Пераходзім на беларускую мову: чым замяніць мацюкі, крылатыя выразы і для чаго патрэбна лацінка

беларуская мова, як вучыць беларускую мову, як перайсці на беларускую мову

Для дзяцей і дарослых — як проста і хутка перайсці на беларускую мову, чым замяніць крылатыя выразы і словы кахання, што слухаць і што глядзець, каб выйсці з рускамоўнай прасторы.

PALATNO расказвае, як лёгка перайсці на беларускую мову.

Што слухаць

Якую музыку слухаць па-беларуску акрамя рока? Рок заўсёды быў часткай беларускай музычнай культуры, але не рокам адзіным… Беларускія выканаўцы робяць соул, джаз і шмат чаго іншага.

Многа выканаўцаў (і не самых вядомых) — у нашай падборцы. Гэта наша першая падборка беларускай музыкі.

Як перакласці «баш на баш» і «убить время»

Калі вы пяройдзеце на беларускую мову, вам давядзецца прызвычаіцца да новых крылатых выразаў. Спачатку будзе складана, але пакрысе яны стануць часткай вас, як былі гарманічнай часткай мовы нашых продкаў.

Як перакладаць самыя звычайныя і незвычайныя фразеалагізмы з рускай мовы на беларускую — расказваем вось тут.

Секс па-беларуску

Мова кахання — адна з самых галоўных у свеце: на ёй можна размаўляць нават без ведання мовы партнёра. Але з беларусамі проста неабходна гаварыць на мове кахання па-беларуску. Як назваць каханага чалавека? Як любіць адно аднаго (адзін аднаго, адна адну) па-беларуску? А як займацца сексам па-беларуску?

Пра гэта і пра тое, як называць інтымныя часткі цела, — гутарым тут.

Мацюкі і кляцьбоны па-беларуску

Паслаць кагосьці і кудысьці па-беларуску — сапраўдная навука, вядомая толькі беларусу. Але для беларускай мовы мацюкі і кляцьбоны — такая ж норма, як для любой іншай. Нашы продкі вельмі творча пагражалі, лаяліся і пракліналі.

Як паслаць на тры літары, хто такі біндзюгайла і лярва, што значыць «забіць зяпу» — пра ўсё гэта расказваем у нашай падборцы.

Як правільна пісаць па-беларуску

Як змагацца з «грамар-нацы» на зразумелай для іх мове? Як не нарабіць памылак у самых простых словах? Дзе ставіць мяккі знак, а дзе апостраф? На гэтыя пытанні ёсць адказы, і не толькі ў слоўніках з жоўтымі старонкамі на паліцах бібліятэк, а ўжо і ў інтэрнэце.

Вось тут можна праверыць, як правільна пісаць па-беларуску.

А яшчэ некалькі месяцаў таму аматары стварылі беларускі Urban Dictionary — маладзёжны слэнг, які можа быць незразумелы вам, але тут пра яго ўсё патлумачаць.

Фемінітывы па-беларуску — гэта норма

За апошнія гады можна было пачуць тысячу і адну спрэчку пра выкарыстанне фемінітываў, але ў беларускай мове яны заўсёды былі нормай. З часам яны пачалі знікаць з ужытку, хоць і былі натуральнай з’явай. Чаму так адбылося, як яны ўтвараліся і як знікалі?

Спецыяльна для гэтага мы пагутарылі з сацыялінгвістам і этнолагам Уладзіславам Гарбацкім — пра гісторыю фемінізацыі беларускай мовы, фемінітывы ў ёй і пра тое, чаму гэта важна.

Не забывайцеся на беларускую лацінку

Апошнім часам «неабыякавыя грамадзяне» і дзяржава пачалі змагацца з беларускай лацінкай. Яны сцвярджаюць, што гэта нібыта «чужое». А ці чужое? Ці патрэбнае? Калі так — то для чаго?

Дарэчы, тэкст пра беларускую лацінку вы можаце прачытаць беларускай лацінкай.

Загадкі

Гэта можа выглядаць смешным, але вы ведаеце, як загадаць загадку па-беларуску? Ці адгадаць яе? А гэта частка нашай культуры. Беларусы мусяць гэты ведаць — расказваем, як не памыліцца з загадкамі і якія загадваць.

Лепшыя і не самыя складаныя з іх для пачаткоўцаў вы знойдзеце па гэтай спасылцы.

Добра, а што глядзець?

Можа падацца, што па-беларуску няма чаго глядзець. У рускамоўным сегменце YouTube ёсць ролікі пра спорт, відэагульні і нават пра сэкс, а што ў беларусаў? Беларусы ўжо доўгія гады ствараюць разнастайны кантэнт: навукова-папулярны (пра чорныя дзіры і хімію), музычны, літаратурны. Таксама можна знайсці мульцікі, фільмы і шмат чаго іншага па-беларуску.

