба было ісці сваім шляхам. Мяне не задавальняла эстрада ў тым выглядзе, у якім яна была тады. Гэта быў не наш шлях. Мы ўзялі народныя песні. Я іх шмат слухаў, убіраў у сябе ўсё лепшае. Мы дабіліся поспеху таму, што ні да каго не былі падобныя. Афіцыйна мы сталі першым гуртам, з якога пачаўся жанр ВІА».

Людзі па ўсім Савецкім Саюзе кінуліся ў кнігарні купляць руска-беларускія слоўнікі, каб разумець, пра што спяваюць «Песняры». Ніякім артыстам раней не ўдавалася выклікаць такую цікавасць да беларускай мовы. У самой жа Беларусі «Песняроў» проста абогатваралі, яны сталі музычнымі іконамі краіны.

уладзімір мулявін, песняры
«Песняры».

У 1971 годзе да калектыву далучыліся Леанід Барткевіч і Анатоль Кашапараў, і ансамбль стаў гучаць яшчэ больш неверагодна. Галасы новых удзельнікаў у прамым сэнсе слоў бралі за душу. Спявак Юрый Антонаў параўноўваў Мулявіна з таленавітым футбольным трэнерам: «Як той падбірае гульцоў, так ён (Мулявін) падбіраў музыкаў і вакалістаў. “Песняры” — гэта перш за ўсё вакал». А вядомы паэт Аркадзь Куляшоў так вызначыў феномен заснавальніка ансамбля: «Што такое інтэрнацыяналізм у дзеянні? Гэта калі ўральскі хлопец Валодзя Мулявін закахаўся ў беларускую песню і зрабіў яе вядомай ва ўсім свеце».

Уварванне беларускага року ў Амерыку

Цэнтральнае тэлебачанне дзень і ноч паказвала выступы ансамбля. На адным з канцэртаў вядучы Ігар Кірылаў, перакручваючы незнаёмыя беларускія словы, аб’явіў кампазіцыю «Касіў Ясь канюшыну». З першых акордаў песня ўразіла слухачоў нязвыклай для савецкай эстрады рок-апрацоўкай і стала сапраўдным хітом і візітоўкай «Песняроў».

Далей былі аншлагі па ўсім СССР, гастролі, распісаныя на тры-чатыры гады наперад. У 1970-х і ў першай палове 1980-х у Саюзе не было больш папулярнага ансамбля, чым «Песняры». Пласцінкі змяталіся мільённымі тыражамі, прыхільніцы завальвалі артыстаў лістамі з прызнаннямі ў каханні, а пасля канцэртаў літаральна рвалі на музыках кашулі.

У 1978 годзе Уладзімір Мулявін разам з кампазітарам Ігарам Лучанком стварыў рок-оперу «Гусляр» паводле паэмы Янкі Купалы «Курган». Музычныя крытыкі пазней напішуць, што «Гусляр» стаў творчым пікам у гісторыі «Песняроў» і ўсяго беларускага року.

«Песняры» заваявалі Савецкі Саюз, і трэба было рухацца далей. Дасведчаныя рокмены пачалі гаварыць пра наступны крок для мулявінскага гурта — заходні шоу-бізнес. Але былі і «таварышы», якія ніяк не маглі змірыцца з тым, што рускі мужык змог падняць беларускую народную песню на такі высокі ўзровень, які нікому і не сніўся.

Пачаліся замежныя гастролі. Першай была Польшча і яе міжнародны фестываль у Сопаце, а зімой 1976 года «Песняры», як самы камерцыйна паспяховы гурт ва ўсім СССР, выступілі на Канскім фэсце MIDEM у Францыі.

Але сапраўдным прарывам сталі канцэрты ў ЗША. «Песняры» — першы савецкі гурт, які выступіў ў Амерыцы. Амерыканская прэса назвала іх гуртам, які заслужыў, каб яму апладзіравалі стоячы. Паездка мела вялізны поспех. У мясцовых газетах і на тэлебачанні была арганізавана маштабная рэклама, «Песняры» нават трапілі ў папулярны чарт Billboard, дзе занялі другое месца пасля легендарнага гурта ABBA.

Цягам двух тыдняў беларускі гурт з аншлагамі выступаў у ЗША. Журналісты The Washington Post назвалі гэтыя гастролі «ўварваннем беларускага року ў Амерыку». Новы кантракт на серыю канцэртаў у ЗША «Песнярам» прапанаваў прадзюсар The Beatles. Але савецкі ўрад не даў на гэта дазволу і адправіў па артыстаў пусты самалёт, каб тыя хутчэй вярталіся дадому і спявалі для сваіх. Амбасадар Анатоль Дабрынін пазней гаварыў пра іх турнэ: «“Песняры” за дзесяць дзён знаходжання ў Штатах зрабілі значна больш, чым некаторыя дыпламаты за ўсю сваю кар’еру».

У 1991 годзе музыкі зноў выступяць у Амерыцы — у зале бібліятэкі ААН у Нью-Ёрку. Дыпламаты, якія будуць прысутнічаць на канцэрце, падчас песень «Завушніцы», «Зорка Венера» і «Пагоня» не змогуць стрымаць сваіх эмоцый і слёз. Наступныя амерыканскія гастролі адбудуцца ўжо іншым складам у 1994 і 2001 гадах.

