Грамадзянская вайна ў ВКЛ 1696-1702 гадоў. Як і чаму яна здарылася, і да чаго прывяла?

грамадзянская вайна ў вкл 1696-1700, казімір сапега, рыгор агінскі

Больш за трыста гадоў таму магнаты на тэрыторыі ВКЛ сталі сур’ёзнай сілай. Магнаты маглі не пагаджацца з каралямі і нават уступаць з імі ў канфлікты. Нарэшце гэта прывяло да таго, што на землях Вялікага княства Літоўскага адбылася грамадзянская вайна. Яна паказала не толькі слабасць каралеўскай улады, але і слабасць дзяржавы ў час унутрыпалітычных і знешніх выклікаў.

PALATNO расказвае пра барацьбу магнатаў.

Як пачалася грамадзянская вайна

У канцы XVII стагоддзя ў ВКЛ назапасілася шмат унутрыпалітычных праблем. Рэч Паспалітая слабела: каралеўская ўлада ўжо не была такой уплывовай, сеймы часта зрываліся з-за «ліберум вета», а галоўнай сілай у дзяржаве сталі заможныя магнаты.

Кожны з магутных родаў (Сапегі, Радзівілы, Пацы, Агінскія, Вішнявецкія) змагаліся за першынство. Аднак унія з Польшчай моцная абмяжоўвала правы вялікакняжацкіх магнатаў. Таму некаторыя захацелі захаваць незалежнасць ВКЛ у межах уніі, а іншыя наадварот імкнуліся зблізіць ВКЛ з Польшчай і ўраўнаваць правы шляхты.

Асабліва моцнымі былі Сапегі, якія ўтрымлівалі ў сваіх руках войскі і фінансы Вялікага княства Літоўскага. Спачатку Сапегаў падтрымліваў кароль Ян III Сабескі, але хутка магнаты сталі настолькі магутнымі, што пачалі супрацьстаяць самому каралю. Гэта выклікала незадаволенасць іншых магнатаў, шляхты і, канешне, каралеўскага двара.

Кароль Ян III Сабескі, польскія каралі рэчы паспалітай
Кароль Ян III Сабескі.

Дадатковай іскрай стаў канфлікт, які пасля атрымаў назву «касцёльная вайна», паміж вялікім гетманам Казімірам Сапегам і віленскім біскупам Канстанцінам Бжэстоўскім. Біскуп асуджаў злоўжыванні сапегаўскага войска, якое рабавала ўладанні царквы. Гетман жа абвінаваціў біскупа ў тым, што той дзейнічаў у інтарэсах прафранцузскіх шляхціцаў і падрываў адзінства Рэчы Паспалітай. «Касцёльная вайна» паказала, што Сапегі сталі надта моцнай сілай, якая адмаўлялася падпарадкоўвацца нават духоўнай уладзе.

У 1696 годзе памёр кароль Ян Сабескі, і пасля яго смерці ўнутрыпалітычная сітуацыя ў ВКЛ яшчэ больш абвастрылася. Новы прэтэндэнт на трон, Аўгуст Фрыдрых II, паабяцаў ураўнаваць правы польскай і літвінскай шляхты, то бок дамагчыся так званай каэквацыі правоў. Па сутнасці, гэта было патрабаванне абмежаваць уладу Сапегаў і перадаць кантроль над войскам і скарбам шляхце.

Менавіта ў гэты час пачаўся адкрыты ўзброены канфлікт. У кастрычніку 1696 года шляхта, незадаволеная Сапегамі, утварыла Берасцейскую вайсковую канфедэрацыю на чале з Рыгорам Агінскім. Яе ўдзельнікі абвясцілі, што будуць змагацца за «залатыя шляхецкія вольнасці». У адказ гетман Казімір Сапега сабраў сваё войска і аблажыў Берасце. Бітва вакол Берасця сталі пачаткам грамадзянскай вайны ў ВКЛ. Частка шляхты падтрымала Сапегаў, частка — Агінскага і іншых антысапегаўскіх лідараў.

Рыгор Агінскі, грамадзянская вайна 1696-1700
Рыгор Агінскі.

Разгар грамадзянскай вайны, умяшанне замежных дзяржаў

Ужо пасля смерці Яна Сабескага да ўлады прыходзіць Аўгуст II — кандыдат, якога не падтрымлівалі Сапегі. Гэта ў далейшым паўплывала на зыход на грамадзянскай вайны. Справа ў тым, што ў Маскве бачылі слабасць Рэчы Паспалітай і разглядалі магчымасць узяць ВКЛ пад свой уплыў.

