Натхненне

Як Радзівілы стварылі для сябе прыватнае войска


Як Радзівілы стварылі для сябе прыватнае войска

У XVIII стагоддзі Рэч Паспалітая перажывала глыбокі палітычны і сацыяльны крызіс. Дзяржаўная ўлада з кожным годам слабела: сейм працаваў дрэнна, судовая сістэма паралізавалася, каралеўская ўлада абмяжоўвалася, а дзяржаўнае войска ўсё часцей станавілася інструментам барацьбы паміж магнацкімі групоўкамі. На гэтым фоне ўзмацняліся сялянскія выступленні ў Беларусі, Літве і Украіне. Страх перад «сялянскай вайной» прымусіў шляхту і магнатаў шукаць уласныя сродкі абароны маёнткаў і ўлады. Такімі сродкамі сталі прыватныя войскі.

PALATNO расказвае пра прыватная войскі Радзівілаў.

Чаму ў Радзівілаў з’явілася ўласная міліцыя?

Міліцыя Радзівілаў узнікла як прыватнае войска магнацкага роду. Гэта структура не была дзяржаўнай паліцыяй у сучасным сэнсе. Галоўнай мэтай стала абарона ўладанняў Радзівілаў, падтрымліваць парадак у іх маёнтках і душыць супраціў сялян.

Прававой асновай для існавання ўзброеных фарміраванняў былі радзівілаўскія ардынацыі — вялікія спадчынныя ўладанні, якія мелі абавязак утрымліваць войска «для абароны краю». На практыцы гэта войска часта выкарыстоўвалася ў інтарэсах уладанікаў, а не для агульнадзяржаўных патрэбаў. У склад такой міліцыі ўваходзілі ардынацкія «казакі», пяхота, кавалерыя, артылерыя, драгуны, гусары і іншыя часткі.

Асабліва моцна міліцыю развіў князь Геранім Фларыян Радзівіл. Пасля вяртання з-за мяжы ў 1735 годзе ён пачаў будаваць уласнае войска паводле еўрапейскіх, найперш прускіх, узораў. Асновай сталі ўжо існуючыя невялікія гарнізоны ў Белай Падлясцы і Слуцку.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Тадэвуш Касцюшка, Іван Луцкевіч, Міхал Радзівіл. Тры (нешчаслівыя?) гісторыі кахання

 

Марыя дэ Кастэлян Радзівіл — княгіня-рэфарматар, якая вярнула славу Нясвіжскаму замку

 

«Дзякуючы табе мы перамаглі». Расказваем пра Станіслава Альбрэхта Радзівіла — геніяльнага бізнесмена і чалавека, які дапамог Джону Кенэдзі стаць прэзідэнтам


Дзе вучылі рэкрутаў, чаму вучылі і хто вучыў

Для стварэння харугваў міліцыі запрасілі ротмістра Берынгера, які прыцягнуў афіцэраў з Прусіі, закупляў коней ва Украіне і зброю з-за межа, рыхтаваў рэкрутаў.

Радзівілы стварылі кадэцкія корпусы для падрыхтоўкі кадраў. У маі 1747 года Міхал Казімір Радзівіл заснаваў такі корпус ў Нясвіжы. Гэта была не вайсковая школа ў сучасным сэнсе, а хутчэй школа з ваенным ухілам.

Рэкрутаў (ці кадэтаў) вучылі афіцэры. У праграму ўваходзілі геаметрыя, механіка, архітэктура і замежныя мовы. Радзівілы хацелі бачыць ва ўласным войску людзей, якія былі здольны разумець тактыку і стратэгію, інжынерную справу, умець камандаваць.

Асобнае месца займала дысцыпліна. Ротмістр Берынгер склаў для войска вайсковыя артыкулы — правілы паводзін і службы. Вайскоўцы павінны былі прысягаць на вернасць князю, слухацца афіцэраў і княжацкіх чыноўнікаў, ахоўваць маёнткі і не мець сувязяў з ворагамі Радзівілаў. За парушэнні прадугледжваліся вельмі жорсткія пакаранні: за непаслухмянасць, змовы, дэзерцірства або ўцёкі перад ворагам магла пагражаць смерць.

радзівілаўская міліцыя, радзівілаўскае прыватнае войска, войска радзівілаў, нясвіжскі кадэцкі корпус
Нясвіжскі кадэцкі корпус. Выява палепшана з дапамогай штучнага інтэлекта.