«Сам я яшчэ не варты быць песняром, а толькі вучуся»

У другой палове 1980-х у СССР пачала набіраць папулярнасць заходняя культура: поп-музыка і «гаражны» рок. Музычныя густы людзей мяняліся, і «Песняры» ўжо падаваліся старамоднымі і нават не заўсёды збіралі поўныя залы. Калектыў перажываў творчы крызіс, залаты склад гурта распадаўся. Адзін за другім сыходзілі тыя, з кім Мулявін некалі пачынаў. Да ўсяго, праз адсутнасць былой колькасці канцэртаў у гурта з’явіліся фінансавыя цяжкасці. Мулявін страшна перажываў, у яго пачаліся праблемы з алкаголем, але артыст усімі сіламі імкнуўся захаваць ансамбль і набіраў новых музыкаў. Ахвотных было вельмі шмат — нават у тыя няпростыя часы працаваць у легендарным гурце лічылася вельмі прэстыжным.

У 1990 годзе у Маскве «Песняры» адзначылі дваццаты юбілей, дзе прадставілі арт-рокавую праграму «Слова Скарыны», прысвечаную 500-годдзю з дня нараджэння вялікага беларускага асветніка. У 1994 годзе на «Славянскім базары ў Віцебску» ансамбль даў аншлагавы канцэрт да свайго 25-годдзя.

уладзімір мулявін, песняры

У 1998 годзе ў калектыве адбыўся раскол. Міністэрства культуры Беларусі ў абход Мулявіна, які хварэў, прызначыла дырэктарам «Песняроў» Уладзіслава Місевіча. Мулявін даведаўся пра гэта і звярнуўся да Лукашэнкі, каб той дапамог яму вярнуцца на былую пасаду. Місевіч са старым складам гурта звольніўся і з’ехаў у Маскву, дзе стварыў новы гурт — «Беларускія песняры».

Уладзімір Мулявін запрасіў новых музыкаў і ў 2000 годзе адсвяткаваў трыццацігоддзе гурта. Дзеля такой падзеі прыехалі старыя ўдзельнікі — Барткевіч і Кашапараў, якія ўжо даўно жылі ў ЗША. У наступныя некалькі гадоў «Песняры» ездзілі з гастролямі па Беларусі і Расіі. За ўвесь час існавання ансамбля Мулявін напісаў больш за дзесяць унікальных і таленавітых музычных праграм, але ў апошнія гады гурт ужо амаль не выконваў новых песень і ездзіў са старым рэпертуарам, які публіка любіла. Цікава, што Мулявін, жывая легенда, на якую раўняліся маладыя артысты, вельмі часта сціпла гаварыў пра сябе: «Пясняр — найвышэйшае званне, пясняр — гэта паэт, музыка, гэта Янка Купала. Сам я яшчэ не варты быць песняром, а толькі вучуся».

14 мая 2002 года Мулявін трапіў у страшную аўтакатастрофу. Недалёка ад Мінска яго «Мэрсэдэс» на небяспечным павароце вылецеў на сустрэчную паласу, а затым у кювет. Артыста з цяжкімі траўмамі даставілі ў мінскую бальніцу, а пазней перавезлі ў Маскву. Восем месяцаў працягвалася лячэнне, дактары былі ўпэўненыя, што спявак будзе жыць. Але 26 студзеня 2003 года Уладзімір Мулявін памёр.

Яго смерць стала ўдарам для тысяч людзей. Прыхільнікі з усёй Еўропы прыязджалі на грамадзянскія паніхіды ў Маскву і Мінск. Многім нават бясплатна давалі нумары ў гасцініцах. Пахавалі заснавальніка «Песняроў» на Усходніх могілках у Мінску.

Пасля смерці Уладзіміра Мулявіна з’явіліся іншыя гурты, якія выконвалі творы «Песняроў». Міністэрства культуры Беларусі прызнала легітымнымі правапераемнікамі мулявінскага ансамбля толькі два з іх — «Беларускіх песняроў» і Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры».

Помнікі ў гонар Мулявіна ўзвялі ў Екацярынбургу і Мінску, у беларускай сталіцы яго прозвішчам быў названы бульвар. Мемарыяльныя дошкі ўстанавілі на доме, дзе музыка правёў дзяцінства, і на мінскім шматпавярховіку № 13 па вуліцы Леаніда Бяды, дзе ён жыў амаль усе гады.

уладзімір мулявін, песняры

Леанід Барткевіч у адным з інтэрв’ю сказаў пра былога кіраўніка і сябра кранальныя словы:

«Мулявін быў вельмі патрабавальны да самога сябе, у яго быў проста бездакорны густ у любых жанрах музыкі. Ён іграў амаль на ўсіх інструментах. Я лічу, што такім, як ён, геніем трэба нарадзіцца. На сцэне ад яго заўсёды зыходзіла каласальная энергія, ён зараджаў нас ёю. Наогул гэта быў чалавек ад Бога».

Вярнуцца ўгару