Каралеўскі пасланнік Ян Бакей у Маскве перадаваў інтарэсы двара і партыі, якая выступала супраць Сапегаў. Праз Бакея прасілі ўвесці рускія войскі і ўдарыць па ўладаннях Сапегаў. На той момант гэта стварала небяспечны прэцэдэнт: запрашэнне чужога войска на сваю зямлю для расправы з унутраным сапернікам.

кароль аўгуст ii, каралі рэчы паспалітай, грамадзянская вайна 1696-1700
Кароль Аўгуст II.

У 1698 годзе пад Ашмянамі прайшоў з’езд «рэспубліканцаў» (то бок, праціўнікаў Сапегаў). Згодна з праграмай з’езда, прынялі шэраг патрабаванняў:

  • прыянць каэквацыю правоў (абмежаваць уладу Сапегаў);
  • склікаць узброенных прыхільнікаў;
  • дазволіць канфіскацыю маёмасці сапегаўцаў;
  • адхіліць Сапегаў ад камандавання і ад скарбаў да сеймавага суда.

Аўгуст II спрабаваў лавіраваць. Ён адкрыта не падтрымліваў нікога, але ўсё-такі хацеў увесці ў ВКЛ саксонскае войска, каб узмацніць уласную ўладу і падрыхтаваць глебу для абсалютнага панавання.

Першыя буйныя ваенныя сутычкі ў грамадзянскай вайне адбыліся ў 1698 годзе. Вясной таго ж года Рыгор Агінскі сабраў войска і пачаў дзейнічаць у Жамойці, але яго сілы хутка акружылі ля Коўна, таму ён вярнуўся без харугвы і зброі дадому. Летам 1698 года жамойцкі сеймік абраў Агінскага старостам, але кароль марудзіў з пацвярджэннем. І вось калі паслы пачалі пагражаць іншай пратэкцыяй, то Аўгуст II урэшце пацвердзіў выбар.

Грамадзянская вайна магла скончыцца ў тым жа 1698 годзе, але кароткі мір падпісаны ў Варшаве ў сярэдзіне ліпеня скончыўся праз тыдзень. Першым дзейнічаць пачаў Рыгор Агінскі, які зноў выступіў з войскам супраць Сапегаў, але ж яго зноў разбілі.

Восенню 1698 года Аўгуст II увёў саксонскія войскі, якія павінны былі прымірыць бакі, але на самой справе іх мэтай было закласці плацдарм для ўмацавання абсалютнай улады караля. На той час сілы Сапегаў моцна саступалі «рэспубліканцам» і саксонскім войскам, таму Казімір Сапега пайшоў на саступкі. Ён значна скараціў рэгулярнае войска, прызнаў права шляхты збірацца ў паспалітае рушанне і атрымаць амністыю для падначаленых.

Сапегі доўга не здаваліся. Чаму і як яны трымаліся так доўга супраць караля, «рэспубліканцаў» і Пятра I?

Гарадзенская пастанова 1698 года абмежавала ўладу Сапегаў і скарачала войскі, але гетман Казімір Сапега падпісваў яе пад ціскам. Ужо ўзімку 1699 года гетман адкрыта пратэставаў перад каралём, а пасля ўвогуле выдаў «Маніфест», у якім рашуча абвяргаў пастанову. Спроба замірыцца на сейме ў 1699 годзе правалілася.

У пачатку 1700 года супраць Сапегаў аб’ядналіся магутныя роды Вішнявецкіх і Радзівілаў, а таксама частка вышэйшых чыноўнікаў. На той час ішла падрыхтоўка вайны са Швецыяй, таму лідары «рэспубліканцаў» склікалі паспалітае рушанне, якое фактычна накіравалі ў барацьбу супраць Сапегаў.

18 лістапада 1700 года пад Алькенікамі адбылася вялікая бітва, у якой сышлося да 12 тысяч воінаў. Сілы былі ад пачатку няроўныя. Антысапегаўцы на чале з Міхалам Вішнявецкім і Рыгорам Агінскім мелі значную перавагу і разбілі Сапегаў. Тая бітва была рашучай паразай фракцыі Сапегаў, бо пасля яе ўжо не былі ні войска, ні ўплыву.