Сацыяльны склад рэкрутаў і вайскоўцаў быў неаднародны. Было шмат сялян з беларускіх і літоўскіх уладанняў Радзівілаў. У прыватным войску сярод шэрагоўцаў часта сустракаліся беларускія імёны — Васіль, Трафім, Кірыла. Затое сярод афіцэраў спачатку было шмат іншаземцаў: немцаў, венграў і іншых краінх. Пазней колькасць іншаземцаў сярод афіцэраў зменшылася.

Найбольшыя корпусы былі ў Слуцку і Нясвіжы. У 1761 годзе ў прыватным войску Радзівілаў налічвалася 14 гарнізонаў і больш за тысячу чалавек пяхоты, артылерыі і кавалерыі.

З кім змагалася войска Радзівілаў

Найперш міліцыя Радзівілаў была скіравана супраць сялянскіх рухаў. Яна павінны была ахоўваць парадак у маёнтках, прымушаць сялян да паслухмянасці і падаўляць паўстанні.

Прыватнае войска выкарыстоўвалі не толькі супраць сялян. Актыўна яго выкарыстоўвалі ў магнацкіх канфліктах.

  • У 1744 годзе радзівілаўскія сілы змагаліся за Жоўкаўшчыну супраць Тарлаў. У тыя гады князь Міхал Казімір Радзівіл спрачаўся з сандамірскім ваяводам за спадчыну Сабескіх (то бок, Жоўкаўшчыну). Землі былі прысуджаныя рашэннем Трыбунала Радзівілу, але Тарла заняў іх са сваім войскам. Радзівіл змог з дапамогай уласнага войска адбіць землі.
  • У 1751 годзе войска Радзівілаў удзельнічала ў сутычках з войскамі Халецкіх. Князь Альбрэхт Радзівіл прасіў дапамогі ў сваякоў Гераніма Фларыяна і Міхала Казіміра. Войскі Радзівілаў дапамаглі сваяку ля Глуска і Рэчыцы. У выніку, радзівілаўскія фарміраванні перамаглі Халецкіх і захапілі варожыя маёнткі.
  • У 1764 годзе Караль Станіслаў Радзівіл ужыў міліцыю ў барацьбе супраць палітычных праціўнікаў — Чартарыйскіх, калі яго людзі напалі на маёнткі. Пасля гэтага Радзівілы былі разбіты пад Слонімам, а Нясвіж узяты пасля кароткай аблогі.
радзівілаўская міліцыя, радзівілаўскае прыватнае войска, войска радзівілаў
Вайскоўцы радзівілаўскіх фарміраванняў. Выява створана штучным інтэлектам.

Пазней асобныя афіцэры і часткі прыватнага войска ўдзельнічалі ў падзеях Барскай канфедэрацыі. У 1792 годзе рэшткі радзівілаўскіх фарміраванняў абаранялі Нясвіж ад расійскіх войскаў, але пасля некалькіх дзён баёў здаліся.

Чаму радзівілаўскія міліцыя заняпала

Заняпад міліцыі Радзівілаў быў звязаны з некалькімі прычынамі.

Па-першае, яна залежала ад асабістай волі і фінансавых магчымасцяў князя. Пасля смерці Гераніма Фларыяна Радзівіла ў 1760 годзе яго міліцыя перайшла да Міхала Казіміра «Рыбанькі», але той яе значна скараціў. То бок, памер і стан прыватнага войска залежалі ад патрэбаў і магчымасцяў канкрэтнага магната.

Па-другое, міліцыя была вельмі дарагой. Утрыманне гарнізонаў, артылерыі, кавалерыі патрабавала вялікіх сродкаў. Выдаткі на прыватнае войска дасягала сотняў тысяч злотых.

Па-трэцяе, у другой палове XVIII стагоддзя дзяржава спрабавала ўзмацніцца. Падчас рэформаў Чатырохгадовага сейма радзівілаўскія фарміраванні ўключылі ў склад войска Рэчы Паспалітай. Магнацкае войска паступова губляла самастойнасць.

Па-чацвёртае, палітычныя паразы Радзівілаў таксама асаблялі войска. Пасля падзей 1764 года Нясвіж быў захоплены, прыватнае войска было раззброена і расфарміравана. Караль Станіслаў Радзівіл аднавіў міліцыю толькі пасля вяртання ў краіну, але яна ўжо не мела ранейшай палітычнай вагі.