Птушка, якая можа прадказаць дождж і бяду. Расказваем пра чорную жаўну

чорная жаўна, беларуская міфалогія, птушкі беларусі

У беларускіх паданнях вялікі чорны дзяцел, або жаўна, быў не проста лясной птушкай. Згодна з легендамі, жаўна быў бортнікам, якога пакаралі за працу ў нядзелю і ператварылі ў птушку. Міфы, прыкметы і рэальная экалагічная карысць зрабілі з жаўна адну з самых цікавых птушак беларускіх лясоў.

PALATNO расказвае пра чорную жаўну і яе ролю для беларусаў.

Кара за працу

Гісторыя вялікага чорнага дзятла, якога часцей завуць жаўной, у беларускіх паданнях пачынаецца так: калісьці жыў бортнік, які адмовіўся ісці ў нядзелю ў царку, а замест працягнуў працаваць. Падобныя паданні зафіксаваны на Палессі і ў цэнтральнай Беларусі, але толькі нязначна адрозніваюцца ў дэталях. За тое, што бортнік адмовіўся ісці ў царкву, яго пакараў Бог і ператварыў яго ў птушку. З таго часу бедны «пчаляр» мусіў дзяўбці дрэвы і вырабляць дуплы, нават у святы.

У прыродзе жаўна сапраўды робіць унікальную працу. Птушка выбірае старыя дрэвы і дзяўбе там новыя дуплы. У іх птушка жыве толькі адзін сезон, а потым перасяляецца. Затое старыя «кватэры» хутка займаюць іншыя птушкі, вавёркі ці лясныя пчолы. Для экалогіі жаўна сапраўдны дабрадзей і ў нейкім сэнсе архітэктар.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Белы і чорны буслы: чаму гэтыя птушкі так шмат значылі для беларусаў

 

Вужы — ад удару маланкі, птушкі — на каханне. Як і чаму беларусы ўпрыгожвалі свае хаты?

 

Арлы, пеўні і жураўлі. Якія птушкі ёсць на гербах беларускіх гарадоў


Жаўна — птушка агню

З-за чорнага апярэння і яркай чырвонай плямы на галаве ў народзе жаўну часта звязвалі з агнём і магіяй. А яшчэ птушку рэдка можна ўбачыць, бо яна любіць цішыню і спакой. Аднак пачуць жаўну вельмі лёгка: перад дажджом птушка рэзка і гучна крычыць, быццам папярэджвае «Піць! Піць!» — і гэта становіцца прыкметай, што хутка будзе дождж.

Яшчэ адна прыкмета, звязаная з жаўной, — калі птушка пачынала дзяўбці сцяну хаты, то ў сям’і магла здарыцца бяда, бо чакалася, што хтосьці памрэ. Такая прыкмета ёсць не толькі ў беларусаў, але ва ўсіх усходніх славян. Дарэчы, рускія лічылі, што бервяно, якое дзяўбаў дзяцел, прыдатнае толькі на дровы, а не для будоўлі хаты.

Згода з уяўленнямі продкаў беларусаў, у жаўне спалучаюцца пчала (раней жаўна быў пчаляром), агонь і магчымасць прадказваць будучыню. Таму беларусы лічылі жаўну «вешчай птушкай». Жаўна нібыта стаіць паміж чалавекам, прыродай і духамі.

На гэтым народная фантазія не спыняецца. Існавала паданне, згодна з якім жаўна быў пакараны Богам за тое, што не ўдзельнічаў у стварэнні рэк. Таму жаўна не можа піць ваду з зямлі, а толькі ловіць дажджавыя кроплі.

Вярнуцца ўгару