Чаму беларусы ненавідзяць панядзелкі, а пятніцы любяць?

вераванні беларусаў, у што вераць беларусы, беларуская міфалогія

Чаму нам так не падабаюцца панядзелкі? А чаму серада — гэта маленькая пятніца? У нядзелю дакладна можна нічога не рабіць? У нашых уяўлянняў і адчуванняў ёсць тлумачэнні. Дзясяткі гадоў да нас нашы продкі жылі і адчувалі гэтыя дні прыкладна, як і мы — з маленькімі адрозненнямі.

PALATNO расказвае, чаму ў нас такое дзіўнае стаўленне да дзён тыдня.

Чаму панядзелак выклікае нянавісць

Беларусы заўсёды лічылі першы дзень тыдня цяжкім і нешчаслівым. Існуе некалькі версій, чаму ў беларусаў стагоддзямі фарміравалася адмоўнае стаўленне да панядзелкаў. Па-першае, панядзелак — гэта дзень цяжкага пахмелля пасля нядзельнага святкавання. Па-другое, пасля дня адпачынку не адразу хочацца працаваць.

Аднак беларусы заўсёды не любілі панядзелкі, бо гэты дзень сімвалізуе пачатак, што заўжды было цяжкай справай. У народзе кажуць: «Не пашанцавала з ранку, не пашчасціць і вечарам‎», «‎Нарадзілася цялятка з плямкай — з плямкай і памрэ», і больш блізкае да нас цяпер — «Як сустрэнеш Новы год, такім ён і будзе‎».‎‎‎

Панядзелак лічыўся «‎мужчынскім» днём. У панядзелкі раней не садзілі курыцу на яйкі, бо маглі вывесціся адны пеўні. У гэты ж дзень віталася саджаць фасоль і агуркі.‎ Продкі беларусаў лічылі, што ноч з панядзелка на аўторак была спрыяльнай для зачацця хлопчыка.

У мінулым стагоддзі з’явіліся новыя і дадатковыя перасцярогі, звязаныя з панядзелкам. Напрыклад, у панядзелак не пажадана класціся ў бальніцу, бо тады чалавек будзе доўга хварэць.

Панядзелкі лічыліся дрэнным днём для пачатку вандроўкі, казалі так: «У панядзелак нават цыган у дарогу не збіраецца, бо не пашанцуе‎».‎ З часам гэта пераўтварылася ў своеасаблівае табу.

Сны, якія сняцца ў панядзелак, збываюцца толькі для тых людзей, якія нарадзіліся ў гэты дзень. А каб быць заўсёды пра грашах, то нельга ні ў якім разе стрыгчы пазногці.

Разам з негатыўным стаўленнем да панядзелкаў менавіта гэты дзень лічыцца найлепшым для таго, каб пачынаць любую справу.

чаму мы не любім панядзелкі, панядзелак у міфалогіі, беларуская міфалогія

Аўторак — самы прадуктыўны дзень

Аўторак заўжды лічыўся адным з найбольш спрыяльных для пачатку важных спраў — для гаспадаркі і сямейных таксама. У сучасным уяўленні гэта на 100% быў бы самым прадуктыўным днём тыдня.

У гэты дзень амаль заўсёды выпраўляліся ў далёкую дарогу, бо тады дакладна пашчасціць, а сама паездка будзе з добрым вынікам. Менавіта аўторкі абіралі як дзень, калі можна пайсці ў сваты і атрымаць згоду.

Аўторак лічылі спрыяльным днём, каб адняць дзіця ад грудзі. У гэты ж дзень пачыналі сеяць яравыя культуры, садзілі курыцу на яйкі і гэтак далей. Звычайна па аўторках пачыналі будаваць новую хату. Беларусы былі перакананы, калі чалавек народзіцца ў аўторак, то пражыве доўгае і шчаслівае жыццё.

Але ж з аўторкамі не заўсёды было ўсё добра. Існавала павер’е, па якім нельга было пазычаць грошы ў аўторак.

Сон, які прысніцца ноччу ў аўторак, можа збыцца праз 7-10 гадоў.

Серада — маленькая пятніца

Трэці дзень тыдня — серада. Яна лічылася маленькай пятніца, бо ў хрысціян яна была посным днём, як і пятніца. Вось доказы: «‎Чаго глядзіш, як серада на пятніцу», «‎Надуўся як серада на пятніцу». А пра чалавека, у якога відаць сподняе, казалі: «‎Серада з-пад пятніцы тырчыць».‎‎‎ Існавала шмат спрэчак у сувязі з гэтымі двумя днямі — які з іх найбольш важны, але канчатковы адказ на гэта пытанне ніколі не даваўся.

У сераду існаваў шэраг забаранаў: нельга было пачынаць сяўбу, ісці ў сваты, збірацца ў дарогу, бяліць печ і нават купаць дзяцей. Людзі, у якіх была гаспадарка, лічылі, што калі ў сераду народзяцца парасяты, то яны абавязкова прападуць. Што датычыцца сноў у сераду, то яны лічыліся прароцкімі.

На Палессі, каб засцерагчы пасевы ад граду, ушаноўвалі Градавую Сераду — першую пасля Тройцы ў адных месцах або чацвёртую пасля Вялікадня — у іншых.

