Ці вызначалі калі-небудзь па брэху сабакі ці па колькасці дроў будучае вяселле? А па ўзросту авечак варажылі на маладога і старога жаніха? Так рабілі беларускія дзяўчаты стагоддзямі запар.
PALATNO расказвае, як варажылі беларускія дзяўчаты на Калядах.
Змест
Як высветліць свой лёс з дапамогай плоту, абутку і саломінак
Часцей за ўсё, варажбой на Каляды займаліся дзяўчаты. Гэты занятак доўжыўся на працягу ўсіх Калядаў, але найбольш рабілі варажбу бліжэй да Вадохрышча. Галоўнымі мэтамі варажбы былі вызначэнне будучага лёсу і жыцця ў шлюбе.
Варажба адбывалася ў незвычайнай і таямнічай атмасферы. Суправаджалася ўсё такімі ж незвычайнымі дзеяннямі — усё для таго, каб забяспечыць поспех варажбы.
Варажба на шлюб адбывалася так: напрыклад, ставілі пасярод хаты дзяжу (пасудзіна для заквашвання цеста), а дзяўчаты па чарзе ішлі да яе — ішлі спінай да дзяжы. Калі дзяўчына садзілася на дзяжу, то менавіта гэта прадказвала будучае вяселле.
А калі хацелі даведацца, ці будзе ў будучым годзе ў дзяўчыны хлопец, то трэба было на двары ўзяць паленні, не лічачы іх. Ужо ў хаце іх колькасць лічылі: калі была цотная колькасць, то ў новым годзе дзяўчыну, як верылі нашы продкі, павінна чакаць сватоў і магчымага вяселля.
Яшчэ адной варыяцыяй варажбы на шлюб з’яўлялася такая: трэба было рукамі абхапіць плот (таксама забаранялася лічыць), а пасля падлічыць і высветліць цотнасць. І тут, як у папярэдняй варажбе, калі была цотная колькасць — трэба чакаць вяселля.
Была такая варажба: дзяўчаты выцягвалі зубамі саломінкі з новай страхі, а пасля параўноўвалі іх. Чыя саломінка была больш доўгая, той дзяўчыне прадказвалі, што яна хутчэй за астатніх пабярэцца шлюбам.
Для варажбы выкарыстоўвалі абутак. З нагі здымаўся абутак — у тыя часы, гэта былі чаравікі ці нават лапці. Іх кідалі праз плот на дарогу і глядзелі, у які бок паказвае насок абутку. Так вызначалі, адкуль прыедуць сваты.

Як у варажбе дапамагалі жывёлы
У варажбе дзяўчаты звярталіся да дапамогі жывёл. У гэтай справе варажбіткам дапамагалі курыцы, сабакі і нават коні.
У адной варажбе дзяўчаты ўвечары збіраліся разам у хаце, клалі на парозе свае пярсцёнкі, потым прыносілі да хаты курыцу ці пеўня. Чый пярсцёнак птушка першай клюне, тая дзяўчына выйдзе ў наступным годзе замуж. Курыца дапамагала яшчэ ў адной варажбе, калі птушку ставілі яе на стол, а папярэдне раскладвалі на ім розныя прадметы — што курыца клюне першым, такі лёс будзе ў дзяўчыны: вуголле — грошы, крэйду — шмат адзення, хлеб — ежа будзе на стале, а калі соль — будзе горкая доля.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Бог, маці, тры дзяўчыны з вянкамі. Як беларусы верылі ў долю
Пры варажбе выкарыстоўвалі нават авечак. Іх лавілі ноччу ў хляве: ад полу і ўзросту залежала будучыня дзяўчыны. Напрыклад, калі лавілі барана, то лічылася, што варажбітка абавязкова выйдзе замуж. А калі траплялася менавіта авечка, то вяселля не будзе. Старая авечка лічылася знакам таго, што муж будзе ці стары, ці ўдавец.
Варажылі і з дапамогай коней. Спачатку каню завязвалі вочы хусткай, на яго садзілася дзяўчына і выязджала за плот, пры гэтым не кіруючы ўласна канём. Куды конь зверне — адтуль прыйдуць сваты.
Найбольш папулярнай жывёлай для варажбы былі сабакі. Сабака лічыўся не толькі здольнай прадказаць лёс, але надзейнай засцярогай ад нячыстай сілы.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Па абліччы апостал, па зубах сабака». Беларускія прыказкі і прымаўкі пра надзейнага сябра чалавека
Так, дзяўчаты-варажбіткі пеклі булачкі з рэшткаў цеста, клалі на ганку, а затым прыводзілі сабаку і назіралі, чыю першую булачку ён з’есць. Такім чынам таксама прадказвалі будучае вяселле.
Часам дзяўчаты выходзілі ў калядную ноч слухаць сабачы брэх на ростані, якія лічылі небяспечным месцам, звязаным з дзейнасцю нячыстай сілы. Лічылася, што гэта нават не варажба, а сапраўднае вядзьмарства. На ростані звярталі ўвагу не толькі на тое, з якога боку чуваць сабачы брэх, а якім ён увогуле быў на слых. Калі брэх задзірысты і звонкі, то жаніх будзе малады. Калі брэх глухі і грубы, то шлюбам дзяўчына пабярэцца са старым.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Не падымай з зямлі!». Як беларусы бачылі дарогу і чаму баяліся ростаняў?

Словы, сны і ежа на Каляды
Лічылася, што словы, якія пачулі варажбіткі, маюць асаблівы сэнс, а пачутае павінна абавязкова збывацца.
Імя суджанага даведваліся так: дзяўчына таемна брала першы спечаны блін, ішла да вокнаў суседзяў, клала гэты блін сабе на галаву і слухала гутаркі сваіх суседзяў.
Сны гралі вялікую ролю ў варажбе. З іх дапамогай дзяўчаты шукалі адказы на больш дакладныя пытанні, а не толькі, ці будзе ў яе ў наступным годзе вяселле. Так яны даведваліся пра знешнасць, характар, прафесію свайго меркаванага жаніха.
Напрыклад, у адзін са святочных вечароў дзяўчына спецыяльна ела салёную ежу ці піла шклянку салёнай вады, а перад сном загадвала сабе чалавека, каб той яе напаіў: хто напоіць вадой — той стане яе жаніхом.
Часам варажылі з дапамогай ежы. Так, рэшткі ежы клалі пад падушку і запрашалі перад сном прыйсці жаніха на вячэру. Хто прыйдзе ў сне паесці, то і будзе жаніхом.
А як жа люстэрка (а яшчэ воск і вада)?
Распаўсюджанай з’яўлялася варажба з дапамогай люстэрка. Адна з варожбаў з люстэркам адбывалася апоўначы і звычайна ў лазні. Там на стале ставілі люстэрка, а перад ім — свечку. Насупраць люстэрка ставілі яшчэ адно, але меншае. Дзяўчына ўглядалася ў люстэрка і спрабавала так убачыць свайго жаніха.
Яшчэ варажылі з дапамогай воску, які лілі ў халодную ваду. Па фігуры на вадзе меркавалі пра тое, якім будзе жаніх.
Розная варажба магла дапамагчы варажбіткам вызначыць характар будучага жаніха. Так, у калодзеж ці рэчку кідалі камень: калі падаў ціха — муж будзе ціхі і добры, калі з шумам — згоды ў сям’і не чакаецца. З заплюшчанымі вачамі ў двары бралі палена і прыносілі ў хату: калі палена з гладкай карой — будзе прыгожы і малады жаніх, з тоўстай карой — багаты, без кары — будзе бедны жаніх, крывое палена — стары ці з фізічнымі асаблівасцямі.
