Што пілі беларусы амаль паўтара стагоддзя таму, калі не было ні бутыляванай вады, ні кавамашын, ні супермаркетаў з безліччу напояў? Беларусы маглі піць талую ваду, кіслы квас і шмат гарэлкі.
PALATNO расказвае пра тое, што пілі беларусы ў XIX стагоддзі.
Вада і адкуль яе бралі
У сучаснасці мы ўсе ведаем, дзе можна ўзяць ваду: з-пад крана, купіць у бутэльцы ў краме, заказаць яе ў кафэ. А што рабілі з патрэбай папіць беларусы больш за сто гадоў таму?
Вада была асноўным напоем, а бралі яе адтуль, дзе маглі знайсці. У асноўным — з рэк і азёр. Ваду з крыніц бралі радзей, і часцей за ўсё летам, бо яна была халоднай.
Калі не было вады з рэк, азёр і крыніц, то беларусы бралі ваду з сажалак, балоцістых мясцін. Такую ваду працэджвалі, але яна ўсё роўна мела характэрны цемнаваты колер. У такой вадзе нават за сталом маглі знаходзіць жукоў ці апалонікаў. Часам збіралі дажджавую ваду, каб піць яе.
Іншая сітуацыя складвалася ўзімку, калі доступ да звычайных крыніц вады быў закрыты. Часцяком хадзілі па ваду на далёкія адлегласці, а асноўнай крыніцай зімой была вада са снегу і льду.
Любілі моцна кіслы квас
Беларусы любілі квас і часам аддавалі яму перавагу перад вадой. У даследаванні Нікіфароўскага падкрэсліваецца, што сялянам (прынамсі, на Віцебшчыне) падабаўся квас з амаль воцатавай кіслатой, каб ён мог «вочы дзерці».
Часцей за ўсё квас рабілі з хлеба: хлебныя скарынкі залівалі цёплай вадой і чакалі вызначаны час, каб напой настаяўся. Такі квас быў белага мутнаватага колеру. Калі квас рабілі на засмажаных сухарах, то ён атрымліваўся чырвонаватага колеру, і такі квас лічыўся найлепшым.
Беларусы гатавалі фруктовыя квасы, але яны былі менш распаўсюджанымі. Такія квасы рабілі з яблык і брусніц. Улетку пілі берку (бярозы сок) і клянавік (сок клёна).
Рэдка пілі кіслыя рассолы — бураковы, капусны, агурковы, — яны лічыліся лекавымі. Такія напоі пілі пасля алкаголю ці пры праблемах са страўнікам.

Святочныя піва і мёд
Напрыканцы XIX стагоддзя ў беларусаў заставалася ва ўжытку ячменнае піва. Яго рабілі і на заводах, і дома. Калі рабілі яго дома, то варкай займаліся некалькі сямей разам. Такое піва пілі выключна падчас асенніх і зімовых свят. З часам ячменнае піва амаль знікла з дамоў беларусаў.
Святочным лічылася так званае марцавае піва. Яно было цёмнага колеру, салодкае, моцна пенілася. Такое піва выраблялася на заводах і падавалася на стол толькі на святы.
Ячменнае і марцавае піва да канца XIX стагоддзя было замененае баваровым. Яно было таксама цёмнага колеру і з часам распаўсюдзілася на Віцебшчыне. З гарадоў і мястэчак сяляне прывозілі дадому танныя «мядкі». Імі часта частавалі гасцей.
Як пілі гарэлку
Найбольш папулярным алкагольным напоем была гарэлка. Нікіфароўскі заўважаў, што гарэлку пілі шмат і часта: «где и когда есть потребитель, там возможно и потребление». Гарэлку называлі па-рознаму: «водица оржиная», «оржанушка», «посница», «горкушка», «зыбярушка», «окаянница».
Часам у гарэлку дадавалі перачны настой, а часам рабілі яе салодкай.
Гарэлку пілі спачатку па дзве чаркі запар, а пры першай чарцы абавязкова хрысціліся. Нельга было адмаўляцца ад чаркі гарэлкі, нават калі чалавек не п’е. Можна было крыху адпіць ці перадаць яе іншаму: сын аддаваў бацьку, маці, а жонка — мужу.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Піва, віно і гарэлка. Як да алкаголю ставіліся продкі беларусаў?
«Гарэлка», «гарэліца», «гарэлае віно»… Моцны алкаголь у нашай гісторыі
«Дзе чарка, там і сварка». 14 беларускіх прыказак пра алкаголь

Чай і кава распаўсюджваліся павольна, а гарбату пілі часта
Чай і кава ў канцы XIX стагоддзя на тэрыторыі Віцебскай губерні былі не вельмі распаўсюджанымі напоямі. Увогуле чай і каву звычайныя людзі не моцна адрознівалі.
«Если чай заходил в дом случайно, то он состоял лишь запасным предметом, не употреблявшимся и тогда, когда “треба було грудки пупариць”», — пісаў Нікіфароўскі.
Найбольш распаўсюджанай была гарбата, то бок, напоі з траў і карэнняў. Такія напоі гатаваліся ў гаршчку, а адвар пілі цёплым ці гарачым. Звычайна гарбату пілі, калі былі праблемы са здароўем.