дні тыдня, беларуская этнаграфія, беларуская міфалогія
Серада — гэта маленькая пятніца.

Чацвер — сябар аўторка

Чацвер лічыўся такім жа спрыяльным днём, як і аўторак. На працягу года ўшаноўвалі некалькі чацвяргоў: на Масленічным тыдні, перад Вялікаднем, на велікодным тыдні, перад Сёмухай.

У Чысты чацвер трэба было пакупацца ў крынічнай вадзе на ўсходзе сонца, тады твар будзем чыстым і белым. У больш позні час гэты абрад быў заменены звычайным купаннем у лазні. На Віцебшчыне ў Чысты чацвер на ўвесь дзень на полі ставілі які-небудзь посуд з вадой. Гэта вада лічылася «святой‎»‎ і валодала гаючымі якасцямі. У беларускіх валачобных песнях можна сустрэць наступныя апісанні Чыстага чацвярга: «‎Чысты чацвер вулкі чысце, дваркі мяце, слядкі кладзе святому Вялічку‎», «‎Чысты чацвер ячмень засяваець»‎.

У гэты ж дзень таксама пачыналі будаваць хату. Менавіта ў чацвер хадзілі па вёсцы і запрашалі гасцей на вяселле, а таксама распачыналі жніво і спраўлялі зажынкі. У чацвер нарыхтоўвалі прадукты: засальвалі і квасілі гародніну, але садзіць штосьці ці саліць сала было забаронена.

Існавалі адпаведныя забароны: каб быць багатым на працягу года, пазногці трэба было стрыгчы выключна ў чацвер на маладзіку.

Пятніца, якую ўсе чакаюць

Пятніца — адзін з самых спрыяльных дзён у тыдні для гаспадарчых спраў. Як і серада, пятніца ў хрысціян лічыцца посным днём. Аднак да пятнічнага паста былі больш жорсткія патрабаванні.

У хрысціянстве пятніцу называюць тым днём, калі Ісус Хрыстос быў укрыжаваны. Менавіта гэты дзень звязваецца з культам пакутніцы Параскевы, але за вобразам жанчыны, якой не існавала ў рэальнасці, хаваецца персаніфікаванае ўвасабленне гэтага дня — пятніцы. Культ Параскевы быў даволі пашыраны ў беларускім асяроддзі і звязаны са шматлікімі табу:

  • жанчыны мыліся ў лазні толькі ў пятніцу;
  • перад Дзядамі даўней адзначаліся «‎бабы»;
  • дзяўчаты хадзілі ў пятніцу ў храм і прасілі сабе суджанага;
  • падчас засухі жанчыны ў пятніцу выконвалі абрад ручніка-«‎абыдзённіка» і г.д.

У пятніцу нельга было купаць дзяцей, каб абараніць іх ад захворванняў. А калі маці пакупала дзіця, то трэба было правесці своеасаблівы абрад. Маці клікала да сябе суседку, якой перадавала дзіця, а тая праз акно з вуліцы давала ёй яго назад.

Раней беларусы так казалі пра пятніцы: «‎Калі Каляды выпадаюць у пятніцу, то на той год будзе паміраць больш жанчын, чым мужчын, а калі ў панядзелак, то жанчыны з цяжкасцю будуць раджаць».‎‎

вераванні беларусаў, у што вераць беларусы, беларуская міфалогія

За што мы любім выхадныя: субота і нядзеля

Для беларусаў у даўнія часы і цяпер субота падавалася лёгкім днём, бо наперадзе была нядзеля, дзень для адпачынку. Раней беларусы ставіліся да суботы як да дня, звязанага з культам продкаў. У гэты дзень часта святкавалі Дзяды. Разам з гэтым лічылася, што чалавек, які народзіцца ў суботу, можа бачыць духаў сваіх продкаў.

Калі пятніца лічылася жаночым днём у лазні, то субота была мужчынскім днём для паходу ў лазню. Лічылася таксама, што субота спрыяльны дзень для ад’езду ў далёкую вандроўку. Дзяцей хрысцілі ў суботу, каб яны пражылі больш доўгае жыццё.

У народнай медыцыне субота лічыцца днём, калі можна лячыць п’яніцу.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Як па-беларуску размаўляць пра алкаголь?

 

Алкаголь, нож, сварка. Як і навошта забіваюць беларусы

 

«Гарэлка», «гарэліца», «гарэлае віно»… Моцны алкаголь у нашай гісторыі


Апошні дзень тыдня, нядзеля, лічыўся днём адпачынку. У нядзелю забаранялася рабіць шматлікія жаночыя справы, а для мужчын ён наадварот быў спрыяльным для спраў.

Хрысціянізацыя беларусаў спрыяла таму, што нядзеля стала асноўным днём для правядзення абрадавай практыкі. Беларускае звычаёвае права патрабавала: «‎У сераду не смейся, у нядзелю не плач».

Лічылася, што дзіця народжанае ў нядзелю, можа валодаць незвычайнымі здольнасцямі. Існавала перакананне: людзі, якія нарадзіліся ў гэты дзень, маглі «‎бачыць»‎ зарыты скарб. Пажадана, каб маці з дзіцём упершыню выйшла з хаты ў гэты дзень.

Вярнуцца ўгару