Перамога «рэспубліканцаў» была замацавана дакументальна Алькеніцкімі пастановамі. Згодна з імі, Сапегі пазбаўляліся ўсіх пасад і маёнткаў, яны абвяшчаліся ворагамі і выганяліся з дзяржавы. Антысапегаўскія лідары Рыгор Агінскі і Міхал Коцел атрымалі правы збіраць падаткі і распараджацца сапегаўскімі маёнткамі, з іх сродкаў выплачвалі кампенсацыі сем’ям загінулых у бітве.

паспалітае рушання, грамадзянская вайна 1696-1700, бітва пад алькенікамі
Паспалітае рушанне.

Яшчэ больш нечаканае адбылося пасля бітвы. На мяжы 1700-1701 гадоў пераможцы-«рэспубліканцы» падпісалі «Віленскую пастанову», якая абвяшчала ўвядзенне ў ВКЛ спадчыннай абсалютнай манархіі на чале з Аўгустам II, а «залатыя шляхецкія вольнасці» абвяшчаліся нікчэмнымі і адмяняліся. Такім чынам, абаронцы вольнасці самі падтрымалі абсалютысцкі пераварот. Аднак у выніку Паўночнай вайны і паразы Расіі пад Нарвай палітычная сітуацыя змянілася: Аўгуст II страціў падтрымку Пятра I і вымушаны быў адмовіцца ад гэтых планаў.

Да 1702 года актыўныя баявыя дзеянні паміж сапегаўцамі, якія імкнуліся ўцягнуць у барацьбу нават сялянства, і «рэспубліканцамі» сціхлі. Большасць Сапегаў і іх прыхільнікаў была вымушана з’ехаць з Рэчы Паспалітай ці прымірылася з каралём. Грамадзянская вайна фармальна спынілася, але раскол у грамадстве застаўся надоўга.

Як грамадзянская вайна аслабіла Рэч Паспалітую і прывяла да яе падзелаў

У часы грамадзянскай вайны выбухнула Паўночная вайна, якая цягнулася два дзесяцігоддзі. Падчас вайны адбылося знешняе ўмяшанне, а беларускія землі сталі арэнай вялікай міжнароднай барацьбы. Швецыя падтрымлівала Сапегаў, бо спадзявалася праз іх узмацніць свой уплыў. Расія ж падтрымала антысапегаўскіх канфедэратаў і караля Аўгуста II, бо Пётр I бачыў у гэтым шанец замацавацца на землях Вялікага княства Літоўскага.

Шведы прымусілі шляхту абраць свайго караля Станіслава Ляшчынскага ў 1704 годзе. Прыхільнікі Аўгуста II стварылі Сандамірскую канфедэрацыю і ў саюзе з Расіяй пачалі змаганне супраць Швецыі і яе саюзнікаў.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Ад здрады да апошняга сейму: як развалілася Рэч Паспалітая

 

Беларускія чыноўнікі насамрэч — не губернатары і мэры. Вось чаму

 

Францішка Уршуля Радзівіл — першая жанчына-драматург Беларусі і заснавальніца прафесійнага беларускага тэатра


Паўночная вайна паставіла кропку ў барацьбе за самастойнасць ВКЛ. Падчас вайны Расія атрымала фактычны кантроль над большай часткай ВКЛ. Магнацкія групоўкі аслаблі, а каралеўская ўлада Аўгуста II моцна залежала ад Пятра I.

ШТО АДБЫЛОСЯ З РЫГОРАМ АГІНСКІМ І КАЗІМІРАМ САПЕГАМ ПАСЛЯ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ВАЙНЫ?
Двое лідараў супрацьлеглых груповак перажылі грамадзянскую вайну ў ВКЛ. Казімір Сапега доўгі час падчас Паўночнай вайны змагаўся супраць Аўгуста II, але ў канцы перайшоў на яго бок. Казімір Сапега памёр у Гродне ў 1920 годзе. А яго апанент, Рыгор Агінскі, таксама ваяваў у Паўночную вайну і да канца жыцця падтрымліваў сувязі з Масквой, але пражыў менш — толькі да 1709 года.

Грамадзянская вайна ў ВКЛ вельмі моцна аслабіла дзяржаву і стварыла ўмовы для будучых падзелаў. Сеймы зрываліся, а каралеўская ўлада амаль цалкам страціла аўтарытэт. Пасля Паўночнай вайны Рэч Паспалітая ўжо не магла аднавіцца, а замежныя краіны працягвалі ўмешвацца ва ўнутраныя справы дзяржавы. Зусім хутка, у 1772 годзе, адбудзецца першы падзел Рэчы Паспалітай.

Вярнуцца ўгару