Прайшоў Лукішскую турму, расстраляны пасля Салаўкоў. Расказваем пра фалькларыста Антона Грыневіч

Антон Грыневіч, фалькларыст Грыневіч

Амаль усё сваё жыццё ён збіраў музычны фальклор беларусаў, выдаваў зборнікі і спеўнікі… Спачатку яго арыштавалі польскія ўлады і пасадзілі ў Лукішскую турму, але ён вызваліўся і ўцёк у БССР. У гады «Вялікага тэрору» яго арыштавалі ўжо савецкія чэкісты і адправілі ў Салаўкі — там яго расстралялі рашэннем «тройкі» па палітычным артыкуле.

PALATNO расказвае пра даследчыка беларускага музычнага фальклору Антона Грыневіча.

Цікавасць да беларушчыны, любоў да беларускага фальклору і адкрыццё свайго выдавецтва

Антон Грыневіч нарадзіўся 3 мая 1877 года ў фальварку Іванаўшчына на Лепельшчыне. У 1906 годзе пераехаў у Пецярбург: да пераезду ён паспеў скончыць толькі Дзісненскае гарадское вучылішча. У Пецярбургу хадзіў на розныя курсы і працаўладкаваўся ў Міністэрства гандлю і прамысловасці. Паралельна атрымліваў музычную адукацыю: скончыў музычную школу кампазітара Сяргея Ляпунова.

У Пецярбургу завёў знаёмствы з дзеячамі беларускага адраджэння. Беларушчына моцна паўплывала на далейшае жыццё Грыневіча. У 1906 годзе ён стаў членам выдавецкага аб’яднання «Загляне сонца і ў наша аконца». Яшчэ праз чатыры гады, у 1910-м заснаваў «Выдавецтва Антона Грыневіча» на ўласныя грошы. Яно праіснавала амаль да пачатку Першай сусветнай вайны. За тры гады выдавецтва Грыневіча выпусціла адзінаццаць кніг.

У гэты час заводзіць сяброўства з Янкам Купалам. Разам з ім у 1911 годзе яны запісвалі народныя песні ў сядзібе маці паэта на Лагойшчыне. Таксама Грыневіч шчыльна супрацоўнічаў з газетай «Наша Ніва»: у ёй пісаў пра каштоўнасць традыцыйнай культуры і заклікаў збіраць беларускія песні.

У 1914 годзе пачалася Першай сусветная вайна. Грыневіча мабілізавалі ў войска — ён служыў у тылу ў Цвярской вобласці, займаўся ўлікам грузаў на Паўночны фронт.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Як пачалася Першая сусветная вайна

 

Як размаўляюць беларускія паўночнікі?

 

«А хто там ідзе?». 81 год таму памёр Янка Купала


Пераслед з боку польскіх улад, праца ў Вільні, уцёкі ў Саветы

Пасля Кастрычніцага перавароту Грыневіч перабраўся ў Маскву. Там уладкаваўся супрацоўнікам Беларускага нацыянальнага камісарыята: ён працаваў у культурна-асветніцкім аддзеле. Калі абвясцілі незалежнасць Савецкай Беларусі, ён пераехаў у Мінск. Там атрымаў пасаду кіраўніка Беларускага народнага дома.

У 1920 годзе перабраўся ў Вільню. Там падтрымліваў беларускія ініцыятывы, у тым ліку і тэатральную студыю — Беларускую драматычную майстэрню. У Вільні Грыневіч працягваў займацца выдавецтвам, рыхтаваў кнігі і зборнікі да друку. Аднак спакойна жыць не атрымалася…

У 1921 годзе Грыневіча арыштавалі польскія ўлады па абвінавачванні ў сувязях з бальшавікамі. Яго пасадзілі ў Лукішскую турму на дзесяць месяцаў. Пасля вызвалення яшчэ некалькі гадоў ён знаходзіўся пад назіраннем польскай паліцыі. Але ўсё роўна заставаўся ў Вільні: працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, сакратаром Таварыства беларускай школы. Там жа паспеў выдаць школьны і народны спеўнікі.

У красавіку 1925 года нелегальна перабраўся ў БССР і ад таго часу жыў у Мінску. Пазней, у інтэрв’ю «Савецкай Беларусі» ў 1927 годзе расказваў, што пачаў займацца зборам песень ад 1906 года — тады, калі пераехаў у Пецярбург. Вядома, што да 1927 года Грыневіч сабраў каля 500 народных мелодый і каля 1 000 тэкстаў.

У Мінску ўладкаваўся ў музычную падсекцыю Інстытута беларускай культуры, старшынёй Беларускай песеннай камісіі. Удзельнічаў у шматлікіх экспедыцыях на Палессе і на поўнач Беларусі. Зрабіў больш за 350 запісаў народнага меласу, дзіцячых гульняў на Тураўшчыне і Полаччыне.

У 1928 годзе пераязджае з Мінска на Віцебшчыну — жыў у Гарадку, а затым у Віцебску. Там ён планаваў далей працаваць над зборам і далейшым выданнем этнамузычных кніг.

Сфабрыкаваная справа, Салаўкі і расстрэл у Ленінградзе

Восенню 1933 года Антона Грыневіча арыштавалі чэкісты. У 1934 годзе яго прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання, якую замянілі на дзесяць гадоў лагераў за справу Беларускага нацыянальнага цэнтра.

фалькларыст антон грыневіч
Антон Грыневіч у 1920-я гады. Фота: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук
ДАВЕДКА
Што за справа Беларускага нацыянальнага цэнтра? У 1933 годзе беларускі НКУС завёў супраць дзеячаў, які ўцяклі з Польшчы ў БССР. Чэкісты сцвярджалі, што арыштаваныя беларускія дзеячы з’яўляюцца агентамі польскай разведкі, чаго, вядома, не было. Таксама чэкісты былі ўпэўненыя, што беларускія дзеячы імкнуцца зрынуць савецкую ўладу і ўсталяваць буржуазна-дэмакратычную рэспубліку. Па справе праходзілі больш за 200 чалавек, амаль сотні прад’явілі абвінавачванні і судзілі. Ужо пасля смерці Сталіна высветлілася, што справа Беларускага нацыянальнага цэнтра была цалкам сфабрыкаванай.

Ад таго часу Грыневіч знаходзіўся ў турме ў Салаўках. 25 лістапада 1937 года Грыневіча зноў прыгаварылі да вышэйшай меры. Датай смерці значыцца 8 снежня 1937 года, ён быў расстраляны ў Ленінградзе. Грыневіча рэабілітавалі ў 1956 годзе.

Вярнуцца ўгару