Беларускі TikTok

TikTok няспынна захоплівае мільёны і мільёны новых карыстальнікаў: па апошніх апытаннях, у TikTok сядзіць і вялікая колькасць беларусаў. Але і там можна падчапіць шмат беларускамоўнага кантэнту. Папулярызацыя беларускай літаратуры, камічныя ролікі і — усё гэта можна знайсці тут.

Хочаце гатаваць беларускую ежу разам з беларускамоўнымі блогерамі — вам сюды. У нашай падборцы не ўсе блогеры размаўляюць па-беларуску, але ні адзін беларус не можа размаўляюць на чысцюткай рускай мове — таму трасянку вы пачуеце шмат разоў. Але кажуць, што трасянка — гэта крок да беларушчыны.

Беларускі YouTube

Самым вялікім пастаўшчыком беларускамоўнага кантэнту для вас стане YouTube. Вы можаце глядзець відэаролікі раніцай падчас сняданку, па дарозе на працу ці вучобу, падчас абедзеннага перапынку і вечарам пасля працы ці вучобы.

Інтэрв’ю з беларусамі пра ідэнтычнасць і іх працу, «лямпавае» шоу Мелказёрава ва ўтульным пакоі, цікавосткі з вайсковай гісторыі Беларусі і літаратурныя нататкі Хадановіча — усё гэта можна знайсці тут. А што наконт шоу, дзе беларусы спрабуюць здагадацца, што азначаюць тыя ці іншыя беларускія словы? А вы бачылі анімэ па-беларуску ці «лэтсплэі»? А палітычная праграма і ролікі пра беларускія нацыянальныя строі? Падрабязнасці пра ўсё гэта можна знайсці па гэтай спасылцы.

І самае важнае — дзеці. Для беларускіх дзяцей стварылі дзясяткі, нават сотні, шоу і праграм, якія можна знайсці на беларускіх каналах на YouTube.

Зусім нядаўна з’явіліся два новыя праекты — «За келіхам» і «Калякі-малякі». У відэапраекце «За келіхам» тры сяброўкі размаўляюць пра стасункі, каханне і сэкс — на канале выйшаў толькі адзін выпуск, але абяцаецца працяг, якога мы ўсе вельмі чакаем. У «Каляках-маляках» мастак Яраслаў Кірвель гутарыць з гасцямі і адначасова малюе іх партрэты: госцем у першым выпуску быў журналіст Мікіта Мелказёраў.

Падкасты пра гарады, гісторыю і крымінал

PALATNO стварае не толькі артыкулы па-беларуску пра Беларусь для беларусаў, а яшчэ і шэраг падкастаў — пра нашы мясціны, гісторыю і культуру, у тым ліку пра цёмны бок гісторыі Беларусі.

«Гарады». Хочаце паглядзець на свой родны горад вачыма іншага чалавека? Вачыма свайго сябра ці суседа? Гэты падкаст для вас — пра тое, як любіць самы маленькі і самы дарагі горад, як яго змяніць да лепшага і чаму туды заўсёды трэба вяртацца.

«Гістфак». У падкасце вядоўцы Дарка Палынская і Алесь Кіркевіч расказваюць цікавосткі з беларускай гісторыі: ад гісторыі гарэлкі да таго, як выглядаў партызанскі рух у Беларусі падчас Другой сусветнай вайны. Чым і чаму беларусы адрозніваюцца ад рускіх? Якія забабоны былі ў нашых продкаў?

«Галаваломка». У гэтым падкасце расказваюцца самыя жорсткія, а часам і містычныя, падзеі ў беларускай гісторыі: ён зроблены ў жанры тру-крайм, таму тут можна пачуць і пра самага першага беларускага маньяка Міхасевіча, і пра найбуйнейшыя авіякатастрофы, і пра знікненне апанентаў Лукашэнкі ў 1990-х.

Ёсць яшчэ дзясяткі падкастаў па-беларуску

Пашыраць свае веды пра сусвет і рабіць гэта па-беларуску дапамогуць не толькі падкасты ад PALATNO, але і ад іншых крыэйтараў. Вось тут вы знойдзеце дзясятку цікавых беларускамоўных падкастаў, а тут — топчык беларускіх (але, на жаль, не ўсе яны на беларускай мове) падкастаў пра адносіны.

Некалькі крокаў, каб зрабіць пераход на беларускую правільным

Калі вы дачыталі дасюль, то ў нас ёсць галоўная парада: калі вы хочаце размаўляць па-беларуску — пачніце рабіць гэта зараз. Спярша зразумейце, якая ў вас матывацыя, пасля чытайце і слухайце ўсё, што можаце, па-беларуску, усталюйце беларускую мову на вашы прылады і… размаўляйце!

Вярнуцца ўгару